«Яны загінулі, каб уратаваць іншых людзей». 15 год авіякатастрофе ў польскім Радаме
«Салідарнасць» прыгадвае трагічнае здарэнне, якое забрала жыцці двух беларускіх лётчыкаў.
30 жніўня 2009 года ў польскім Радаме падчас міжнароднага авіяшоў Radom Air Show разбіўся беларускі знішчальнік Су-27УБМ-1, які выконваў фігуры пілатажу. Лётчыкі-снайперы Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч, якія пілатавалі самалёт, загінулі.
У 15-ю гадавіну катастрофы мы прыгадваем акалічнасці трагічнага здарэння, а таксама праводзім паралелі з актуальнымі падзеямі.
Што вядома пра пілотаў
Палкоўніку Аляксандру Марфіцкаму на момант гібелі было 53 гады. Ён паходзіў з Віцебшчыны. Скончыў Харкаўскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў і Ваенна-паветраную акадэмію імя Гагарына.
У 2003-м быў прызначаны камандзірам 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл у Баранавічах.
Быў намеснікам камандуючага аператыўна-тэхнічным камандаваннем ВПС і войск СПА Беларусі. Меў 2320 гадзін налёту.
Палкоўнік Аляксандр Жураўлевіч нарадзіўся ў Прыморскім краі РСФСР. Выпускнік Чарнігаўскага вышэйшага ваеннага вучылішча лётчыкаў, намеснік начальніка 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы па лётнай падрыхтоўцы ў Баранавічах.
Быў кіраўнікам другой у гісторыі Беларусі авіяцыйнай акрабатычнай групы «Крылы Беларусі», створанай на пачатку 2009-га. Меў 1620 гадзін налёту. На момант гібелі яму было 46 год.
«Куды рухаешся? Катапультуйся!!!»
Трагедыя здарылася на другі дзень авіяшоў у 13:15 па мясцовым часе. Пасля выканання чарговай фігуры пілатажу самалёт рэзка пачаў губляць вышыню.
На некалькі секундаў знішчальнік знік за лініяй лесу, а потым двухсоттысячны натоўп гледачоў убачыў сполах выбуху і высокі слуп чорнага дыму.
Беларускі Су-27 упаў за два кіламетры ад аэрадрома, паміж вёскамі Малэчын і Макаў. Да бліжэйшых дамоў была лічаная сотня метраў.
Расшыфроўка перамоваў лётчыкаў, якая трапіла ў прэсу, засведчыла, што пілоты атрымалі загад ад кіраўніка палётамі палкоўніка Аляксандра Мурычына, які быў з імі ў Радаме, капультавацца:
— Давайце, на 150 выводзьце акуратненька. Гэта вывад? Лінія! Вывад! Вывад! Куды рухаешся? Куды рухаешся! Катапультуйся! Катапультуйся!
Версіі: ад празмернай вагі самалёта да памылкі пілотаў
У першыя гадзіны пасля катастрофы беларускае Мінабароны апублікавала папярэднюю версію: магчымае траплянне птушкі ў павертразаборнік.
У ведамстве паведамілі, што пілоты адмовіліся катапультавацца, каб не дапусціць падзення знішчальніка на паселішча.
Хутка ў СМІ з’явіліся відэа катастрофы, зробленыя гледачамі авіяшоў. На кадрах апошніх імгненняў палёту было бачна, як адлятае шкляны купал кабіны, што магло сведчыць пра спробу катапультавацца, але катапульта не спрацавала.
Відэа прааналізавалі эксперты. Іх меркаванні па гарачых слядах апублікаваў мясцовы партал Dziennik Wschodni.
— Магчыма, пілот гэтага самалёта наўмысна накіраваў яго ў поле, у бок ад гледачоў, каб не выклікаць вялікай трагедыі, — выказаў думку былы польскі пілот, маёр Міхал Фішэр. — І гэта магло быць прычынай таго, што ён меў занадта нізкую вышыню, каб катапультавацца.
Ваенны эксперт Томаш Шульц на падставе відэазапісаў прышоў да высновы, што «прыкмет ненармальных умоў, такіх як адмова рухавіка або праблемы з рулявым кіраваннем, не было».
На яго думку, прычынай трагедыі хутчэй за ўсе стаў чалавечы фактар:
— Ёсць шмат прыкмет таго, што адна або некалькі невялікіх памылак падчас выканання фігур прывялі да таго, што самалёт апынуўся занадта нізка пры выхадзе з наступнай фігуры.
Пры гэтым Шульц называў Су-27 «фантастычным, адным з лепшых знішчальнікаў у свеце»:
— Ён надзвычай манеўраны і надзвычай паслухмяны пілоту.
Пётр Абрашэк з штомесячніка Nowa Technika Wojskowa таксама выказваўся пра памылку лётчыкаў:
— Напэўна, ён занадта нізка завёў самалёт у фігуру. Робячы петлі, патрэбна пэўная вышыня, нельга зацягваць пятлю занадта моцна, таму што гэта выклікае страту пад’ёмнай сілы.
Прадстаўнікі расійскай кампаніі «Сухой» у інтрэв’ю «Известиям» выказалі меркаванне, што прычынай катастрофы стаў збой у працы авіяцыйнага бартавога абсталявання.
Расейцы абвінавацілі беларускі бок у няўзгодненай з кампаніяй мадэрнізацыяй авіятэхнікі дзеля продажу яе трэцім краінам. У адказ намеснік галоўнага інжынэра 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода Аляксандар Верабей заявіў, што мадэрнізацыя тычылася ўзбраення і сістэм спадарожнікавай навігацыі, а не сістэмаў кіравання.
Газета «Наша Ніва» апублікавала версію, якая нібыта распаўсюджвалася сярод баранавіцкіх лётчыкаў. Паводле яе, пілоты Су-27 заправілі самалёт таннейшым беларускім палівам, каб не пераплачваць за даражэйшае польскае.
Знішчальнік праз гэта меў занадта вялікую вагу, з-за чаго беларускія пілоты не далі рады з кіраваннем самалётам у крытычны момант.
Выданне зрабіла акцэнт на агульнай беднасці тагачаснага беларускага войска, якое значна саступала ў фінансаванні, напрыклад, польскаму войску.
У якасці прыклада прыводзіўся факт, што знішчальнік коштам у 30 мільёнаў даляраў быў застрахаваны на няпоўную суму. У выніку катастрофы выплаты не перавысілі $900 тысяч.
Акрамя таго, загінулыя пілоты мелі сціплую паводле заходніх ваенных стандартаў колькасць гадзінаў палётаў.
Катастрофа ў Радаме стала трэцяй на той момант у гісторыі ваеннай авіяцыі незалежнай Беларусі. У маі 1996-га ў часе вучэбнага палёта рабіўся Су-27, якім кіраваў Уладзімір Карват. Пілот ахвяраваў сабой, каб адвесці знішчальнік ад вёсак Арабаўшчына і Вялікае Гацішча.
Праз год загінуў пілот Су-17 Сяргей Паграбан. Ён, як і Марфіцкі з Жураўлевічам, быў з Баранавічаў.
Расследаванне прычынаў катастрофы праводзіла сумесная польска-беларуская камісія. У кастрычніку 2009-га палякі перадалі вынікі працы ў Беларусь. Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы на просьбу беларускага боку не раскрыла змест справаздачы.
«Гэтыя людзі — героі»
Якімі б не былі версіі трагедыі, і ў Польшчы, і ў Беларусі палкоўнікаў Марфіцкага і Жураўлевіча абвесцілі героямі. Праз колькі гадзін пасля трагедыі ўлады Радама абвесцілі двухдзённую жалобу ў памяць пра загінулых.
У той самы вечар тагачасны польскі прэзідэнт Лех Качыньскі накіраваў спачуванні ўладам Беларусі:
— У сувязі з трагічнай катастрофай самалёта Су-27 падчас авіяшоў у Радаме, у выніку якой загінулі два афіцэры ВПС і СПА Беларусі, ад імя польскага народа і сябе асабіста выказваю глыбокі смутак і спачуванне родным і блізкім загінулых афіцэраў.
У дзень пахавання пілотаў на вуліцы Баранавічаў выйшлі сотні людзей. Развітацца з беларускімі лётчыкамі прыехала польская ганаровая варта на чале з генералам ВПС Польшчы Томашам Драўнякам, які кіраваў палётамі на шоў у Радаме. Вось ягоныя разітальныя словы:
— Гэтыя людзі — героі. Яны ахвяравалі сваім жыццём каб выратаваць людзей, што знаходзіліся побач з аэрадромам ў Радаме. Інакш як подзвігам я гэта назваць не магу.
Тагачасны міністр абароны Беларусі Леанід Мальцаў на пахаванні сказаў, што Марфіцкі і Жураўлевіч выратавалі сотні людзей. Ён назваў пілотаў бліскучымі афіцэрамі, якія пакінулі глыбокі след у развіцці беларускай авіяцыі.
Ён падзякаў свайму польскаму калегу Богдану Кліху за падтрымку ў цяжкую хвіліну.
Аляксандр Лукашэнка ў дзень пахавання лётчыкаў адправіўся з інспекцыяй у Тураў на мясцовы кансервавы завод. У сакавіку 2010-га ён узнагародзіў загінулых пасмяротна ордэнам «За асабістую мужнасць». У Баранавічах у гонар Марфіцкага і Жураўлевіча названая адна з вуліц.
У Польшчы недалёка ад месца катастрофы па ініцыятыве мясцовых жыхароў, падтрыманай уладамі і камандаваннем польскіх ВПС, у красавіку 2010-га быў адкрыты памятны знак у гонар беларускіх лётчыкаў.
Прозвішчы лётчыкаў таксама змешчаныя на памятнай шыльдзе ў каталіцкім гарнізонным касцёле ў Радаме, дзе згаданыя імёны ўсіх 32 лётчыкаў, якія загінулі ў 1935–2009 гадах, распачаўшы свой апошні палёт з аэрадрома Радам-Садкаў.
Замест пасляслоўя. Калі вынесці за дужкі трагічнасць гэтай гісторыі, на фоне сённяшніх падзей удзел беларускага ваеннага экіпажа ў авіяшоў на тэрыторыі краіны НАТА выглядае фантастыкай, згадкай з мінулага жыцця.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное