Бізнэсовец знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і ЗША. З гэтай прычыны ён, імаверна, і афармляе новыя актывы на давераных людзей.
Зайцаў і шакаладная фабрыка
Бюро высветліла, якая яшчэ фірма знаходзіцца пад кантролем «кашалька» Лукашэнкі.
Асаблівая эканамічная зона «Брэміна-Орша» папоўнілася двума новымі рэзідэнтамі: ТАА «Сцісхо» і ТАА «Ардзіта». Гэта адбылося ў снежні 2022 года.
«Брэміна-Орша» – гэта праект кампаніі «Брэміна груп», якую заснавалі тры найвядомейшыя беларускія бізнэсоўцы: Аляксандр Зайцаў, Аляксей Алексін і Мікалай Варабей – іх называюць «кашалькамі» Лукашэнкі.
У народзе гэтую асаблівую эканамічную зону празвалі «аршанскім афшорам», бо Аляксандр Лукашэнка сваім указам адарыў яе шырокімі льготамі. Журналісты-расследавальнікі не аднойчы фіксавалі, што праз гэты лагістычны хаб у пасёлку Балбасава ішла кантрабанда кветак, тканін і прадуктаў харчавання з Еўропы ў Расію.
Кампанія «Сцісхо» – даволі стары і вядомы актыў Аляксандра Зайцава. Цяпер яна займаецца аптовым гандлем мяса і мясных прадуктаў і рэалізуе ў «Брэміна-Оршы» інвестпраект па стварэнні сучаснага комплексу па перапрацоўцы мяса і мясной прадукцыі.
На сёння дырэктарам «Сцісхо» пазначаны Андрэй Чырко. Гэта былы ваеннаслужачы воінскай часткі 08188 Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку (ААЦ), які ў свой час быў дырэктарам звязанай з Зайцавым кампаніі «Сохра».
Другая кампанія – «Ардзіта», плануе заняцца вытворчасцю кандытарскіх вырабаў пад брэндам ZALEEPIE. «Бюро» высветліла, што гэты таварны знак належыць Аляксандру Зайцаву асабіста.
Журналісты таксама знайшлі і іншыя пацвярджэнні, што гэтая фірма знаходзіцца менавіта пад кантролем «кашалька» Лукашэнкі. Уласніцай і дырэктаркай «Ардзіты» значыцца Таццяна Кухарава. Раней яна была ўладальніцай зайцаўскай фірмы «Касмічнае агенцтва Белкосмас» і кіраўніцай кампаніі «Рух спорт менеджмент» у той час, калі ёй асабіста валодаў Аляксандр Зайцаў.
На чэрвень 2024 года кандытарская фабрыка ўсё яшчэ знаходзілася ў працэсе будаўніцтва, аднак у верасні ўжо апублікавала вакансіі бухгалтара-эканаміста і наладчыка абсталявання ў вытворчасці харчовай прадукцыі.
Таксама ў брэнда з’явіўся свой сайт. Ён пакуль знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі і працуе толькі на прыём камерцыйных прапаноў. У якасці паштовага адрасу пазначаны: г. Мінск, вул. Гвардзейская, 10. Па тым жа адрасе раней была зарэгістраваная кампанія Зайцава «Рух спорт менеджмент».
Зайшоўшы на вэб-старонку «Ардзіты», журналісты «Бюро» заўважылі, што наведвальнікаў на сайце суправаджае мультыплікаваны зайчык.
Аляксандр Зайцаў не адказаў на «Бюро». Журналісты накіравалі яму запыт, але не атрымалі адказ.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное