Комментарии

Ігар Залескі

Як майстрыня ўвасобіла папулярны мэм «Чык-чырык» у хэндмэйд-цацку

«Чык-чырык» адыгрывае важную ролю: злуе, бесіць, штурхае на рушучыя дзеяньні. Адным словам, стымулюе». Менская майстрыня Натальля Сьвірыдзёнак расказала, як з мэму нарадзіўся рэальны вобраз.  

Натальля Сьвірыдзёнак са сваімі «гадаванцамі»

Натальля Сьвірыдзёнак нарадзілася ў Хабараўску 45 гадоў таму. Бацькі зь Віцебшчыны. Тата служыў у Чэхаславаччыне, Чарапаўцы, Хабараўскім краі, а з развалам Саюзу ў пачатку 1990-х пачаў шукаць магчымасьць вярнуцца на радзіму. У выніку адбыўся абмен кватэрамі з расейскім афіцэрам. 

Кармушка для «чык-чырыка»  

Паводле адукацыі яна мадэльер-тэхноляг швейнай вытворчасьці. Зь сямейных прычынаў ня можа працаваць стацыянарна, але мае дыстанцыйную занятасьць. У вольны час захапляецца творчасьцю, засвойвае розныя тэхнікі прыкладнога мастацтва, у тым ліку пляценьне зь нітак, дэкупаж бутэлек і г.д.     

Фармаваньне прэтэстнай пазыцыі

Натальля Сьвірыдзёнак мае выразную грамадзянскую пазыцыю і дэманструе яе ў розных сфэрах. Стараецца далучыць людзей да дваровых актыўнасьцяў. Адна з кастрычніцкіх акцый завершылася выклікам у суд і штрафам паводле «народнага артыкулу» 23.34. 

Яе сям’я жыве на самым выезьдзе зь Менска, гэта так званы 9-ы кілямэтар на ўскрайку Ўручча. Па-суседзтве вучэбныя і жылыя карпусы вайсковай акадэміі, распалажэньне ўнутраных войскаў, база амапаўцаў і іншых спэцпадразьдзяленьняў. Ну і шматпавярховікі з адпаведным кантынгентам – на даху аднаго нават усталяваны чырвона-зялёны сьцяг.

Пратэстная актыўнасьць на 9-м кілямэтры

Як вынік, нашмат большая канцэнтрацыя «ябацек», чым у традыцыйна пратэстных раёнах, усьміхаецца жанчына.   

–  Раён наш складаны, – паўтарае Натальля Сьвірыдзёнак. – Пакуль не знайшла аднадумцаў, езьдзіла ў «Новую Баравую», «Маяк Менск» – зусім іншы сьвет. У кастрычніку паспрабавала сабраць людзей – атрымалася пародыя на тое, што адбываецца ў іншых раёнах. Парывалася нават пераехаць. А потым ўзяла і нахабна ўвалілася да Андрэя з суседняга дому – доўга сачыла за іх вокнамі. І вось зь імі ўпершыню стала пад сьцяг «9-га кілямэтра». Раней хадзіла з плякатамі (насамрэч справа ж не ў сьцягах). Адзін парвалі, за другі далі штраф. І так панеслася, што спаць не было калі.

Нядзельныя маршы, акцыі ў падтрымку палітвязьняў, ланцугі салідарнасьці ўздоўж маскоўскай шашы. Паміж гэтым – сям’я, праца.

– Нічога новага, сёньня ўсе нармальныя людзі жывуць у такім рытме, – усьміхаецца Натальля.

«Спэцзамова» на арыгінальны прыз

Масава расшавяліць суседзяў не ўдавалася досыць доўга, не цураецца яна самакрытыкі. «Новыя» паціху адгукаюцца, а хтосьці зь «першага прызыву» пратэстоўцаў, наадварот, стаміўся. Каб узбадзёрыць, падтрымаць эмацыйна, даводзіцца генэраваць крэатыўныя ідэі.  

Конкурс птушыных кармушак 

– Часам апускаліся рукі. Столькі зроблена, столькі прыдумана, каб расшавяліць 9-ы кілямэтар, а зьнішчалася сваімі ж суседзямі. Сьцяну памяці Ромы Бандарэнкі аднаўлялі за суткі тройчы... Хлопцы паставілі альтанку, каб ладзіць тэматычныя імпрэзы і запрашаць ахвотных. Арганізавалі там узнагароджаньне лепшых вокнаў да калядных сьвятаў. І першая перамога – прыйшлі людзі! Затым прыдумалі конкурс кармушак. Гэтым разам падцягнуліся нават зь іншых раёнаў! Асабіста я стараюся  падтрымаць любую ініцыятыву, каб ня зьнікла жаданьне быць разам. 

Для ўдзельнікаў конкурсу кармушак Натальля пачала шукаць варыянты заахвочвальных прызоў. І спынілася на яркіх птушках зь вязальных нітак. Не асабліва затратна па грашах і часе, затое міла і арыгінальна, кажа яна. Так сярод падарункаў зьявіліся сьнегіры і сінічкі.

«Чык-чырык» у кармушцы

– Птушка зь нітак – ідэя не мая, – гаворыць майстрыня. – Кінула фота прататыпаў, якіх зьбіралася зрабіць на прызы, і раптам Андрэй падаў «спэцзамову» – увесьці ў калекцыю «чык-чырыка», гэткага «ўродца» у сям’і пярнатых. І я, больш дзеля сьмеха, скляпала з таго, што было пад рукамі. Першы наогул быў рарытэт: вочы-булаўкі, лапы ад цацкі-жабкі. Так нарадзіўся ў 9-цы наш «чык-чырык». Гэта наступныя ўжо сталі больш прадуманымі, даведзенымі да ладу. 

Гісторыя «чык-чырыка»

«Чык-чырык» – іранічная мянушка Аляксандра Лукашэнкі, гэткае гукаперайманьне птушынага чырыканьня з характэрным беларускім акцэнтам.

Сама фраза паходзіць ад аднайменнай песьні дуэту «Саша і Сірожа» у складзе музыкі Сяргея Міхалка і мастака Аляксея Хацкевіча.

Гукаперайманьне надзейна прыклеілася да кіраўніка краіны, калі  падпісант супольнасьці «Чай з малінавым варэннем» апублікаваў у камэнтарах карыкатуру, дзе Лукашэнка высьмейваўся ў якасьці мэма. Калі прэзыдэнта папрасілі ацаніць эканамічную сытуацыю ў краіне, ён адказаў  толькі адно – «чык-чырык».

Пасьля гэтага «беларускі верабей» пачаў вірусна распаўсюджвацца ў інтэрнэт-прасторы. 

У 2020 годзе на фоне пратэстаў у Беларусі выраз «чык-чырык» атрымаў другое жыцьцё, дзякуючы коміку Славу Камісаранку. Менавіта ён пачаў публічна называць Лукашэнку «чык-чырыкам».

У пачатку гэтага году стала вядома, што Камісаранку забаранілі праводзіць канцэрты ў Менску, на што ён неадкладна адрэагаваў адмысловым ролікам на YouTube з кпінамі на адрас Лукашэнкі. Відэа пад назвай «Новае пра чык-чырыка» адразу ж трапіла ў трэнды.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(19)