«Я ведала, што будуць палітвязні, катаванні, смерці»

Праваабаронца Наста Лойка пра тое, чаму застаецца ў Беларусі.

Тут і далей фота Ірыны Арахоўскай

Грамадзянская супольнасць у Беларусі разгромленая, ліквідаваныя амаль усе недзяржаўныя арганізацыі: ад праваабаронцаў і фондаў да эколагаў і бортнікаў. Некаторыя заснавальнікі ці супрацоўнікі НДА становяцца фігурантамі крымінальных спраў, некаторыя — з’язджаюць за мяжу.

Але пры гэтым знаходзяцца людзі, якія застаюцца ў Беларусі і працягваюць сваю працу, нягледзячы на ўсе пагрозы. Адна з іх — праваабаронца Наста Лойка, сузаснавальніца арганізацыі Human Constanta. Арганізацыю ліквідуюць, сама Лойка — падазраваная па крымінальнай справе. Яна мела шмат магчымасцяў з’ехаць, але вырашыла застацца ў Беларусі. Чаму так? Ці не страшна?

— Што зараз з вашай праваабарончай арганізацыяй Human Constanta? Чым пачыналася і чым скончылася?

— Нічога не скончылася. Мы працягваем дзейнасць.

Мы працуем з 2016 года. Увосень мы зарэгістраваліся афіцыйна. гэта было важна, бо мы хацелі наладжваць камунікацыю і з бізнэсам, і з дзяржавай. Цікава, што трэба было ўзгадніць назву з чыноўнікамі, і мы вельмі доўга не маглі гэта зрабіць.

Выканкам казаў: з гэтай назвы не зразумела, чым вы будзеце займацца. У выніку, мы прынеслі ім 33 варыянты, яны пачалі псіхаваць і пагражаць, што могуць браць па тры варыянты і разглядаць іх па пяць дзён.

Але ж неяк дамовіліся, і нас зарэгістравалі пад назвай, якая складалася аж з 11 словаў: установа «Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Х’юман Канстанта».

У прынцыпе, я ўвесь час бачыла шмат праблемаў і разумела, што маю сілы займацца іх вырашэннем. Калі я працавала ў «Вясне», гэта была зусім няўдзячная праца, бо я займалася людзьмі, якіх бясконца рэпрэсавалі за палітычныя акцыі. Гэта было бясконцае кола: адных вызваляюць, іншых саджаюць. І там ты разумееш, што дакладна не можаш ні на што паўплываць.

І пасля так атрымалася, што я і яшчэ некалькі чалавек хацелі займацца тэмамі, якімі больш не займаўся ніхто, ці мала хто займаўся, напрыклад мігрантамі. Падчас маёй працы ў «Вясне» гэта было немагчыма, бо з «Вясною» не хацелі камунікаваць дзяржорганы.

І ў нас былі свае падыходы. Напрыклад, прынцыпова было важна ўзаемадзейнічаць з абсалютна рознымі арганізацыямі і ініцыятывамі, у тым ліку і з дзяржаўнымі.

Мы прапаноўвалі шмат зменаў у заканадаўства і некаторыя нашы прапановы нават улічвалі!

Напрыклад, унеслі некалькі нашых прапаноў у закон аб становішчы замежнікаў і асобаў без грамадзянства. Таксама мы дапамагалі з распрацоўкай закона аб персанальных дадзеных, праўда, частку ідэй не падтрымалі праз сітуацыю ў 2020 годзе.

Таксама мы разумелі, што праз праблемы замежнікаў у Беларусі, можна вырашыць некаторыя стратэгічныя праблемы. Тлумачу: калі замежнікаў утрымлівалі ў ІЧУ месяцамі, дзе кепскія ўмовы, то патрабаваць палепшыць умовы для замежнікаў — значыць патрабаваць палепшыць умовы для ўсіх у ІЧУ.

Мы заўсёды хацелі выйсці з гэтай парадыгмы супрацьстаяння з дзяржорганамі. Усё ж задача праваабаронцаў — нагадваць дзяржаве пра міжнародныя абавязкі. Неабавязкова гэта рабіць выключна ў крытычнай форме, можна выкарыстоўваць больш мяккія падыходы.

Пры гэтым мы не баяліся брацца за важныя тэмы. Наша місія дапамогі чачэнскім бежанцам у Брэсце выйшла паказальнай, бо мы там камунікавалі з усімі дзяржорганамі, з міграцыйнымі службамі, з Чырвоным Крыжом, з міліцыяй.

Гэта не была нейкая глабальная падтрымка, але кантакт знайсці было можна. Але ўсё вельмі моцна змянілася ў 2020 годзе. Сітуацыя вельмі моцна адкацілася назад.

Праўда, я столькі ўжо бачыла тых крызісаў, што, здаецца, да іх падрыхтаваная. Проста шукаеш новыя шляхі працы. Я не ўяўляю, што проста кіну гэта і перастану займацца. Тым больш цяпер столькі выклікаў і праблемаў.

Раней я бачыла сітуацыю наступным чынам. Былі тэмы, за якія я была спакойная, напрыклад, былі хаця б гарачыя лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту, былі арганізацыі, якія намагаліся змяніць закон у гэтай праблеме. А былі тэмы, якія бралі мы, бо іх ніхто больш не браў.

Цяпер так, усё інакш, бо арганізацыі ліквідуюцца. Частка з іх працягвае дзейнасць, нягледзячы на ўсё, але частка знікае. Я не ўяўляю, хто будзе збіраць грошы, каб дапамагаць бяздомным аднаўляць дакументы. Раней была праграма для гэта ў «Імёнаў», сёння «Імёнаў» больш няма.

Але з аднаго боку я больш непакоюся пра ўсё гэта, але з іншага — беларускае грамадства паказала неверагодны ўзровень салідарызацыі, і я вельмі спадзяюся, што гэта спрацуе зноў, што замест арганізацый з’явяцца нейкія іншыя ініцыятывы.

— Што цяпер? Human Constanta закрытая?

— Мы ў працэсе ліквідацыі. Не можам ажыццяўляць афіцыйную дзейнасць, але яшчэ паперку, што нас больш няма, не атрымалі.

І мы афіцыйна заявілі, што будзем працягваць працу. Статус зарэгістраванай арганізацыі нам быў патрэбны ў першую чаргу для камунікацыі з дзяржаўнымі органамі, з бізнэсам, а сёння гэта ўжо немагчыма па шэрагу ўсім вядомых прычын. Таму важнымі тэмамі мы працягнем займацца і без рэгістрацыі.

Ну і частка каманды зараз не ў Беларусі: хтосьці па палітычных прычынах, хтосьці не, але мы адаптуемся і да гэтага фармату працы.

«Ёсць нейкае псіхалагічнае адчуванне, што самае страшнае ўжо адбылося»

— Але ж ты, напэўна, разумела, што і па цябе прыйдуць. Чаму не з’ехала таксама?

— Чакала, так, бо было зразумела, што НДА будуць помсціць за санкцыі. Проста таму6 што яны ёсць. Адзінае, што я чакала праблем раней, недзе ў лютым, калі былі вобшукі ў «Вясны», у БАЖ.

Пасля пачалася зачыстка грамадскіх арганізацый 14 ліпеня і я моцна здзівілася, чаму не прыйшлі па мяне? Але ўсё аказалася вельмі банальна. Я не карысталася мабільным тэлефонам апошнія паўгода і выглядае, што яны проста не маглі знайсці мяне праз гэта. Бо літаральна адна СМС, што я іду да доктара — і мяне затрымалі прама пад медцэнтрам «ЛОДЭ». І пасля па паперах аказалася, што я таксама праходжу яшчэ з 13 ліпеня.

[Лойку затрымаў Дэпартамент фінансавых расследаванняў 13 жніўня. 72 гадзіны яна правяла за кратамі, пасля выйшла ў статусе падазраванай па крымінальнай справе аб нясплаце падаткаў. З таго часу Наста знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і абавязацельствам аб яўцы — НН]

Калі пачаліся пратэсты, я прытрымлівалася пазіцыі, што не ўдзельнічаю ані ў акцыях, ані ў ініцыятыўных групах, бо займаюся праваабарончай дзейнасцю.

Я разумела, што за любую актыўнасць могуць быць рэпрэсіі, якія будуць замінаць мне выконваць маю працу. У жаночых маршах хацелася прыняць удзел, але стрымлівалася. Таму раней не было нагоды сілавікам да мяне прыходзіць.

Я не з’язджала, бо абсалютна ўпэўненая, што не займаюся нічым кепскім. Усё, што я раблю — цалкам легальна, і гэта актуальна менавіта калі я тут, у Беларусі.

За апошні год-два я перыядычна выязджала з краіны: на тыдзень, месяц ці паўтара, проста каб пабыць у бяспецы, без трывожнага фону.

Глабальна з’язджаць я не хацела, бо шмат што прасцей і зручней рабіць, калі знаходзішся тут, на месцы і я не разумею, чаму ўвогуле павінна эміграваць.

Я разумею кантэкст, бачу, што пераследуюць за акцыі, за палітыку. Пасля пайшлі па грамадскіх арганізацыях. Я разумею, што справы там ёсць, бо знайшлі нейкія дакументы, штосьці знайшлі, што дало хаця б фармальную нагоду.

Я ж праходжу таксама па справе «Вясны». Падчас вобшукаў у іх забралі шмат дакументаў з 2013 па 2020 год. Таму цяпер па гэтай справе шмат фігурантаў, усе ў розных статусах. У тым ліку і я — як падазраваная.

Цяпер я пад падпіскай аб нявыездзе. З’язджаць нелегальна не буду: дорага, нервова, і, яшчэ раз нагадаю, я ж не злачынца, каб бегчы.

Больш за тое, у мяне была сітуацыя, што я — ужо пад падпіскай — выязджала ў Літву ў санаторый. Крымінальна-працэсуальны кодэкс дазваляе часова выпускаць за мяжу па медыцынскіх прычынах. Я скарысталася гэтым, пісала хадайніцтва — і следчы яго задаволіў.

Таму магчымасць застацца за мяжою нават зараз у мяне была, гэта было лёгка. Але я не хачу. Вярнулася назад і цяпер бегчы не планую. Разумею, што ёсць шмат заняткаў тут, і я адчуваю ў сябе сілы гэтым займацца.

І, шчыра кажучы, ёсць нейкае псіхалагічнае адчуванне, што самае страшнае ўжо адбылося. Чаканне, «прыйдуць-не прыйдуць» было цяжкім, а цяпер нават стала неяк спакайней. Я правяла трое сутак на Акрэсціна, і атрымала статус падазраванай.

І спадзяюся, што хаця б да суда мяне чапаць ужо не будуць, а там ужо ці зробяць мяне сведкай, ці абвінавачанай. Каб вельмі хацелі — зрабілі б ужо даўно гэта. Таму пакуль жыву як звычайна, даю каментары, раблю сваю справу.

Таксама я ведаю гэтае рэпрэсіўнае поле і спрабую абыходзіць некаторыя моманты, бо разумею, што пісаць каменты ў чатах — гэта магчымасць заехаць на гады. І мне не складана гэтага не рабіць.

Ды і калі штосьці здарыцца і мяне возьмуць пад варту ці дадуць рэальны тэрмін — мне здаецца, я псіхалагічна ўжо падрыхтавалася да гэтага. Проста праз тое, што столькі гадоў займалася тэмай палітвязняў.

— А як не паехаць дахам, калі чакаеш, што могуць прыйсці, разграміць жыллё, што што могуць пасадзіць?

— Гэта складана. Я ратавалася тым, што выязджала некалькі разоў за мяжу, проста каб пабыць у спакоі. Таксама трэба звяртацца па прафесійную дапамогу — я першы раз у жыцці паўгады прымала антыдэпрэсанты, чаго не рабіла ніколі раней. Бо назапашваецца стомленасць, злосць, часам гэта ўжо вельмі цяжка.

Таксама ратуе падтрымка блізкіх, сяброў. Ну і праца, калі разумееш, што маеш сваю справу.

— Як адчуваеш сябе пасля разгрому грамадзянскай супольнасці і словаў Лукашэнкі, што сапраўдныя грамадзянскія арганізацыі — гэта «Белая Русь», БРСМ і гэтак далей?

— Ну зараз такое ўражанне, што дзяржава пілуе галіну, на якой сядзіць. Бо дзяржорганы камунікавалі з некаторымі НДА, экалагічнымі, напрыклад, не таму, што гэтым ім падабалася, а таму, што гэта гарантавала грошы ад замежных арганізацый і фондаў.

Праз ліквідацыю арганізацый шмат якія праекты знікнуць ці будуць замарожаныя, і гэтая сляпая помста яшчэ дасць пра сябе ведаць.

Але мяне гэта не здзівіла. Дзяржструктуры амаль ніколі не кіраваліся інтарэсамі людзей. У ліпені 2020 года я вельмі добра разумела што будзе далей. Я ведала, што будуць палітвязні, катаванні, смерці. Тое, чаго не чакала, што гэта зацягнецца настолькі.

Мяне вельмі ўразіла, што групы людзей, раней незаўважныя грамадствам, як людзі з інваліднасцю, пачалі выходзіць на вуліцы, таксама — што пачалася салідарызацыя. Здзівіла, што квір-арганізацыя падпісвае ліст у падтрымку каталіцкага касцёла, калі не пускалі ў краіну Кандрусевіча.

Але я разумела, што будзе далей, наглядзеўшыся за 13 гадоў праваабарончай дзейнасці на несправядлівасць з боку дзяржавы. Здзівіў, канечне, пасаджаны самалёт, такога нават я ўявіць не магла.

Астатняе для мяне не новае. Часам я нават проста распавядала людзям, для якіх гэта было ўсё ўпершыню: такое ўжо было, у гэтым годзе, а такое было ў іншым годзе, а вось такое можа быць яшчэ вось так. І для людзей быў шок. Як? Гэта ўсё ўжо адбывалася? Як мы не заўважалі такога раней?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(14)