Политика

«З нецярпеннем чакаю магчымасці ўбачыць свабодную, квітнеючую і дэмакратычную Беларусь, якая жыве ў міры са сваімі суседзямі»

Джулі Фішэр сканчвае сваю працу ў ролі амбасадара ЗША ў Беларусі.  Улады так і не дазволілі ёй прыехаць у Мiнск.

Сёння на сайце амбасады апублiкаваны адкрыты ліст дыпламата да народа Беларусі. Ён суправаджаецца здымкам, зробленным у Мiнску 16 жнiўня 2020 года.

«У гэтым месяцы ў рамках запланаванай дыпламатычнай ратацыі заканчваецца маё знаходжанне на пасадзе Спецыяльнага пасланніка ЗША па Беларусі.

З 2020 года вы, народ Беларусі, ясна далі зразумець, што менавіта вы павінны вызначаць будучыню краіны. Я хацела б выказаць нязменнае захапленне вашай сілай і рашучасцю настойваць на тым, каб вашы правы паважалі, а вашы галасы былі пачутыя. Я хацела б вас запэўніць, што наша прыхільнасць падтрымліваць вас на гэтым шляху адлюстроўвае непахісны кансэнсус Злучаных Штатаў.

Для мяне было за гонар быць побач з вамі — хай і здалёк — з моманту зацвярджэння Сенатам на пасаду амбасадара ў Беларусі ў снежні 2020 года, першага амбасадара ЗША ў Беларусі за больш чым дзесяць год. Злучаныя Штаты не маглі маўчаць пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, не маглі абяляць жорсткасць рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, калі вы мірна выйшлі на вуліцы Мінска, Гродна, Гомеля і іншых гарадоў у абарону сваіх асноўных свабод і годнасці як грамадзян Беларусі. Таму нядзіўна, што Аляксандр Лукашэнка адклікаў агрэман на прыезд амерыканскага амбасадара.

Я прыняла ролю Спецыяльнага пасланніка па Беларусі і працавала з Вільні з галоўнай мэтай — умацаваць амерыканскую падтрымку народа Беларусі і вашай барацьбы.

Мы стварылі Аддзел па справах Беларусі, каб працаваць рука аб руку з Пасольствам ЗША ў Мінску адной камандай творчых і глыбока адданых справе дыпламатаў і спецыялістаў у галіне развіцця, якія падтрымліваюць шырокае кола дэмакратычных сіл, грамадзянскую супольнасць, прадпрымальнікаў і незалежныя СМІ, дзе б яны ні знаходзіліся. 

Мы ўзмацнілі каардынацыю з еўрапейскімі саюзнікамі і партнёрамі ў прыцягненні рэжыму да адказнасці за парушэнні правоў чалавека і саўдзел ва ўварванні Расіі ва Украіну. Я глыбока ўдзячная за партнёрства надзвычай вялікай колькасці еўрапейскіх калег.

Нягледзячы на шматлікія спробы збіць нас і адвесці ў бок ад гэтых намаганняў, мы па-ранейшаму поўныя рашучасці. Мы працягваем заклікаць рэжым безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць рэпрэсіі і неправамернае абыходжанне з грамадзянамі і арганізацыямі, а таксама заклікаем да змястоўнага нацыянальнага дыялогу з усімі элементамі беларускага грамадства, у тым ліку тымі, хто знаходзіцца ў выгнанні. Такі дыялог прывядзе да новых выбараў пад міжнародным назіраннем.

Наша каманда працуе па пытаннях Беларусі ад Вільні да Вены, ад Вашынгтона да Варшавы. Мы надалей канцэнтруем працу на падтрымцы вас і вашых памкненняў да лепшай будучыні для Беларусі. Я з нецярпеннем чакаю магчымасці ўбачыць свабодную, квітнеючую і дэмакратычную Беларусь, якая жыве ў міры са сваімі суседзямі.

Жыве Беларусь!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)