Общество
Радыё Свабода

Залог доўгага жыцьця — штотыднёвая лазьня

Старажытныя грэкі цьвердзілі, што памерці ў 70 гадоў — тое самае, што ў калысцы. Сучасная ж сусьветная статыстыка канстатуе, што толькі адзін зь 10-ці тысячаў чалавек дажывае да ста гадоў. У гарпасёлку Радунь, што ў Воранаўскім раёне Гарадзеншчыны жыве 103-гадовы спадар Сымановіч. Зь ім сустрэўся карэспандэнт Свабоды.

Дзядзька Ян — Іван Іванавіч Сымановіч — бадзёра для свайго ўзросту выйшаў на ганак. Яго ў Радуні ведае кожны. І бачыць — кожную суботу, калі ён упэўнена клыпае ў лазьню. Што й адразу мне пацьвердзіў.

(Сымановіч: ) “Так, хаджу. Кожную суботу. Іду хворы, выходжу здаровым, як папаруся…”

У Радуні звыш дзевяноста адсоткаў насельніцтва лічаць сябе палякамі. Спадар Сымановіч штотыдзень жа спраўна ходзіць у касьцёл. Выступае, як тут кажуць, за “сапраўдную пальшчызну”, якая асацыюецца з прыхільнікамі Анжалікі Борыс — іх у тутэйшай філіі Саюзу палякаў каля дзьвюх трацінаў. Але, даведаўшыся адкуль я, мой суразмоўца тут жа сказаў:

(Сымановіч: ) “Я па-беларуску магу гаварыць”.

Спытваю пра самыя моцныя эмацыйныя ўражаньні цягам стогадовага жыцьця. Дзядзька Ян узгадвае вайсковую службу і рапартуе.

(Сымановіч: ) “Я служыў у Вільні — першы полк, першы батальён, першы ўзвод, першай дывізіі арміі Пілсудскего. У 39-ым годзе мяне забралі на польска-нямецкую вайну. Потым Сталін і Гітлер зрабілі дамову на межах на 10 гадоў. А ў 10-ці км ад Радуні зрабілі савецкі аэрадром, я там працаваў. Прыляцеў лятак з расейскімі афіцэрамі: мы, маўляў, зь Гітлерам яшчэ крапчэйшую дамову зробім. Гэта быў адзін чацьвер, а ў другі чацьвер таксама нейкія афіцэры панаехалі. Пахадзілі-пафатаграфавалі. Шах — падняліся. А было 1000 зэкаў — працавалі на аэрадроме, я быў ахоўнікам тады. І ў нядзелю ў тры гадзіны — бум, бум, кажуць свастыка на крылах! І гранаты па ўсёй тэрыторыі. І пачалася вайна… У 44-ым мяне забралі на вайну восеньню, а тут і 9 мая. Будаўніком працаваў — будаваў першую Радунскую школу”.

Спадар Сымановіч жыве разам зь дзецьмі, ад якіх, як ён кажа, мае добры догляд.Зрэшты, і прыжывальнікам сябе не адчувае.

(Карэспандэнт: ) “Пэнсія колькі зараз у вас?”

(Сымановіч: ) “290 тысяч. І ад Польшчы даляраў 150 раз на квартал, бо ваяваў да 39-га года”.

(Карэспандэнт: ) “Дык як дажыць да 103-ох гадоў удалося?”

(Сымановіч: ) “Нармальна, жаніўся і жаніўся…”

(Карэспандэнт: ) “Гарэлку пілі?”

(Сымановіч: ) “Канечне! І нічога, хоць праз сваё жыцьцё шмат выпіў — нашая цэлая арганізацыя піла. Будаўнікі, ведаеце, без гарэлкі не бываюць…”

(Карэспандэнт: ) “А елі што адмысловае?”

(Сымановіч: ) “Усё самі гатавалі — дзесьці сала, масла, кілбасы. Супу мала елі. Проста радунцы моцныя людзі. Радунь я люблю…”

(Карэспандэнт ) “Лёгкай пары і лёгкіх гадоў вам!”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)