Общество

Жонка праваабаронцы Судаленкі, якому сёння 55: «Чакаем, калі гэты кашмар закончыцца»

248 дзён знаходзіцца за кратамі вядомы праваабаронца Леанід Судаленка. Свой дзень нараджэньня ён сустракае на судовым паседжаньні. Дапамогу людзям — юрыдычную, фінансавую — улады трактавалі як «арганізацыю і фінансаваньне беспарадкаў». Радыё Свабода паразмаўляла з яго жонкай Аксанай.

Фото baj.by

Суд над Леанідам Судаленкам і ягонымі памочніцамі, валянтэркамі Тацьцянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай, распачаўся 3 верасьня. Суд закрыты. Судзьдзя Сяргей Салоўскі патлумачыў, што закрылі працэс «у мэтах бясьпекі сьведак» і каб не раскрыць банкаўскую тайну.

Леанід Судаленка ў гомельскай турме з 18 студзеня. За гэты час ён толькі адзін раз, у жніўні, дабіўся спатканьня з жонкай і дзецьмі. У сям’і Судаленкаў — чацьвёра сыноў. Трое дарослых і малодшы, 11-гадовы Мікіта.

— Напярэдадні мы паслалі Леаніду пасылку ў турму. Усё, што ён любіць. У тым ліку тое, што яму не на карысьць, але я знайшла зь мінімальным узроўнем цукру — халву, зэфір, цукеркі, пячэньне. Але і суседзяў жа варта пачаставаць, ён жа не адзін. Я намагалася трапіць у гэты дзень, ягоны 55-ы дзень нараджэньня, на спатканьне.

Напісала заяву ў суд. Але адказу так і не было. Хоць я спадзявалася і спадзяюся і цяпер — а раптам? Тады я моцна зьдзіўлюся і буду верыць у чалавечнасьць. Так, відаць, ён сустрэне свой дзень нараджэньня на судзе, у атачэньні судзьдзі, пракурора і абаронцы, — больш нікога не пускаюць, — расказала жонка Аксана.

Судовыя паседжаньні расьпісаныя да 24 верасьня. Але Леанід Судаленка напісаў з турмы, што наўрад ці справу разгледзяць за гэты тэрмін. Будзе працяг і ў кастрычніку, бо пакуль суд разгледзеў недзе 1/3 ад справы — а гэта 79 тамоў.

— Мікіта, малодшы, сумуе па тату. Ён быў у нас галоўны, адказны за мужчынскія справы. Мікіта зь ім раіўся, дзяліўся ўсім. Цяпер ён піша лісты тату, дзе апісвае свае прыгоды, што робіцца ў школе, піша пра сяброў і дзяўчат, просіць парады. Тата яму піша, але гэта зусім ня тое, калі яны сядзелі дома за сталом і раіліся, — зазначае Аксана.

Яна кажа, што сваякі не засталіся ў баку, калі затрымалі Леаніда Судаленку:

— Мы заўсёды разам, побач, усе — сёстры, браты. Усе пішуць лісты, дапамагаюць. Мы любім ехаць да бацькоў і сабрацца па максымуме — каб усе былі, вялікая, дружная сям’я. Мы адзін за адным, мы ўсе — адзінае цэлае. І калі такая бяда ў нас здарылася — мы ўсе разам. Мы чакаем усе, калі закончыцца гэты кашмар, і мы ўсе разам зноў зьбяромся. Забудзем усё гэта, як страшны сон, гэты 2021 год — я проста хачу яго перакрэсьліць.

Жонка праваабаронцы турбуецца за здароўе мужа. Ён ніколі ня скардзіўся на здароўе, але жонка ведае пра ягоныя праблемы з ціскам, узроўнем цукру, зрокам:

— У яго ў СІЗА праз праблемы са здароўем пасьцельны рэжым. Але я ведаю, што ён прыходзіць з судовых паседжаньняў і проста падае на ложак — бо вельмі стамляецца ў судзе. Ён і як дома быў, працаваў на знос: ён працаголік, усяго сабе пасьвячаў працы, асабліва дапамозе людзям — парадай, грашамі, ён нікому не адмаўляў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)