Общество

Ірэна Кацяловіч, Наша Ніва

Як жывуць купалаўцы, якія звольніліся з тэатра ў знак салідарнасці з грамадствам

Распыталі ў акцёраў, якія ў жніўні 2020-га звольніліся з тэатра ў знак салідарнасці з грамадствам, як ім жывецца цяпер.

Самая рэвалюцыйная тэатральная трупа Беларусі ў сённяшніх умовах не можа выступаць на сцэне, тым не менш у творчым працэсе знаходзіцца пастаянна.

Ютуб-канал каманды мае амаль 150 тысяч падпісчыкаў і ўвесь час папаўняецца новымі творамі.

— Мы былі разам, мы ёсць разам, спадзяюся, мы і застанемся разам, — расказвае Крысціна Дробыш. — Канешне, гэта складана: нас шмат, мы розныя, прынцыповыя, часам гарачыя і дамовіцца бывае няпроста, але тым не менш нам удаецца.

Цяпер мы самі сабе ўсе і ўсё. Народны ты артыст ці малады акцёр, у цябе вялікі спектр абавязкаў — ад памыць унітаз да зрэжысіраваць спектакль. Бо разумееш, што ёсць толькі ты і твае людзі, і калі вы не зробіце, ніхто не зробіць.

Мы прызвычаіліся, што ты прыходзіш у тэатр, у цябе вісіць касцюм, цябе заплятаюць грымёры, ты адзяваешся і ідзеш на сцэну. Сёння ж калі мы нешта здымаем, хтосьці з нас варыць каву і гарбату, хтосьці адказвае за рэквізіт, хтосьці прасуе касцюмы. І мне здаецца, гэта добра, бо пачынаеш больш цаніць працу іншых людзей. У гэтым нават ёсць нейкая рамантыка — прасаваць кашулю для любімага калегі.

Крысціна Дробыш. Фота са старонкі Купалаўцаў у Фэйсбуку

Сёння купалаўцы не могуць ні заняць сталую пляцоўку, ні аформіцца ў юрыдычную асобу, ні пабачыцца з гледачамі. Творчасць калектыва цалкам перайшла ў відэафармат. На жыццё артысты вымушаны зарабляць на іншых працах. Крысціна носіць у заплечніку запасныя майткі і дамову з адвакатам.

— Становішча вымусіла нас стаць больш дарослымі, ініцыятыўнымі і ўважлівымі адзін да аднаго, — дзеліцца Міхаіл Зуй. — Я не тое каб здзіўлены, але ўся наша група выклікае ў мяне прыемнае ўражанне.

Мінулы год паказаў, што здольнасці беларусаў да самаарганізацыі моцна недаацэненыя.

Усе зразумелі, што неабавязкова, каб над табой нехта стаяў і аддаваў загады — можна проста разам рабіць агульную справу. Відавочна, гэта няпроста, тым больш у нашых акалічнасцях, расці над сабой увогуле не вельмі камфортны працэс, трэба за валасы цянуць сябе з дрыгвы. Але ж выцягваеш і нейкі плён гэта дае.

Нязвыкла, што калі мы іграем спектаклі, не адчуваем гледача, але гэта не страшна, бо галоўнае ў тым, што цяпер мы робім толькі тое, што нам падабаецца і што нас хвалюе, без аніякай указкі зверху.

Апошнюю думку пацвярджае Яўгенія Кульбачная, якая кажа, што сёння кожны з купалаўцаў можа рэалізаваць свае амбіцыі, якія не мог напоўніцу рэалізаваць у тэатры.

— У кітайскай ёсць іерогліф, які перакладаецца адначасова як магчымасць і як крызіс. У будынку тэатра ў нас было іншае жыццё: ты прыходзіў на працу, як на завод, і ўся гэта сістэма перашкаджала ажыццяўляць мары.

Мне здаецца, якраз у крызіс мы атрымалі магчымасць рабіць тое, што хочам. Зараз купалаўцы знаходзяцца ў паспяховым творчым працэсе.

Нас можна назваць рэпертуарным тэатрам на YouTube — мы некалькі разоў на месяц паказваем спектаклі, і сярод іх ёсць зробленыя пасля сыходу. Прычым у нас больш няма «генерала» — ёсць павага, мы з павагай ставімся адзін да аднаго, любім і прыслухоўваемся да старэйшых артыстаў».

«Мы па-ранейшаму падтрымліваем адзін аднаго і прывозім лекі, калі нехта хварэе»

— У кожнага, канешне, свая дэпрэсія, але мы не даем адзін адному рассыпацца. Мы ўвогуле сталі адзін да аднога пяшчотней ставіцца, — расказвае Дзмітрый Есяневіч. — Нядаўна ў нас быў чарговы збор, дык на яго прыйшлі амаль усе, хто звольніўся тады з Купалаўскага. Мы не можам выступаць, як паўнавартасная трупа, і вымушаны ствараць відэаспектаклі ды ладзіць анлайн-канцэрты, бо знаходзімся ў чорных спісах.

Нам усё забаронена, калі мяне запрасілі на адну маленькую сцэну, папрасілі назвацца іншым іменем. У некага былі праблемы з дзецьмі ў школе, дзе дырэктар і класная кіраўніца — ябацькі.

Крысціна настрой у трупе апісвае як звычайныя беларускія горачкі ад «пераможам» да «ўсё прапала» і наадварот: «Часам, канешне, накрывае, ты разумееш, што выгараеш, але гэта як у шчэпцы — хтосьці падае, а яго падцягваюць: «Стаяяяць».

Заўсёды знойдзецца хтосьці, хто цябе падтрымае і ты такі: «О, нармальна, можна жыць далей». Мы прывыклі да таго, што калі ў цябе ў жыцці нешта адбываецца, ты заўсёды знойдзеш прытулак у тэатры сярод сваіх. І трынды тут атрымаеш, і на месца цябе паставяць, калі трэба. І мы па-ранейшаму падтрымліваем адзін аднаго, лекі прывозім, калі нехта хварэе.

Адзінае, што не накрывае, гэта сумненні, ці правільна мы зрабілі: усё правільна, безумоўна. Гледзячы на тое, што цяпер адбываецца ў будынку тэатра, не думаю, што хтосьці сябе ў ім уяўляе.

Дзмітрый Есяневіч у пастаноўцы «Страх». Фота са старонкі Купалаўцаў у Фэйсбуку

— Не было і хвіліны, калі б я думаў, што дарма мы тады сышлі, — кажа Міхаіл. — І не ўяўляю сітуацыі, у якой я пра тое пашкадую.

Сыход, як адрэналін, дазволіў нам мабілізаваць ўнутраныя сілы і адкрыць новыя здольнасці у сабе і калегах — гэта вельмі каштоўна.

Калі мы працавалі ў тэатры, шмат чым былі незадаваолены, шмат што хацелася змяніць, але ў тым, каб уплываць на такую вялізную структуру, як нацыянальны тэатр, мы былі абмежаваны. Цяпер у нас ёсць магчымасць рабіць тое, што мы лічым добрым, выпраўляць нейкія хібы і ранейшую інертнасць.

Я адчуваю сябе больш вольным у творчасці. Гэта звязана не толькі з сыходам з тэатра як установы, але і з тым, што моцна змянілася атмасфера ў краіне. Цяпер ты як быццам ужо не маеш права пускаць нешта на самацёк.

Зрэшты гэтая свабода ідзе поруч з не заўсёды ўтульным адчуваннем неабароненасці. Канешне, ёсць цяжкасці, але падсвядома ты іх ад сябе хаваеш, бо калі на іх засяродзішся, будзеш у іх занурвацца.

Відэаспектакль «Тутэйшыя», з якім адбылося трыумфальнае «вяртанне» Купалаўцаў пасля звальнення, сёння мае 325 тысяч праглядаў на Ютубе. Потым былі пастаноўкі «Войцэк», «Прыгоды Чыпаліны», «Я», нарэшце, трылогія «Страх» паводле Брэхта.

— Нам вельмі важныя каментары, якія людзі пакідаюць пад нашымі відэа: дастаткова добрага слова ці нават проста сэрцайка, — прызнаецца Крысціна. — Час для ўсіх няпэўны, ты не заўсёды разумееш, у які бок кіравацца, наколькі добра тое, што ты робіш, таму калі атрымліваеш хаця б мінімальны водгук ад людзей, ведаеш, што ідзеш правільным шляхам. Калі няма гледача, няма і сэнсу ў нашым існаванні.

«Узнікла адказнасць перад людзьмі, для якіх наш учынак нешта значыў»

— Нікому тут нічога не патрэбна, як было, так і ёсць, — працягвае Дзмітрый. — Чалавек трыццаць ёсць, якія напішуць добрыя словы ці нешта там падумаюць, мы адчуваем падтрымку, нават на побытавым узроўні, але ж усё працягваецца далей, людзі працуюць, усё ў парадку.

Я вось саджу бульбу, а хтосьці не садзіць, хоць і хацеў бы пасадзіць. А самае дзікае, гэта два дні аншлагаў на канцэртах «Рукі ўверх».

Усе тэатры, я лічу, сябе паказалі. Купалаўскі, Новы драматычны, драматычны тэатр у Горадні — астатнія працуюць, пляшуць і танцуюць. Мяне тэатральные жыццё ў Мінску зараз увогуле не цікавіць, я нават радыё са жніўня не слухаю, у машыне ўжо дзевяць месяцаў круціцца адзін і той жа дыск.

Яўгенія Кульбачная ў «Страху». Фота са старонкі Купалаўцаў у Фэйсбуку

— Я, шчыра кажучы, не магу хадзіць у нашы сённяшнія тэатры на прэм’еры, нават калі яны добрыя, — сугучна ў Крысціны. — Я з павагай стаўлюся да калег і іх працы, але мне здаецца, цяпер не час ні для такой працы, ні для паходаў у тэатр.

Чаму, нягледзячы на ўсе складанасці, Купалаўцы не разышліся ў розныя бакі? «Можа, праз тое, што нам забаронена працаваць, мы і не разышліся: у нас няма іншага выйсця, акрамя як трымацца адзін аднаго і клапаціцца адзін пра аднаго, — адказвае Міхаіл. — Да таго ж у Купалаўскім была асаблівая атмасфера, для нас ён заўсёды быў нечым большым, чым проста месца працы.

Гэта была нейкая форма сям’і і звальненне яшчэ больш збіла нас у адзін камяк. У нас не было нават думкі разбегчыся, да таго ж узнікла адказнасць перад людзьмі, для якіх гэты ўчынак нешта значыў.

Мінулай вясной, калі праз каранавірус не было працы, ты проста з’язджаў на лецішча і не клапаціўся пра тое, як там тэатр. Зараз ты так зрабіць не можаш, бо для таго, каб гэты мячык каціўся далей, патрэбны высілкі кожнага з нас.

Міхась Зуй. Фота Аляксея Піваварчыка са старонкі акцёра ў Фэйсбуку

— Калі на вуліцы людзі кідаюцца да мяне і кажуць, якія купалаўцы неверагодныя, бывае, са слязьмі на вачах, я разумею, што мы сапраўды зрабілі нешта важнае, — кажа Яўгенія. — Можа быць, наш учынак і наша творчасць даюць некаму сілу і веру ў тое, што праўда пераможа.

Можа быць, дзякуючы нам нехта задумаецца, што ён сам можа зрабіць, — напісаць ліст палітвязню альбо скласці верш пра свабоду. Людзі падтрымліваюць нас тым, што намі ганарацца.

Мы сыходзілі з адной думкай, і яна нас дагэтуль трымае разам, мы ж ад сваёй грамадзянскай пазіцыі не адмаўляемся. Заўжды казалі, што купалаўцы — гэта вялікая сям’я. А традыцыі тычацца не будынка, а людзей.

А дзевятнаццатай гадзіне 23 мая на канале каманды адбудзецца прэм’ера «вольнага» варыянта візітоўкі ранейшага Купалаўскага тэатра — спектакля «Паўлінка».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(43)