Экономика

Як Беларусь набыла і згубіла БМЗ — перліну сваёй эканомікі

Беларускі металургічны завод, дзе працуюць 11 тысяч чалавек, — гэта горадаўтваральнае прадпрыемства Жлобіна. Старажылы памятаюць часы, калі тут плацілі высокія заробкі, а БМЗ спансаваў інфраструктуру горада. Але прайшоў час, і з заможнага прадпрыемства завод пераўтварыўся ў пастаяннага даўжніка, піша НН.

Ды такога, што цяпер крэдыты патрэбныя нават на выплату заробкаў. Расказваем, як так атрымалася.

БМЗ будавалі еўрапейцы — генпадрадчыкам была аўстрыйская кампанія Voest Alpine, пастаўлялі тэхніку італьянцы з Danieli.

Пачалі будаваць у 1982-м, першая сталь з печаў пацякла ў 1984-м. Беларусь не забяспечвае сябе рудой, таму загружаюць БМЗ металаломам, сваім і чужым.

На ўнутраны рынак ідзе працэнтаў 15 ад аб'ёму прадукцыі завода. Усё астатняе павінна ісці на экспарт.

Сярод спажыўцоў — вялікія і вядомыя фірмы. Нават у Volkswagen знойдзецца нешта, зробленае на БМЗ. Завод перапрацоўвае лом, з якога потым робіць трубы, металакорд, дрот — спіс прадукцыі досыць вялікі.

На БМЗ чатыры вытворчасці: сталеплавільная, пракатная, трубная, мецізная.

Гэта, дарэчы, быў адзіны металургічны завод у СССР, пабудаваны заходнікамі і па заходніх тэхналогіях.

Прыклад прадукцыі — дрот

Праўда, партнёрства з аўстрыйцамі потым вылезе БМЗ бокам, але пакуль што, у 91-м, у чысты рынак з развалам СССР прадпрыемства выходзіла на піку сваёй формы: новае, з самым сучасным абсталяваннем, з развязанымі рукамі, без неабходнасці забяспечваць савецкую дзяржзамову, а значыць — з магчымасцю прадаваць на прэміяльныя рынкі і па прыемнай цане.

Мала сказаць, што БМЗ тады пачаў добра жыць. Даставалася і ўсяму Жлобіну. Поспех таго, ранняга БМЗ, старажылы звязваюць з асобай дырэктара Юрыя Феакцістава.

90-я і залатыя часы для завода

Феакцістаў быў рускім. Як і большасць менеджменту. Проста да таго ў Беларусі не было такога роду прадпрыемстваў, таму Савецкі Саюз пасылаў тых, хто мае досвед.

Ён кіраваў заводам 10 год (1989-1999) і заспеў яшчэ да-лукашэнкаўскія часы, калі кіраўнік буйнога завода меўся быць перадусім менеджарам, а не выканаўцам, і сродкі размяркоўваў без аглядак на рознага роду кабінетных дзеячаў, якім лепш відаць.

«З Юрыем Васільевічам мы ўдала выйшлі на міжнародны экспарт, пачала развівацца метызная вытворчасць (выпуск бартавога дроту, металакорда і інш.) — завадчане ўспамінаюць Феакцістава добрым словам і цяпер. — Залатыя часы для завода: заробкі былі высокія па мерках таго, што адбывалася навокал, будавалася жыллё, развівалася інфраструктура ва ўсім горадзе.

Але яго арыштавалі пасля выступлення Лукашэнкі. Паводле папулярнай на заводзе версіі — Феакцістаў не аддаваў у бюджэт заробленыя грошы, а інвеставаў іх згодна са сваімі ўяўленнямі аб эфектыўнасці. Значыць, у сам завод».

Феакцістаў у свой час прыняў прынцыповае рашэнне што выпускаць: трубы ці дрот. Гэта вельмі розныя вытворчасці. У выніку спыніліся на дроце і БМЗ з гадамі займеў долю ў больш як 10% на сусветным рынку металакорду. Праўда, не ўсё было так проста, як бачылася рабочым.

Чырвоны дырэктарат і яго атачэнне таксама шукалі як зарабіць на кландайку, які прама ў руках генераваў мільёны і мільёны долараў.

З пашырэннем ліній вытворчасці завод абрастаў дылерамі, якія рабілі ўсё тое, чаго самі металургі нібыта не маглі: рэалізоўвалі прадукцыю, шукалі кліентаў, выступалі пасярэднікамі і гарантамі пры атрыманні крэдытаў у замежных банках для закупак сыравіны і абсталявання.

У выніку, значную частку прыбыткаў завод аддаваў трэйдарам, а для мадэрнізацыі ўласнай вытворчасці звяртаўся па крэдыты, якія з тымі ж самымі «гарантамі» каштавалі даражэй рынка.

Вось як гэта працавала. Напрыклад, пашырацца заводу дапамагала тая самая аўстрыйская Voest Alpine.

«У межах распачатай у 1996 годзе рэканструкцыі БМЗ Voest Alpine пастаўляла заводу сваё абсталяванне ў абмен на права збыту яго металапрадукцыі на замежных рынках, — так металургічны часопіс «Метал. Бюлетэнь. Украіна» апісваў вытокі праблем БМЗ у 2000-х. — На думку экспертаў, менавіта з-за гэтай дамовы завод практычна цалкам пазбавіўся абаротных сродкаў.

І, сапраўды, калі б абсталяванне закуплялася за кошт доўгатэрміновых крэдытаў, то прадпрыемства размяшчала б часам для наладжвання вытворчасці, выпуску прадукцыі, яе рэалізацыі і разліку па пазыцы.

Пры супрацоўніцтве ж з Voest Alpine разлік за гэтае абсталяванне вялі шляхам паставак металапракату ўжо праз некалькі месяцаў пасля яго выпуску. Пры гэтым, станкі закупляліся не «пад ключ» — для пачатку працы патрабавалася ўвесці іх у эксплуатацыю.

Па асобнай дамоўленасці мантаж таксама выконваўся сіламі кампаніі Voest Alpine, што не заўсёды садзейнічала якаснай рабоце абсталявання.

Пры гэтым, па дадзеных англійскай кампаніі Miramex, кошты, па якіх аўстрыйская кампанія набывала прадукцыю БМЗ, былі ніжэй тых, што выстаўляюцца іншым трэйдарам. Гэта давала Voest Alpine відавочную перавагу на сусветным рынку і выклікала, у прыватнасці, перанасычэнне рынка арматуры ў ЗША.

У выніку там было распачата антыдэмпінгавае расследаванне супраць паставак арматуры з Беларусі, якое завяршылася ўвядзеннем антыдэмпінгавай пошліны ў памеры 114%. Так БМЗ фактычна страціў адзін з самых выгадных у свеце рынкаў канструкцыйнай сталі».

У 1999-м Феакцістава арыштавалі пасля выступлення Лукашэнкі перад дэпутатамі. Афіцыйныя прычыны адрозніваліся ад меркавання рабочых. 

«БМЗ купляе ў Расіі металалом. Стварылі фірму, якая закупляе 20-30 тысяч тон металалома ў Расіі для вытворчасці метала БМЗ. Сваю структуру стварылі. І што вы думаеце, гэта структура, закупляючы металалом па 20-30 долараў, БМЗ, роднаму прадпрыемству, якое яго нарадзіла, прадае па 70-80 долараў», — казаў тады Лукашэнка.

Гаворка вялася пра фірму «Межгосметіз», якая не толькі збірала і пастаўляла на завод лом, але і мела эксклюзіўныя правы на продаж прадукцыі завода ў Расіі. У выніку чаго нейкая значная частка прыбыткаў магла не даходзіць да Жлобіна. 

Зрэшты, Феакцістаў пабыў у СІЗА нядоўга — 4 месяцы. А потым яго выпусцілі па асабістай просьбе тагачаснага губернатара Арлоўскай вобласці (а да таго — спікера верхняй палаты Дзярждумы) Егора Строева. Справа ў тым, што Феакцістаў сам быў выхадцам з Арлоўскага сталепракатнага завода, і менавіта выхадцы адтуль дамінавалі ў кіраўніцтве БМЗ цягам многіх год. 

Дырэктары мяняліся, падыходы — не 

Пасля выхаду Феакцістаў з’ехаў у Расію кіраваць нядаўнаствораным «Урал-кордам», які неўзабаве стаў галоўным канкурэнтам БМЗ. Дырэктар БМЗ змяніўся, ім стаў Аляксандр Фаменка. Але схемы работы ён змяніць не здолеў. 

«Пры Фаменку асабліва яскрава выявіліся фундаментальныя праблемы БМЗ, — пісаў некалі беларускі журналіст Міхаіл Падаляк, які цяпер працуе дарадцам прэзідэнта Украіны Зяленскага. — Па-першае, завод працаваў па непразрыстых фінансавых схемах.Практычна не існавала уліковай сістэмы дэбету/крэдыту. І гэта вельмі задавальняла як кіраўніцтва завода, так і яго трэйдараў.

Па-другое, завод шчыльна сядзеў на фінансавым круку, умела закінутым той жа Voest Alpine Бо ўсе крэдытныя дамовы БМЗ з заходнімі банкамі рыхтаваліся пад «гарантыі» Voest Alpine.

Па-трэцяе, ключавыя пасады на заводзе займалі толькі ангажаваныя персанажы. Якія мелі нейкую агульную цікавасць і працавалі на карысць традыцыйных трэйдараў. Каманда рыхтавалася да актыўнай «эксплуатацыі» БМЗ».

Фаменку знялі, беганіна дырэктараў працягнулася — прызначылі Вадзіма Піліпава. Ён пачаў чысціў старыя кадры Феакцістава, а таксама адмаўляцца ад усяго фінансавання, якое ішло праз Voest Alpine, і дамаўляцца з банкамі наўпрост. Пагадзіўся Альфа-банк.

Фаменка збольшага пазбавіўся ад таксічнай залежнасці ад аўстрыйцаў, але тут прыйшла новая бяда. БМЗ пачалі навязваць работу на расійскім рынку праз кампанію ЕL Реtroleum: маўляў, трэба дыверсіфікаваць пастаўшчыкоў.

Баючыся паўтарэння гісторыі з аўстрыйцамі, ён гэтае сяброўства сабатаваў і, у выніку, аказаўся звольнены за невыканання прагнозных паказчыкаў росту. 

Атрымалася, што расійскія зборшчыкі лома ў 2001-м дабіліся зніжэння экспартных пошлін і сталі прадаваць лом не ў блізкую і танную Беларусь, а на далёкія прэміяльныя рынкі. А перавотворчасць лома ў свеце абрынула цану на метал амаль да сабекоштаў. Расці не было як аб'ектыўна, але дырэктара ўсё роўна знялі.

Высмоктванне абароткі і «дзяржаўныя праекты»

Піліпаў у СМІ наўпрост абвінавачвае тагачаснага кіраўніка Дзяржкантроля Анатоля Тозіка ў тым, што гэта ён стаіць за атакай на новага дырэктара. Маўляў, спрабуе падабрацца да валютнага скарба праз лабіяванне канкрэтных фірм, якія на завод не хацеў дапускаць Піліповіч. 

Пасля публічных нападак на ўсемагутнага на той момант Тозіка Піліпаў паспявае ўцячы ў Расію, але на БМЗ пачынаюць затрымліваць менеджараў, якія мелі дачыненне да падпісання дамовы з кампаніяй Miramex.

Сэнс быў у тым, што праз вялікія даўгі БМЗ аказалася на мяжы банкруцтва, але даўгі на 30 мільёнаў долараў пагасіла Miramex у абмен на пэўныя зніжкі і прывілеі ў пастаўках прадукцыі завода на Захад.

Тады ж затрымалі вядомага беларускага багацея Аляксандра Сманцара, які быў прадстаўніком Miramex.

У выніку кантракт разарвалі, пагашэнне даўгоў на сябе ўзяла дзяржава. Сманцэр пасля адсікі выедзе ва Украіну і ніколі не вернецца да былых аб’ёмаў. Але яшчэ пару разоў прагучыць у палітычных скандалах пры кантактах з апазіцыяй. 

Пасля гэтага дырэктарам становіцца Мікалай Андрыанаў, чалавек абсалютна з сістэмы Лукашэнкі. Ён абяцае скончыць гульні вакол завода і спыніць практыкі супрацоўніцтва з адным, эксклюзіўным пастаўшчыком. Але нічога не мяняецца, мяняюцца толькі назвы фірмаў.

Публікацыі тых часоў сцвярджаюць, што фірма «Кронас», якая прыйшла на замену Miramex і «Межгосметізу», у асобныя часы пакідала сабе да 40% выручкі завода. А зніжка на прадукцыю для гэтага эксклюзіўнага пастаўшчыка была 12%.

Так парадаксальна вяліся справы: ніхто больш купіць не можа, а той, хто можа, атрымлівае зніжку. Пры гэтым, адпускныя цэны на БМЗ і так былі самыя нізкія ў рэгіёне. Іншыя ж трэйдары, зацікаўленыя ў пастаўках корда на расійскі рынак, да закупак не дапускаліся. 

У 2004 годзе БМЗ замахнуўся на абсалютна новую для сябе галіну — выпуск бясшоўных стальных труб. Гэта зусім іншая спецыфікацыя, гэта не корд, з якім БМЗ стаў адным з сусветных лідараў. Трубы — гэта асобна, з неабходнасцю вялікага пашырэння і інвестыцый.

Грошы шукалі па ўсім свеце, але першымі захацелі ўдзельнічаць рускія, якія прапаноўвалі стварыць сумеснае прадпрыемства расійскай «Трубнай металургічнай кампаніі» і асобных цэхаў БМЗ. Але з ідэяй прыватызацыі нічога не выйшла.

Вырашылі сваімі сіламі, хаця эканамісты білі трывогу: лепш засяродзіцца на кордзе, бо ўзяўшыся за новае невядома што атрымаем, але можам згубіць і старую вытворчасць, якую ўжо трэба абнаўляць.

Але беларускіх кіраўнікоў было ўжо не спыніць: на заводзе пачаўся цыкл бясконцай «мадэрнізацыі», якая, згодна з разлікамі на паперы, мелася прынесці мільярды, але прыносіла толькі страты. 

Так, скончыўшы з дзялкамі і круцелямі ранейшых гадоў, БМЗ сутыкнуўся з новымі праблемамі, уласцівымі новым дзяржаўным кіраўнікам: нерэальнай ацэнкай рызык пры буйным інвеставанні, навешваннем стратных прадпрыемстваў на БМЗ для падтрымкі іх штаноў, высмоктвання абароткі ўжо хай і не на абагачэнне завадскіх кіруючых кланаў, а на іншыя, ужо «дзяржаўныя» праекты, але таксама з сумнеўным выхлапам.

Бясконцыя мадэрнізацыі давялі завод да мінусаў

Гэта ў выніку і прывяло БМЗ да краху. З 2009 і па 2019 год дырэктарам завода быў Анатоль Савенок. Практыкі па рабоце з мутнымі трэйдарамі спыніліся, здаецца як, у 2008-м. Прынамсі ў Еўропу з таго часу прадае літоўская кампанія, якая належыць самому БМЗ. 
Рэзюмаваць бясконцыя цыклы распілачных «мадэрнізацый» можна словамі Рамана Галоўчанкі: «[Даўгі БМЗ] ўтварыліся праз тое, што некаторыя праекты пакуль не апраўдалі сябе эканамічна. Змянілася рыначная кан'юнктура, сусветныя цэны, таму не хапае сілаў, каб разлічвацца па абавязках».

Дакладная сума грошай, убуханая ў «мадэрнізацыю», невядомая. Але выглядала гэта так: на «мадэрнізацыю» БМЗ бралі крэдыты для закупкі імпартнага абсталявання, у выніку ў прадпрыемства ўтварыліся гіганцкія валютныя даўгі.

Вядомыя выпадкі, калі менеджары БМЗ здавалі на металалом дарагую імпартную тэхніку, пастаўленую дзесяцігоддзе таму ў рамках мадэрнізацыі, але так і не ўстаноўленую.

Прадстаўнікі незалежнага прафсаюза, які фарміраваўся на БМЗ, неяк тлумачылі для НН, што ў «тлустыя» для металургіі 2005-2008 гады, калі рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі ў некаторыя месяцы была пад 50%, а выручка сягала $2 мільярдаў, у завода зразалі ўвесь тлушч. Абавязвалі прадаваць валюту на біржы, рабіць адлічэнні ў фонд нацыянальнага развіцця, патрабавалі спонсарскай дапамогі і навешвалі дэпрэсіўныя арганізацый на баланс у рамках «холдынгабудаўніцтва».

«Эканамічны цыкл канкурэнтаў быў іншы: яны зарабілі на пад'ёме, сфарміравалі рэзервы, з заробленага мадэрнізаваліся ў адпаведнасці з якаснымі прагнозамі, а цяпер зарабляюць з мадэрнізацыі. Мы ж улезлі ў непрадуманую да дэталяў мадэрнізацыю за чужыя крэдытныя грошы, давалі вал праз тое, што даведзеныя паказчыкі важнейшыя за эканамічную мэтазгоднасць», — казалі металургі.

Першы сур'ёзны фінансавы стрэс у выніку немагчымасці разлічыцца з крэдыторамі лячылі рэструктурызацыяй даўгоў і выпускам дадатковых аблігацый на $240 мільёнаў адбыўся ў 2016-м. Гэтыя аблігацыі ў добраахвотна-прымусовым рэжыме купілі беларускія банкі: Белінвестбанк, Беларусбанк, Белаграпрамбанк. «Невялікія» пакеты дасталіся таксама БПС-Ашчадбанку, Белгазпрамбанку і БелВЭБу.

Далей — болей. У выніку здарылася страшнае. Колішні гонар беларускай прамысловасці ў 2021-м аказаўся на мяжы фінансавага калапсу праз немагчымасць зарабляць грошы, не гледзячы на працяг работы — проста выплаты па крэдытах перакрываюць усе прыбыткі.

За 2020 год БМЗ зарабіў 34 тысячы беларускіх рублёў чыстага прыбытку. Для такога буйнога прадпрыемства выглядае мізерам.

Па стане на верасень 2020-га агульны доўг БМЗ сягаў страшнай лічбы — 3,6 мільярда рублёў. Значная частка з іх — доўг перад замежнымі крэдыторамі.

Ратаваць завод прыйшлося, натуральным чынам, усёй краінай, бо дэфолт такога гіганта паваліў бы і банкі, і эканоміку. 

Рататавалі ўсёй краінай

«Наша Ніва» паведамляла пра сакрэтны план выратавання. Яго дэталі нідзе не агучваліся, рашэнні рэгулююцца ўказам Аляксандра Лукашэнкі, якога няма ў публічным доступе.
Працягненне жыцця БМЗ і крэдытнае ратаванне ўключала наступныя пункты:

— Значная частка доўгу БМЗ становіцца доўгам дзяржавы ў асобе Мінфіна;

— Беларускія банкі спісваюць частку запазычанасці па даўгах БМЗ, перакладзеных на Мінфін. Што гэта значыць? Банкі бачаць, што БМЗ не зможа аддаць крэдыты і, каб не згубіць гэтыя грошы, пагаджаюцца, што даўгі БМЗ возьме на сябе Мінфін — «дзяржава», якая зможа разлічыцца. Але ўзамен за гэту паслугу Мінфін патрабуе зніжэння аб’ёму доўгу на 15%;

— Гэтак жа БМЗ дазваляюць выкупіць уласныя аблігацыі з 15% дысконтам. Купленыя за ўмоўныя 100 рублёў аблігацыі банкі атрымаюць назад за 85 рублёў;

— Частку валютнага доўгу, каля $400 мільёнаў, перарабілі ў бюджэтную пазыку ў беларускіх рублях. Адметны тут і час пагашэння — па 2050 уключна.

— Каля $350 мільёнаў крэдытнай запазычанасці перавялі ў статутны фонд прадпрыемства. Гэта значыць, што той, хто пазычаў грошы, назад іх не бярэ, але як бы атрымлівае ілюзію, што сродкі зашытыя недзе там, у самім прадпрыемстве. Гэта амаль як спісанне доўгу, але прыгажэй выглядае на паперы.

І фінальнай ілюстрацыяй цяперашняга стану завода з'яўляецца тое, што з зімы мінулага года БМЗ патрабуюцца штомесячныя крэдыты ў памеры $6 мільёнаў на выплату заробкаў.

Штомесяц яго выдаюць беларускія банкі. Прадпрыемства не толькі не прыносіць прыбыткаў, але і бярэ грошы на тое, каб надалей генераваць страты.

Калі казаць пра актуальную статыстыку, то на сёння вядома толькі абмежаваныя дадзеныя за 9 месяцаў 2021 года. Выручка вырасла з 1,974 млрд рублёў да 3,382 млрд, але чысты прыбытак усё роўна застаўся на ўзроўні 45 тысяч рублёў.

І прагноз для іх у цэлым неспрыяльны. Fitch прадказвае, што сусветныя цэны на сталь у 2022 годзе ўпадуць больш як на 20%, і будуць падаць яшчэ тры гады — з 950 да 530 долараў за тону. Гэта звязана з тым, што вядучыя эканомікі скарачаюць патрэбу ў метале і прамысловасці, нарошчваючы сферу паслуг.

Каштоўнасць БМЗ для ўладаў застаецца ў тым, што ён генеруе валюту — каля 3,8% валютнай выручкі Беларусі прыходзіцца на гэты завод.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.6(22)