Общество

«Я пераплыла раку, каб эвакуавацца зь Беларусі», — былая палітзьняволеная студэнтка Ксенія Сырамалот

Былая студэнтка БДУ Ксенія Сырамалот расказвае пра сваю эвакуацыю зь Беларусі пасьля таго, як правяла больш за два гады ў турме ў «справе студэнтаў», у дакумэнтальным праекце Свабоды «Скрадзеная маладосьць».

Ксеніі Сырамалот 24 гады, цяпер яна жыве ў Вільні, Літве. Пасьля таго, як Ксенія выйшла з гомельскай калёніі, ёй паставілі забарону на выезд зь Беларусі.

— Табе кажуць: «Трэба ўладкавацца на працу». Але я вельмі доўга не магла нічога знайсьці. Мяне ня бралі на склад зьбіраць заказы для «Е-дастаўкі», бо ў мяне «экстрэмісцкі» артыкул. Па той жа самай прычыне мяне не ўзялі прадавачкай у краму, — кажа дзяўчына.

Толькі праз тры месяцы, калі Ксенія стала на ўлік у Цэнтар сацыяльнай абароны, ёй знайшлі працу мэдрэгістратаркай.

— Але ў нейкі момант ты пачынаеш думаць, што ты тут застанесься навечна, зь мізэрным заробкам на працы не па спэцыяльнасьці і не па жаданьні. У цябе няма будучыні, ты проста тут сап’есься. Я сапраўды так думала, — кажа Ксенія.

У пэўны момант Ксенія вырашыла больш не заставацца ў Беларусі. Паколькі забарона на выезд усё яшчэ дзейнічала, дзяўчына ішла празь лес і пераплывала раку, каб перасячы беларуска-літоўскую мяжу.

— Плюс 12 было недзе. Мне было вельмі страшна. Канешне, мне хацелася сядзець ва ўтульнай кватэры, а не ісьці ўначы па лесе і тым больш не пераплываць рэчку ўвосень, у плюс 12.

Ксенія кажа, што праз адрэналін яна не захварэла. «Нават не адчувалася нізкая тэмпэратура вады. Напэўна, арганізм проста мабілізаваўся», — кажа яна.

На літоўскім баку Ксенія патэлефанавала ў 112 і сказала: «Забярыце мяне, я перасекла мяжу». Пасьля прыехалі літоўскія памежнікі і знайшлі яе каля ракі.

— Было страшна ў моманце: калі ты адна, яшчэ ня выйшла з вады, сядзіш на купіне, чакаеш, калі цябе знойдуць. Думаеш, можа, тут і застанесься, — успамінае сваю эвакуацыю Ксенія.

У Вільні Ксенія пасьпяхова скончыла Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт і працуе ў беларускай ініцыятыве «Годна».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)