Общество

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» ліквідавалі

Арганізацыя дзейнічала з 1990 года. На яе з’ездзе быў і Макей.

У Вярхоўным судзе 24 верасня было абвешчана рашэнне наконт Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Арганізацыю ліквідавалі.

Таксама стала вядома, што Вярхоўны суд пакінуў у сіле пісьмовае папярэджанне, вынесенае Мінюстам на адрас Саюза беларускіх пісьменнікаў, паведамляе Радыё Свабода.

Вынясенне папярэджання было матывавана тым, што Саюз не падаў своечасова запатрабаваных дакументаў. Той факт, што ліст з гэтым патрабаваннем прыйшоў у офіс у дзень здачы папер, а на наступны дзень офіс СБП быў апячатаны Следчым камітэтам, не быў прыняты да ўвагі Вярхоўным судом.

***

Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» было створанае ў 1990 годзе на хвалі нацыянальнага адраджэння і дзейнічае 30 гадоў для кансалідацыі беларусаў у краіне і ў свеце, нагадвае Наша Ніва.

«Бацькаўшчына» ладзіла мерапрыемствы і акцыі, скіраваныя на ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, выступала ў абарону правоў і інтарэсаў беларусаў замежжа.

Менавіта дзякуючы Згуртаванню ў 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа», а З’езды беларусаў свету, што праводзіліся раз на чатыры гады, сталі сапраўднай агульнанацыянальнай платформай для абмеркавання актуальных для Беларусі і яе замежжа пытанняў і праблем.

На З'ездзе беларусаў свету ў 2017 годзе прысутнічаў Уладзімір Макей

14 ліпеня на офісе Згуртавання адбыўся ператрус. У выніку дзверы былі апячатаны, рахунак заблакаваны.

Ад Міністэрства юстыцыі Згуртаванне за гэты час атрымала два папярэджанні: першае за тое, што на сайце арганізацыі адсутнічае фінансавая справаздача за 2020 год, хаця закон дазваляе гэтую інфармацыю альбо размяшчаць на сайце арганізацыі, альбо дасылаць у Мінюст. Міністэрству справаздача была прадстаўленая ў адпаведнасці з заканадаўствам 28 лютага, і за ўвесь час ніякіх заўваг гэтая акалічнасць не выклікала.

15 ліпеня было накіраваны новы дакумент з шэрагам заўваг, якія трэба было выправіць да 22 ліпеня.

Сярод іншага, Згуртаванню ставілася ў віну розніца паміж юрыдычным адрасам і адрасам для наведвання, пазначаным на сайце. Таксама Міністэрства знайшло парушэнне ў тым, што «Бацькаўшчына» не прадставіла асабістыя даныя сяброў арганізацыі.

Такім чынам два пісьмовыя папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі і далі магчымасць ліквідаваць арганізацыю цягам году.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.2(18)