Атрымаўся такі шматслоўны эўфемізм словаў «ніколі пры гэтай уладзе».
«Загадка, што да гэтага часу ў Мінску няма ніводнага помніка, прысвечанага перыяду Полацкага княства»
Гісторык — пра тое, каму пастаўлена больш за ўсё помнікаў у Беларусі і аб чым гэта сведчыць.
Год таму каля расейскага пасольства ў Мінску ўрачыста адкрылі помнік Аляксандру Неўскаму, на Кастрычніцкай плошчы збіраюцца ўсталяваць цэлы мемарыяльны комплекс «Беларусь адзіная», а на месцы былога парку забаў Dreamland, які гэтымі днямі пачалі ўжо дэмантаваць, неўзабаве з’явіцца цэлы Парк народнага адзінства з новым музеем.
Між тым помніка, напрыклад, народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву ў сталіцы дагэтуль няма: невялікая скульптура захоўваецца ў музеі гісторыі беларускай літаратуры, ды ўвосень 2020-га, нейкім цудам, на доме, дзе шмат год жыў пісьменнік, з’явілася мемарыяльная дошка ў яго гонар. Дый тое не за грошы беларускай дзяржавы, а дзякуючы Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі і дабрачыннаму фонду Марыі Магдалены Радзівіл.
Наогул адзіны ну ўсю краіну помнік Быкаву ёсць толькі ва Ушачах, на малой радзіме Быкава — сродкі на яго беларусы сабралі праз краўдфандынг. Калі ж сёлета з падобнай ініцыятывай выступілі жыхары Гародні, мясцовыя ўлады адказалі, што яны тут не пры чым: дазвол мусіць даць не менш як абласны выканкам, узгадніць з Мінкультам, атрымаць згоду Лукашэнкі.
А чыю памяць яна лічыць вартай захавання, якія помнікі ёсць і з’яўляюцца ў Мінску і ці адпавядаюць яны нацыянальнай гісторыі? Інстытут «Палітычная сфера» вывучыў гэтае пытанне і склаў «Мінскую карту гістарычнай памяці». Филин расказвае, да якіх высноў прыйшлі даследчыкі.
Нагадаем, летась такое даследаванне ахапіла абласныя цэнтры, сёлета ж даследчыкі сканцэнтраваліся на вывучэнні ландшафту памяці ў сталіцы (а на будучыню маюць планы вывучыць сітуацыю ў больш дробных беларускіх гарадах).
Па Мінску налічылі 765 мемаратыўных аб’ектаў, ад помнікаў и жанравых скульптур да шыльдаў і памятных знакаў.
— Найбольшую ўвагу мы надавалі класіфікацыі ў адпаведнасці з тым, якому гістарычнаму перыяду і якім важным гістарычным падзеям прысвечаныя помнікі, — зазначае дырэктар «Палітычнай сферы» Андрэй Казакевіч.
Сябра Беларускага інстытуту пубілчнай гісторыі, даследчык гістарычнай памяці Андрэй Мастыка зазначае, што абсалютная большасць помнікаў (звыш 660) датычацца падзей і асоб ХХ стагоддзя, найменшая ж колькасць (27) прысвечаныя асобам і падзеям да XIX стагоддзя.
Пры тым у тэмах мемарыялаў да ХХ стагоддзя дамінуе культура: асветнікі, навукоўцы, пісьменнікі і кампазітары, а каланіяльны расейскі ўплыў адчуваецца менш, чым у абласцях, зазначаюць даследчыкі.
Хоць і ў культурных мемарыялах, трэба зазначыць, нацыянальная памяць пераважае не заўжды. Прыкладам, у Беларусі ёсць як мінімум 5 помнікаў Тарасу Шаўчэнку (2 у Мінску, іншыя ў абласцях, прычым адносна новыя, усталяваныя на пачатку 2000-х гадоў).
А вось з класікаў беларускай літаратуры канкурэнцыю яму можа скласці толькі Янка Купала (3 помнікі, адзін з якіх у Мінску, у аднайменным скверы насупраць цырку). Пры гэтым амаль у кожнай вобласці ёсць помнік ці бюст Пушкіна, што навявае досыць сумныя думкі адносна захавання памяці беларускіх культурных дзеячаў.
Што да самых распаўсюджаных тэм савецкага перыяду — лідзіруе тут з вялікім адрывам Другая сусветная вайна (238 помнікаў), потым ідзе сфера культуры і мастацтва (139), навука і адукацыя (89), а таксама Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 года (65).
— Відавочна, што дамінуюць помнікі Вялікай Айчыннай вайны, — канстатуе Андрэй Мастыка. — Але гэта не абсалютная дамінанта, як можна было сабе ўявіць, і важна дадаць, што другое месца ўсё ж займае культура.
У абласных цэнтрах сітуацыя іншая: там Вялікая Айчынная вайна дамінуе абсалютна, больш за палову ўсіх мемарыяльных аб’ектаў датычацца менавіта гэтай тэмы, плюс помнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў шырокім сэнсе, плюс тэматыка 1939 года ў заходніх абласцях — агулам палітычны прасавецкі наратыў відавочна дамінуе.
Характэрна, што ў Мінску лепш прадстаўленая памяць не толькі пра савецкіх военачальнікаў, загінулых салдат, партызан, пра ваенныя подзвігі і славу, але і пра ахвяр вайны, мірных жыхароў, вязняў канцлагераў — шмат у чым гэта стала магчымым дзякуючы скульптару Леаніду Левіну і ягонай гістарычнай майстэрні, якая прасоўвала памяць аб Халакосце. Аднак савецкія падыходы і гераізацыя ўсё ж дамінуюць.
Яшчэ адна асаблівасць, на якую звярнулі ўвагу даследчыкі — у Мінску значна меней прадстаўленая памяць пра вайну ў Афганістане (5 помнікаў), аднак якасныя характарыстыкі гэтай памяці на даволі высокім узроўні. Прыгадаем: адзін з цэнтральных помнікаў воінам-інтэрнацыяналістам знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска, на востраве Мужнасці і Жалобы, і добра вядомы беларусам і турыстам.
У параўнанні з «афганскай» тэмай памяць пра катастрофу на Чарнобыльскай АЭС прадстаўленая зусім мала і досыць маргінальна, дадае Андрэй Мастыка.
З іншых важных асаблівасцяў, гаворыць гісторык — тое, што Мінск менш «русіфікаваны» ў параўнанні з рэгіёнамі. І хоць памятных знакаў савецкага часу ў ім болей, чым любых іншых, усё ж гэта не Савецкі Саюз агулам, а менавіта беларускі савецкі перыяд, спадчына БССР.
А што з помнікамі найноўшай гісторыі? Тут самая багатая палітра тэм. Праўда, усе яны, так бы мовіць, ідэалагічна вытрыманыя: помнікі дзяржаўным дзеячам, культурніцкім, героям, спартоўцам, навукоўцам, прадстаўнікам МУС, МНС, памежнай службы, таксама прадстаўленыя сферы мудыцыны, адукацыі, рэлігіі, міжнароднага супрацоўніцтва і нават космасу.
З кур’ёзных прыкладаў Андрэй Мастыка называе помнік завадчаніну (усталяваны паблізу ўнівермага «Беларусь») і помнік сербскаму банкіру Срэцену Карычу (апошні быў усталяваны на прыватнай тэрыторыі на вуліцы імя Станюты (!), і з ім быў звязаны скандал, — у выніку праз некалькі месяцаў, вясной 2020-га , помнік знік).
Ва ўшанаванні памяці найноўшага перыяду, робяць выснову даследчыкі, не праглядаецца колькі-небудзь выразнай палітыкі і стройнага плану па ўшанаванні тых ці іншых асоб. Асобныя памятныя аб’екты ўзнікаюць хутчэй спарадычна, пад уплывам зацікаўленых груп у грамадстве.
Пры гэтым запыты звычайных актыўных грамадзян улады, ад мясцовых выканкамаў да лукашэнкаўскай адміністрацыі, як мы бачым, ігнаруюць, асабліва калі пытанне звязанае з нязручнымі для сучаснага рэжыму гістарычнымі постацямі ці падзеямі.
— У Мінску абсалютны правал, што тычыцца помнікаў, звязаных з гісторыяй да ХІХ стагоддзя — у параўнанні з тым, колькі месца гэтым перыядам адводзіцца нават у падручніках, — рэзюмуе Андрэй Казакевіч. — Напрыклад, загадка, што да гэтага часу ў Мінску няма ніводнага помніка, прысвечанага перыяду Полацкага княства альбо камусьці з полацкіх князёў.
Читайте еще
Избранное