Политика
Радыё Свабода

За словы зь Бібліі — пяць з паловай мільёнаў штрафу

Віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду аштрафавалі на 180 базавых велічыняў за тое, што 20-га сакавіка, пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, ён выйшаў у цэнтар гораду з плякатам “Той, хто вытрымае ўсё, выратуецца”.

Словы з Эвангельля ад Мацьвея, напісаныя на плякаце, міліцыянты з Чыгуначнага райаддзелу зразумелі як “выражэньне грамадзкіх і палітычных інтарэсаў”, што й было запісана ў пратаколе аб затрыманьні. З гэтым меркаваньнем пагадзіўся і судзьдзя Чыгуначнага райсуду Юры Урбан, які аштрафаваў Барыса Хамайду на 5 мільёнаў 580 тысяч рублёў за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.

Барыс Хамайда свае віны не прызнаў і з пастановаю судзьдзі ня згодны.

(Хамайда: ) “Я лічу, што словы Бібліі гавораць пра цярпеньне — гавораць людзям, каб пацярпелі, пакуль прыйдзе перамога. А судзьдзя падводзіць іх пад азначэньне пікету, нібыта яны выражаюць пэўны грамадзка-палітычны інтарэс. Ведаеце, я не хаджу ні ў сынагогу, ні ў іншы храм, але Бог у мяне вось тут, у сэрцы. Мой прадзед быў рабінам у Вяліжы, ва ўзросьце 54 гады ён памёр пасьля кастрычніцкага перавароту, звалі яго Пэйсах Штэйнгарт. Так што карані ідуць адтуль, і я веру ў Бога, веру, што ён дапаможа і кожнаму асобна, і ўсёй Беларусі. Я сапраўды ў гэта веру!”

Штраф за словы зь Бібліі на плякаце Барыс Хамайда плаціць не зьбіраецца, як і ўсе папярэднія штрафы, атрыманыя ім з 1996 году: суды, сфармаваныя пасьля зьмены Канстытуцыі ў 1994 годзе, ён ня лічыць легітымнымі і не прызнае іхных рашэньняў. З тае самае прычыны Хамайда не зьвяртаецца й да органаў улады па дазволы на свае акцыі. Адзінае, на што ён вымушаны згаджацца, — гэта арышты за палітычную дзейнасьць. З апошняга такога арышту на 7 сутак Барыс Хамайда выйшаў толькі 1 красавіка — яго прызналі вінаватым у арганізацыі віншавальнага пікету на Дзень Волі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)