«Я думала, мяне пазбаўляюць волі — але аказалася, што нас яшчэ пазбаўляюць здароўя»

Праваабарончая ўстанова «Лекары за праўду і справядлівасць» зладзіла вялікае даследаванне, як утрымліваюцца беларускі-палітвязынкі ў зняволенні, і распавяла пра выяўленныя парушэнні на ўсіх этапах утрымання за кратамі.

Да 2021 года, зазначаюць эксперты, тэма зняволеных жанчын не тое каб часта гучала публічна.

— Гомельская калонія, якая з'яўляецца асноўнай для асуджаных жанчын, лічылася паказальнай: туды любілі ездзіць журналісты, каб прадэманстраваць гуманнасць і прагрэсіўнасць пенітэнцыярнай сістэмы. Аднак як толькі ў ПК-4 трапілі палітзняволеныя, стала зразумела, што карціна, якую гадамі малявала прапаганда, кардынальна адрозніваецца ад рэальнай, — зазначаюць праваабаронцы.

20 беларусак, якія былі пазбаўленыя волі за сваю палітычную пазіцыю, падрабязна падзяліліся з урачамі і праваабаронцамі, праз што яны прайшлі за кратамі — карціна вымалёўваецца жахлівая.

— Жанчына і турма, на мой погляд, увогуле паняцці неспалучальныя, — мяркуе колішні кіраўнік медслужбы Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС РБ Васіль Завадскі, — бо жаночае здароўе асабліва ўразлівае.

— На працягу пяці месяцаў мы рабілі вялікае анкетаванне для жанчын, якія знаходзіліся ў зняволенні. З яго мы шмат што змаглі зразумець, — распавядае псіхолаг, старшыня камісіі па сацыяльнай палітыцы Каардынацыйнай рады Вольга Вялічка.

Фота hrodna.life

Яна прыводзіць некаторыя красамоўныя факты і лічбы з гэтага апытання.

Так, толькі адна жанчына адразу атрымала інфармацыю пра стан свайго здароўя, 8 змаглі дабіцца гэтых звестак пасля настойлівых просьбаў, астанім наогул нічога не распавядалі пра іхні стан.

Адно з найбольш распаўсюджаных пытанняў у вязніцы — стаматалагічная дапамога, бракуе і дактароў, і матэрыялаў для лячэння. Пасля выхаду на волю практычна кожная з былых палітзвязынак мае праблемы з зубамі.

Усталяваныя законам нормы харчавання не выконваліся ў большасці выпадкаў.

Недатыкальнасць інтымнай сферы, захаванне медыцынскай таямніцы — тое, што ў калоніях і СІЗА наўпрост ігнаруюць. 92% апытаных сутыкаліся з тым, што медагляд праводзіўся ў зоне бачнасці ці чутнасці персаналу, з жорсткім абыходжаннем і пагрозамі гвалту.

Пасля 2021 года ў вязніцах няма сістэмнай працы па вакцынацыі. Толькі чацвёра апытаных жанчын атрымалі прышчэпкі ад каранавірусу, пры гэтым скаргі на пагаршэнне стану здароўя персанал і медыкі ігнаравалі.

Разам з тым 14 з 20 апытаных беларусак расказалі, што з імі працаваў турэмны псіхолаг, з некаторымі ладзіліся групавыя заняткі.

Аднымі з самых жахлівых успамінаў пасля зняволення жанчыны назвалі панічныя атакі, колькасць даносаў у калоніі, а таксама «адсутнасць кантролю над сваім жыццём і целам».

Простая мова

— Мяне затрымалі ў 2021 годзе, гэта стала вынікам маіх дзеянняў і выказванняў у публічнай прасторы, — расказвае былая палітзняволеная Вольга Скрашчук, якая год утрымлівалася ў няволі ў СІЗА Жодзіна, а таксама на Валадарцы і ў Гомельскім СІЗА.

— Першае, што мяне шакавала ў турме — гэта разуменне бяссілля перад сістэмай, калі ты нічога не можаш зрабіць, і жорсткія ўмовы ўтрымання: перапоўненыя камеры, няма паветра, няма прагулак, няма самых неабходных сродкаў гігіены, але ёсць фізічны і маральны гвалт і ціск з боку супрацоўнікаў.

У некаторых палітзняволеных, з якімі мы былі разам, па трое і больш дзяцей — і на жаль, я ведаю, што ў некаторых з іх распаліся сем’і пасля вызвалення. То бок, нават выходзячы з-за кратаў, беларускія жанчыны працягваюць праходзіць праз выпрабаванні. І я  перакананая, што мы не павінны аб гэтым маўчаць — мы павінны распавядаць, крычаць на ўвесь свет пра тое, што робіцца ў Беларусі.

— Я думала, мяне пазбаўляюць волі — але аказалася, што нас яшчэ пазбаўляюць здароўя, доступу да гігіены, нават маральнага права на думкі, сяброўства, стасункі і гэтак далей, — гаворыць былая палітзняволеная Дар’я Афанасьева.

— Калі нас пачалі кусаць клапы, у мяне пачалася алергічная рэакцыя, урач паглядзеў і сказаў: ну, зараз дам таблетачку — на гэтым маё ўзаемадзеянне з лекарам на Акрэсціна скончылася. А ў Жодзіна ўрачы на аглядзе загадалі зняць увесь пірсінг, і сказалі: калі не здыму сама, возьмуць пласкагубцы альбо адарвуць вушы. Убачыўшы алергію, нічога рабіць не сталі, толькі адправілі рэчы на «пражарку».

— Мы там не жанчыны, мы «асуджаныя» і «кантынгент», — дадае экс-палітзняволеная Мія Міткевіч. — У вязніцы <жанчын многага пазбаўляюць>, нельга нават упрыгожанні, кольца альбо завушніцы — адзінае, што можна гумку на валасы, дый тое не факт, што цяпер не забаранілі.

Агляд лекара? Максімум 5 хвілін, і тое з улікам, што фельчар браў аналіз крыві. Доктар спытаў толькі наконт таго, ці ёсць у мяне хранічныя захворванні.

— Доктара ў ІЧУ не было наогул, — згадвае былая палітзняволеная Алеся Буневіч. — На аглядзе толькі забралі завушніцы, якія потым так і не вярнулі, а нейкага медычнага агляду ў прынцыпе не было…

Расказы палітзняволеных беларусак паказваюць: у жорсткіх рэаліях беларускіх вязніц, калі нават пазбаўленне магчымасці схадзіць у душ выкарыстоўваецца як дадатковае пакаранне, фактычна ўсе жанчыны з тых, хто адбыў пакаранне, выходзяць з-за кратаў з праблемамі — рэпрадуктыўнымі, эндакрыналагічнымі, псіхічнымі і г.д.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(8)