Комментарии
Лёлік Ушкін, “Наша ніва”

Як гандляваць людзьмі па-патрыятычнаму

Галоўнае рэзюмэ скандалу вакол дзяўчынкі, якую ў Берасьці ў адной моладзевай патрыятычнай арганізацыі фактычна «прадалі» ў Анапу: не навучыліся мы яшчэ гандляваць людзьмі па-патрыятычнаму. У ідэале трэба так.

Офіс РСМБ

Кліент: Добры дзень! Тут прадаецца жывая славянская шафа? Я не памыліўся з паролем?

Апаратчык: Усё правільна. Вы прыехалі ад Івана Іванавіча, нашага даўняга кліента з Анапы?

Кліент: Так! Ён мне распавядаў пра вас столькі добрага...

Апаратчык: Як кажуць, шмат працуем, мала сьпім, намагаемся стварыць моду на патрыятызм.

Кліент: Я вырашыў зьвярнуцца да вас па той самай праблеме. Я — дырэктар Мужчынскага клюбу, і мне патрэбныя стрыптызэршы.

Апаратчык: Вы памыліліся дзьвярыма. Гэта не прытон «коза-ностры», а служба працаўладкаваньня моладзі пры Саюзе патрыятычнай моладзі. Ніякіх стрыптызэршаў у нас няма.

Кліент: А хто ёсьць?

Апаратчык: Выхаванкі харэаграфічных гурткоў пры структурах РСМБ, чыя творчасьць — жывая ілюстрацыя пасьлядоўнай працы дзяржавы з таленавітай моладзьдзю.

Кліент: О! Бяру пяць штук. Будуць у мяне гэтую палітыку на сталах у адных купальніках пасьлядоўна ілюстраваць.

Апаратчык: Чакайце. Адной з умоваў кантракту будзе ўключэньне ў рэпэртуар музычна-харэаграфічных нумароў, якія будуць уздымаць патрыятычны дух камбайнэраў у часе ўборачнай.

Кліент: Можна паглядзець аркуш? «Квітней, Беларусь»? «Слухай бацьку», ОК! Колькі я вам вінны?

Апаратчык: Пачакайце, у нас вельмі-вельмі таленавітая моладзь, і я ўпэўнены, што нехта з наведнікаў Клюбу пажадае ў больш інтымнай атмасфэры ацаніць прыгажосьць духоўна-маральнага сьвету пасланіц нашай рэспублікі.

Кліент: Натуральна!

Апаратчык: Дык вось, каб сярод гэтых аматараў духоўнасьці не было дыпляматаў Латвіі і Чэхіі. Мы не дазволім ніякай галубізны.

Кліент: Гарантую.

Апаратчык: Цяпер скажыце: дзе будуць жыць танцоркі?

Кліент: У іх будзе свая камфартабэльная студыя, былая кладоўка памерам тры на тры.

Апаратчык: Яшчэ адна ўмова: на сьценах мусяць вісець партрэт, «капуста» і сьцяг. У нас ёсьць сымбалі, якімі трэба ганарыцца! І ня думайце проста выразаць «бацьку» з газэты. Набудзьце стандартнага, мэтар на два ў рамачцы.

Кліент: Гэта ўсё?

Апаратчык: Амаль. На ўвесь пэрыяд працы ў вас дзяўчаты павінны выпісаць «СаўБелію». І амаль забыўся — вітаньні Іван Іванавічу.

Кліент (сыходзячы): ...ня брэшуць беларускія білборды: «За апошняе стагодзьдзе рабства ня стала гуманьнейшым ні на ёту».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)