Общество

Юля Цімафеева: «Сваю гераіню я ў многім сьпісала зь сябе»

Аўтарка распавяла Радыё Свабода пра драматургічны дэбют, шлях п’есы «Экстрэмісты» на сцэну, прататыпы галоўных герояў і іх «экстрэмісцкую» гісторыю.

15, 16 і 17 кастрычніка ў Варшаве на сцэне Драматычнага тэатру (Warszawa, Scena Przodownik Teatru Dramatycznego) пройдуць прэм’ерныя спэктаклі паводле п’есы Юлі Цімафеевай «Экстрэмісты».

Юля Цімафеева. Фота: Радыё Свабода

Пра драматургічны дэбют

— Вы пачыналі як перакладчыца з ангельскай. Потым зьявіліся вершы. Пасьля пратэставага беларускага 2020-га шырока ў сьвеце стаў вядомы ваш «Менскі дзёньнік». Чытачы падсьвядома чакалі, што вынікам ягонага посьпеху з-пад пяра паэткі і перакладчыцы Юлі Цімафеевай будуць новыя творы ў жанры дакумэнтальнай прозы. Але нечакана атрымалі п’есу. Наколькі для вас самой рашэньне заняцца драматургіяй было раптоўным? І як і з чаго яно ўзьнікла?

— Мне заўжды цікава спрабаваць штосьці новае, вучыцца, адкрываць, намацваць уласныя межы. Гэтая п’еса не была б магчымай, калі б у самым пачатку 2023 году я не атрымала запрашэньне ўзяць удзел у міжнародным праекце «Пакуль гісторыя піша сябе» («While History Writes Itself»), які быў арганізаваны ў Бэрліне ў Maxim Gorki Theater.

«Экстрэмісты» пісаліся цягам мінулага году ў межах гэтага праекту, у якім таксама ўдзельнічалі аўтары і аўтаркі з Грузіі, Малдовы, Сэрбіі, Харватыі і Ўкраіны. І я была адзінай, хто ня меў папярэдняга драматургічнага досьведу, таму камунікацыя з калегамі і іх падтрымка былі вельмі важнай часткай супрацы асабіста для мяне.

У канцы кастрычніка 2023 году ў Maxim Gorki Theater адбыліся сцэнічныя чыткі створаных намі п’ес у перакладзе на нямецкую мову. Маю п’есу пераклала Ціна Вюншман.

Пра шлях п’есы на сцэну

— Вашу п’есу ставяць у Варшаве «Купалаўцы». Вы перадалі ім для сцэнічнага ўвасабленьня ўжо напісаную п’есу, ці мо яны яе адмыслова вам замовілі?

— Для пастаноўкі я перадала ўжо гатовую п’есу. Дарэчы, «Купалаўцы» (праўда, у крыху іншым складзе) яшчэ раней спрычыніліся да тэатральнай чыткі «Экстрэмістаў». Яе рэжысэрам выступіў Павел Пасіні, і адбылося гэта сёлета ў чэрвені, калі я прыяжджала на люблінскі фэстываль Inne Brzmienia прэзэнтаваць сваю новую польскамоўную паэтычную кнігу, якая выйшала ў мясцовым выдавецтве Warsztaty Kultury.

Падчас чыткі разам з купалаўцамі я і сама апынулася на сцэне і грала гераіню, якую ў многім «сьпісала зь сябе». Вельмі незвычайны для мяне досьвед, бо я ўдзельнічала ў аматарскіх сцэнках толькі ў дзяцінстве...

Для новай пастаноўкі ўжо ў выглядзе паўнавартаснага спэктаклю я, натуральна, адрэдагавала свой тэкст з улікам дзьвюх папярэдніх чытак. Але Аляксандар Гарцуеў як рэжысэр, магчыма, перастварыў мой тэкст на свой розум. Я ня ўдзельнічала ў рэпэтыцыях, таму не магу пра гэта ведаць. Але разумею, што прачытаньне тэксту можа быць вельмі розным. І я заінтрыгаваная вынікам.

Пра рознае гучаньне назвы

— Спэктакль «Купалаўцаў» анансаваны пад назвай «Экстрэмісты». Вы ад пачатку так назвалі п’есу? Ці назва, адназначная і дакладная, а мо нават рэзка актуалізаваная, зьявілася ўжо ў ходзе падрыхтоўкі спэктаклю?

— Не, п’еса ад пачатку называлася «Экстрэмісты». Дарэчы, падчас працы над ёй мне вельмі дапамагаў парадамі мой муж, пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, і гэта менавіта ён прапанаваў назваць тэкст такім чынам.

Для мяне ў назьве прысутнічае горкая іронія. Галоўныя героі п’есы — маладая пара, арыштаваная ўладамі за тое, што выконвалі песьні падчас пратэстаў. Музыка ва ўяўленьні ўладаў была іхным злачынствам, іхным экстрэмізмам, а гітары, дуды і бубны — самымі натуральнымі прыладамі злачынства.

Я таксама хацела б нагадаць, што ад пачатку п’еса пісалася для замежнай публікі, ня надта абазнанай у беларускай палітычнай сытуацыі. І, вядома, слова «Extremisten» для нямецкага вуха гучыць іначай, чым «Экстрэмісты» для беларускага. За ім хаваюцца іншыя кантэксты. Аднак для беларускай публікі мы вырашылі назву не мяняць.

Пра герояў і іх прататыпы

— «Экстрэмісты» — менавіта гэтае слова стала таўром, якое ўлада ў Беларусі ставіць усім нязгодным зь яе нелегітымнымі формамі кіраваньня. Ці напісаныя пэрсанажы п’есы з рэальных асобаў сучаснай беларускай рэчаіснасьці? Ці гэта ўсё ж зборныя вобразы?

—Для працы над п’есай я размаўляла са сваім братам Пятром Марчанкам і ягонай жонкай Юліяй, якія адседзелі паўтара года ў беларускіх СІЗА і калёніях у так званай «справе гурту Irdorath». Таму іх гісторыі, іх маналёгі — у аснове твора. Але я не магу сказаць, што ён цалкам дакумэнтальны. Тут шмат паэзіі, якая характарызуе яшчэ адну гераіню п’есы, і, спадзяюся, будзе шмат музыкі.

Гэтым творам я хацела прыцягнуць больш увагі да палітычных зьняволеных, пра якіх вельмі мала пішуць цяпер на Захадзе, паказаць іх жыцьцё знутры. Але і расказаць гісторыю сваёй сям’і, асабістую гісторыю, якая толькі адна з тысяч.

— Прэм’ерныя паказы «Экстрэмістаў» анансаваныя на 15, 16 і 17 кастрычніка. Яны адбудуцца ў Варшаве на сцэне Драматычнага тэатру (Warszawa, Scena Przodownik Teatru Dramatycznego). У які з гэтых паказаў гледачы змогуць сустрэцца з аўтаркай п’есы і задаць ёй свае пытаньні?

— На жаль, у мяне самой не атрымаецца прыехаць з Гамбурга на прэм’еру ў Варшаву, і я вельмі спадзяюся, што пабачу спэктакль крыху пазьней. Але на самы першы паказ завітаюць Пятро і Юлія, прататыпы галоўных герояў, і, вядома, пытаньні можна будзе задаць рэжысэру і акторам.

Я вельмі цешуся і хвалююся з нагоды прэм’еры і шчыра зычу ўсім добрых уражаньняў!