«З 19 настаўнікаў 11 звольнілі». Як настаўнікі згубілі працу за пазіцыю
Пасля выбараў многія настаўнікі адкрыта выказвалі сваю пазіцыю. Наша Ніва пацікавілася іх лёсам: многія былі звольнены і не вярнуліся ў дзяржаўную сістэму.
«Ну вы ж разумееце, што працаваць не будзеце»
У кастрычніку мінулага года настаўнікі 50-й гімназіі Мінска запісалі відэазварот. Яны выказаліся супраць пераследу за іншадумства і гвалту над пратэстоўцамі. З 19 педагогаў, што зняліся ў роліку, 11 звольніліся. Сярод іх — прадметнікі па ангельскай мове, хіміі, гісторыі, настаўнік пачатковай школы, педагог-арганізатар.
«Пасля выхаду відэа я разумела, што ў любы момант можа быць звальненне, але была гатова. Са мной правялі некалькі гутарак, падчас якіх гучала фраза: «Ну вы ж разумееце, прыйдзе новае кіраўніцтва і вы працаваць не будзеце». У адзін з дзён мяне выклікалі, адабралі тэлефон і спрабавалі прымусіць напісаць заяву на звальненне па асабістым жаданні, прынеслі асабістую справу і працоўную кніжку.
Самае дзіўнае, што яны падкрэслівалі: ты сама павінна сысці. Калі я задала пытанне, ці ёсць па маёй працы нараканні, сказалі, што не. Я адмовілася звольніцца.
На наступным тыдні па гімназіі хадзілі размовы, што мной цікавяцца і запытвалі маю характарыстыку. Плюс у той час мы пісалі тлумачальную запіску, чаму здымаліся ў роліку. Уся гэтая напружаная атмасфера, перыядычныя гутаркі, кантроль маіх асабістых сацсетак прывялі да таго, што я вырашыла з’ехаць за мяжу. Заяву на звальненне пісала па пагадненні бакоў», — расказвае настаўніца гісторыі Таццяна Гайдук, якая сышла з гімназіі ў лютым.
Іншая выкладчыца (яна таксама пакінула школу па пагадненні бакоў) дзеліцца, што звальненне праходзіла праз прыдзіркі да працы:
«На месца звольненых супрацоўнікаў, наколькі ведаю, нікога пастаяннага яшчэ не знайшлі. Прыходзілі дзяўчаты, але пасля выпускнога і яны сышлі, бо працаваць было немагчыма».
Педагог спрабавала ўладкавацца ў турыстычны цэнтр, але дырэктар цэнтра адразу ёй адмовіў. Некаторыя з калег знайшлі працу ў прыватных школах.
«Звяртаўся ў некалькі раёнаў, але паўсюль адмаўляюць»
Два настаўнікі з аграгарадка Добрая (Горацкі раён) таксама былі звольнены пасля відэазвароту. Аляксандр Крушаў, які вёў у сельскай школе інфарматыку, павінен быў яшчэ і вярнуць грошы ўніверсітэту за недабытае размеркаванне (ён вучыўся на мэтавым) — амаль 9,4 тысячы рублёў. Пасля звальнення хлопец тры месяцы працаваў у IT. Не змог затрымацца больш праз нясплачаны доўг — палітыка кампаніі патрабавала, каб ён спачатку закрыў пытанне з адпрацоўкай.
«Спрабаваў знайсці працу па спецыяльнасці, у сферы адукацыі. Звяртаўся ў некалькі розных раёнаў, але паўсюль адмаўляюць. У актыўным пошуку працы, але пакуль не бяруць. У бацькі на пчальніку падпрацоўваў, цяпер сезон скончыўся», — кажа Аляксандр. Доўг перад універсітэтам ён у выніку закрыў.
«У сённяшнюю школу вяртацца не хачу»
Дырэктар маладзечанскай школы №5 Яўген Макарэвіч сышоў яшчэ ў жніўні 2020-га. Ён быў старшынёй выбарчай камісіі на ўчастку №29, дзе перамагла Святлана Ціханоўская.
Шлях у дзяржустановы, кажа былы дырэктар, яму цяпер закрыты.
«Знайшоў месца ў сферы адукацыі, працую з дзецьмі», — падзяліўся ён.
З выбітнай настаўніцай хіміі Наталляй Пашчук з Маладзечна не працягнулі кантракт у канцы чэрвеня. Яна выкладала ў школе №7, чатыры разы ўзнагароджвалася прэміяй з прэзідэнцкага фонду, яе вучні былі пераможцамі міжнароднай мендзелееўскай алімпіяды па хіміі. Цяпер Наталля Данілаўна на пенсіі.
Фота «Рэгіянальнай газеты»
«У сённяшнюю школу вяртацца не хачу, нават калі б і запрашалі, — прызнаецца яна. — На волі з чыстым сумленнем нашмат прыемней. Цяпер займаюся рэпетытарствам».
«Займаюся рэдагаваннем»
Гісторыя настаўніцы з Белаазёрска Таццяны Брыч ускалыхнула ўвесь горад. У школе №3, дзе яна вяла рускую мову і літаратуру, жанчыну затрымалі наўпрост на ўроку пад плач дзяцей. Тры дні да суда пратрымалі ў ізалятары, а пасля далі штраф у 10 базавых па артыкуле 23.34 КаАП (цяперашні 24.23). Вучні зладзілі вялікую акцыю салідарнасці са сваім педагогам — фатаграфаваліся з плакатамі ў яе падтрымку.
У красавіку Таццяну звольнілі па артыкуле за «амаральны ўчынак». У школу яна не вярнулася.
«Працую па дагаворы падраду, займаюся рэдагаваннем у недзяржаўных установах», — кажа Таццяна.
Няўжо усіх звальнялі?
Не ўсё гісторыі скончыліся звальненнем. Напрыклад, у 199-й школе Мінска настаўнікі, што здымаліся ў роліку, працягваюць працаваць.
У Бярозаўскім раёне дырэктары школ, якіх паздымалі з пасад, таксама засталіся ў сістэме адукацыі. Іна Жуковіч стала намеснікам дырэктара ў гарадской сярэдняй школе №2, Мікалай Жуковіч — намеснікам дырэктара ў 1-й школе (раней ён яе ўзначальваў). Святлану Карповіч перавялі намеснікам дырэктара Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Белаазёрска.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное