Общество

Алеся Салаўёва

Жонка палітзняволенага журналіста: «Дзяніс разумеў небяспеку і свядома застаўся на радзіме»

Вольга Івашына распавядае пра мужа, вядомага дзякуючы сваім раследаванням пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і пра былых украінскіх беркутаўцаў, якія перайшлі ў беларускі АМАП.

Вольга і Дзяніс Івашыны. Усе фота з асабістага архіву

Вольга не бачыла мужа дзевяць месяцаў, апошнія тры — не атрымлівае ад яго лістоў. Дзяніс Івашын затрыманы супрацоўнікамі КДБ 12 сакавіка.

Яму прад’явілі абвінавачванне ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў. Пазней дадаўся артыкул — «здрада дзяржаве». Дзянісу пагражае да 15 гадоў зняволення. Зараз журналіст знаходзіцца ў турме № 1 Гродна.

Нядаўна Дзяніс Івашын стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі Праваабарончай супольнасці Беларусі за абарону і прасоўванне правоў чалавека ў намінацыі «Журналіст года».

Мама Дзяніса не раз казала сыну, каб ён з’язджаў. Ці былі ў вас размовы на гэтыя тэмы?

— Мы маем адзін погляд: са сваёй зямлі мы нікуды добраахвотна не паедзем. Хай уцякаюць усе нашыя ворагі. Пытання такога не стаяла. Былі размовы, што калі пачнуць пагражаць ці недвухсэнсоўна намякаць, падумаем, куды звярнуцца па дапамогу.

Дзяніс разумеў небяспеку і свядома застаўся на радзіме. Яму прапаноўвалі пісаць пад псеўданімам, муж адмовіўся.

Калі затрымлівалі Дзяніса, Вольгі не было побач:

— Я паехала ў царкву на службу. У 17.20 я выйшла з хаты, а ў 17.40 ён выйшаў, хацеў паехаць да бабулі, зайшоў у аптэку побач з домам, набыў лекі, збіраўся ў краму па прадукты. І яго затрымалі.

Па вяртанні з царквы Вольгу сустрэлі сілавікі, у кватэры правялі ператрус:

— Мы ведалі, што гэта можа стацца, але той момант быў шакавальны.

Ператрусы адбыліся таксама дома ў маці Дзяніса і ў яго 95-гадовай бабулі.

— Дзяніс даўно быў косткай у горле ўладаў, на яго даўно тачылі зуб, апошняй кропляй сталі артыкулы пра беркутаўцаў, якія цяпер працуюць у АМАПе, — кажа «Салiдарнасцi» Вольга. — Напэўна, спалохаліся чацвёртай часткі, якая так і не выйшла.

…Гэтыя людзі жывуць у паралельнай рэчаіснасці. Яны самі сабе выдумалі нешта, у гэта паверылі і цяпер спрабуюць упэўніць увесь свет, што гэтая рэчаіснасць існуе насамрэч. Адпаведна прымаюць рашэнні згодна з тым, у што вераць.

Паколькі цяпер адбываеццца гібрыдная акупацыя, а асноўнай тэмай расследаванняў Дзяніса была нацыянальная бяспека, разумею, што ён перашкаджаў уладам, бо ніхто больш такімі расследаваннямі не займаўся ў Беларусі.

Вольга пазнаёмілася з будучым мужам у 2014 годзе. Пасля акупацыі Крыма дзяўчына вырашыла падтрымаць украінцаў.

— Друкавала ўлёткі ў вершаванай форме і клала іх на лабавое шкло аўтамабіляў, на якіх бачыла расійскія сцяжкі. І вось аднойчы ў цэнтры горада паклала ўлётку, і мяне аклікнуў чалавек, які жыў у доме побач. Вырашыла пайсці бліжэй да цэнтра з двароў, но ўсё-ткі ён мяне дагнаў, выклікаў міліцыю.

Мяне завезлі ў апорны пункт. Пасля дома ў інтэрнаце, дзе я тады жыла, правялі агляд, забралі ўсю тэхніку, у тым ліку суседкі па пакоі.

Пра маё затрыманне напісалі ўкраінскія і расійскія выданні. Дзяніс прачытаў і знайшоў мяне ў Фэйсбуку, дамовіліся сустрэцца на курсах «Мова нанова».

Вольга прыгадала, што ўжо бачыла Дзяніса на дыктоўцы да Дня роднай мовы.

— Ён прыехаў з Майдану і паказваў знаёмым трафей, які адтуль прывёз, —  гумовую кулю. Звярнула на яго ўвагу: прывабны, цікавы хлопец.

Дзяніс падтрымаў Вольгу — прыходзіў на суды. Праз год пасля гэтай гісторыі дзяўчына страціла працу эканаміста ва ўпраўленні спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама.

— Так атрымалася, таму што незадоўга да майго затрымання мне працягнулі кантракт на год.

Праз пяць год пасля знаёмства Дзяніс зрабіў Вользе прапанову.

— Гэта адбылося ў Вільні, на гары Трох крыжоў. Мы прыехалі на сустрэчу з Папам Рымскім, пайшлі гуляць па горадзе. Дзяніс прывёў мяне на гару, распавёў пра гісторыю гэтага месца. Памятаю, паварочваюся — Дзяніс стаіць на калене і дастае пярсцёнак...

Вяселле згулялі праз год, у ліпені 2019-га, на лецішчы: жаніх і нявеста былі ў нацыянальных строях.

Вольга кажа, што ў яе з мужам містычная сувязь: яны ўгадваюць жаданні і думкі адно аднаго.

— Нас шмат аб’ядноўвае. Мы глядзім у адзін бок, у нас палітычныя погляды аднолькавыя, і ў прынцыпе жыццёвая філасофія вельмі падобная. Мяне захапляе ў мужы ахвярнасць і адданасць працы. У любой справе, якую абярэ, ідзе да канца і дабіваецца таго, што хоча.

Дзяніс цудоўны муж, дапамагае мне ва ўсім. Неяк папрасіў навучыць яго  гатаваць, каб мне было менш працы.

Самае цяжкае выпрабаванне для Вольгі — расстанне і адсутнасць магчымасці нават ліставацца з любым:

— Cпатканняў не дазваляюць. Калі памерла бабуля Дзяніса, за некалькі дзён нам сказалі, што яго прывязуць на могілкі, каб развітацца. Маўляў, мы таксама людзі. У выніку на пахаванне не адпусцілі.

Вольга не будуе ілюзій, якім будзе жыццё іх сям’і:

— Мяне падмацоўвае каханне і адчуванне, што за намі праўда. Адно ведаю — мы з мужам будзем разам, што б ні адбылося.