Общество
Сямён Печанко, фота аўтара

Як Навагрудак адсвяткаваў 970-годдзе

Дажынкавыя падворкі, настальгія па савецкіх часах і словы пра Еўропу. Падрабязнасці — у рэпартажы «Салідарнасці».

Болей фотаздымкаў з Навагрудка глядзіце на старонцы «Салідарнасці» ў Facebook.

Ужо зраніцы ў суботу праезды ў цэнтр Навагрудка былі перакрытыя.

На цэнтральнай плошчы рух нібы ў мурашніку: гандляры раскладвалі намёты, міліцыянты рыхтавалі пункты пропускаў, першыя госці фэсту блукалі ў пошуках гарачых напояў.

Над плошчай лунала музыка, саладжавы голас спяваў пра «милый мой провинциальный городок».

На сцэну выйшлі вядучыя, каб патрэніравацца чытаць урачыстыя словы. «А теперь на сцену приглашаются бывшие руководители региона…Приглашаем Турка…Как правильно Турка или Турка? Что вы хотите? Мы первый раз эти слова видим».

Гандлёвыя падворкі афармленнем і асартыментам нагадвалі «Дажынкі». Дзе-нідзе, не чакаючы афіцыйнага адкрыцця, частаваліся “чаркай і скваркай”.

Кавалі пад шыльдай «Адчакань шчаслівую манету» сабралі невялікі натоўп. Тут пры жаданні можна было выкаваць сваю манету самому або замовіць яе ў гаспадароў падворка. Узяў адну з манетаў у рукі — 5 бульбашей. Дзякуй, не трэба!

Са сцэны абвесцілі пачатак святкавання.

Загучала сярэднявечная музыка, вядучы расказаў легенду пра заснаванне старажытнага Навагародка. Далей пра гісторыю горада распавядалі ў храналагічнай паслядоўнасці. Міндоўг, першая сталіца ВКЛ, Лаўрышава, Міцкевіч.

Калі дайшла чарга да Другой Сусветнай вайны, на сцэну выйшлі школьнікі, апранутыя чырвонаармейцамі, вязнямі канцлагераў, а дзяўчынка ў чорным сімвалізавала маці, у якой на вайне загінуў сын.

Наступным выступаў гродзенскі эстрадны аркестр МНС.

Паслухаўшы ў выканні пажарных «Касіў Ясь канюшыну», я зразумеў, што толькі дзеля аднаго гэтага варта было ехаць у Навагрудак. Сваёй нязмушанасцю і лёгкасцю выступ аркестра нагадаў мне вулічныя святы ў Вільні.

У Навагрудку ж святкаванне ўяўляла сабой сумесь савецкага і еўрапейскага, калі пафасныя прамовы са сцэны змяняліся такімі вось «подыхамі Еўропы».

Часам еўрапейскае і савецкае сустракалася разам, як, напрыклад, стары ЗАЗ, з надпісам «Рожденные в СССР», і ягоны аднагодак «Сітраэн».

«У Германіі такія святы арганізуюць па-іншаму. Там нікога не зганяюць, як статак, дзеля масоўкі. Арганізацыяй займаецца прыватнік, улада толькі дае дазвол. І горад сваё атрымлівае па-поўнай», — расказвае сваёй суседцы чыноўніцкага выгляду мужчына на гандлёвым падворку аднага з мясцоым прадпрыемстваў.

Каля сцэны, да якой прапускалі пасля агляду на пунктах догляду, да абеду было нешматлюдна. Большасць кіравалася правераным з часоў Сярэднявечча прынцыпам «хлеба і відовішчаў».

І першага і другога хапала.

У Навагрудку да 970-годдзя з’явілася скульптура Рыцара, якую за дзень да святкавання ўсталявалі каля гары Міндоўга. У дзіцячым парку заклалі Алею скульптур, некалькі каменных кампазіцыяў з’явілася ў скверы каля музея Адам Міцкевіча. Краязнаўчы музей падрыхтаваў фотавыставу, дзякуючы якой можна было пабачыць, якім быў горад стагоддзе таму.

Уволю наглядзеўшыся, я пайшоў пашукаць, дзе перакусіць. Знайшоў невялічкую закусачную далей ад тлумнага цэнтра. «Капучына?!» — не паверыла сваім вушам прадавачка. — «Каву ў нас даўно не замаўлялі. Піражкі з мясам свежыя. Свежыя, кажу вам! Сёння ж свята!»

Болей фотаздымкаў з Навагрудка глядзіце на старонцы «Салідарнасці» ў Facebook.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)