Политика
Анастасія Зелянкова

“Я абсалютна не здзівіўся б, калі б нас, выкарыстоўваючы ноч, адсюль знеслі”

Удзельнік украінскага Майдану, а сёння жыхар намётачнага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Вячаслаў Сіўчык падзяліўся з карэспандэнтам “Салідарнасці” сваімі меркаваннямі адносна мінулых і сённяшніх падзей.

— Наколькі можна параўноўваць тое, што адбывалася на Украіне, з цяперашняй акцыяй?

— Усё залежыць ад таго, які этап украінскага Майдану вы маеце на ўвазе. Калі браць Майдан на плошчы Кантрактовай, а ён быў яшчэ да Майдана Незалежнасці, да тых падзей 21 лістапада 2004 года, то ўсё вельмі падобна. І, трэба сказаць, там таксама не было многа людзей, а месца ўвогуле было зусім не такое, як Кастрычніцкая плошча ў Беларусі. Што ж тычыць падзеяў ночы 19-га, то па тым, як усё адбывалася ў Мінску, гэта вельмі падобна да Майдану Незалежнасці. Так было ў першы дзень, да таго моманту, як пачалі будавацца намётачныя мястэчкі на Храшчаціку. Але ж параўноўваць Украіну і Беларусь па сістэме ўлады — гэта проста некарэктна. Калі нашыя людзі, што ўваходзілі ў склад беларускай групы, падчас памаранчавай рэвалюцыі раздавалі ўлёткі, украінцы ніяк не маглі зразумець, чаму яны так неадэкватна рэагуюць на міліцыю. Для мяне проста тое, што ўдалося паставіць намётачнае мястэчка пры рэальным дыктатарскім рэжыме Лукашэнкі дастаткова фантастычная рэч. І я абсалютна не здзівіўся б, калі б нас, выкарыстоўваючы ноч, адсюль знеслі. Дастаткова вялікае здзіўленне выклікае і тая колькасць людзей, якія засталіся тут ноччу жывым ланцугом, каб абараніць намёты. Я сапраўды лічу, што гэта вельмі рашучы, сур’ёзны крок, такога даўно не было ў Беларусі.

— Вы не лічыце, што ўлада проста гуляе з вамі ў дэмакратыю, чакаючы, пакуль вы самі разыйдзецеся, каб потым абвінаваціць апазіцыю ў недзеяздольнасці?

— Вы надта добра думаеце пра нашу ўладу. Яна ніколі разумныя крокі не рабіла і рабіць не можа. Больш таго, калі б усё залежала толькі ад Лукашэнкі, то не тое што намёты б не паставілі, людзям бы не дазволілі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы. Наяўнасць вельмі вялікай увагі да таго, што адбываецца ў Беларусі, не дазволіла рэжыму Лукашэнкі праводзіць шырокамаштабныя рэпрэсіі.

— Колькі ўсё гэта можа працягнуцца і ці ёсць у вас канкрэтны план далейшых дзеянняў, улічваючы ўкраінскі вопыт?

— Мне цяжка прагназаваць, колькі гэта працягнецца. Вельмі б хацелася, каб гэта прывяло да пераадолення крызісу ў Беларусі, каб гэтая хлусня скончылася і беларускі народ меў права сам выбіраць уладу. Іншая справа, што гвалтам, рэпрэсіямі, гэта ўсё можа быць зачышчана. Сродкаў і сілаў у рэжыму на гэта хапае. Наша задача паказаць Беларусі і ўсяму свету, што мы не можам змірыцца з тым гвалтам і хлуснёй, якія робяцца ў Беларусі. Гэта абарона гонару і годнасці беларускай нацыі. Беларусы маюць права жыць значна лепш, чым цяпер. Лічу, што ўсё павінна скончыцца тым, чым скончылася ў іншых краінах, якія былі ў той жа сітцацыі, што і Беларусь: зменай улады і адбудоўвай нарамальнай дэмакратычнай дзяржавы. На вялікі жаль, я не магу гарантаваць, што гэта адбудзецца заўтра ці праз тыдзень. Той крок, які быў зроблены 20 сакавіка, дазваляе спадзявацца, што перамены ў Беларусі адбудуцца.

— Вы не лічыце пралікам апазіцыі тое, што гэтыя намёты з’явіліся не 19-га?

— Намёты ставіла не апазіцыя, намёты ставіла моладзь. Штабы кандыдатаў проста далучыліся да гэтай моладзевай ініцыятывы, за што ім вялікі дзякуй. Больш таго, я вельмі высока ацэньваю асабістыя крокі спадара Мілінкевіча і спадара Казуліна, якія цэлую ноч правялі тут, улічваючы ўсю небяспеку разгону і зачысткі. Гэта сапраўды мужны крок.

— Вам не падалося, што на Майдан людзі ішлі з адчуваннем перамогі, а тут ёсць нейкае адчуванне бязвыхаднасці?

— Адчуванне аднолькавае і там і тут. Я, канешне, не буду параўноўваць сённяшнюю сітуацыю з Майданам пераднавагоднім, калі практычна ўсё было вырашана. Але калі браць Майдан у той час, калі ўлады маглі прымяніць сілу ў дачыненні людзей, якія былі ў намётах на Хрышчаціку, то там таксама былі складаныя адчуванні. Адзінае, што трымала іх, а сёння і нас — гэта жаданне народа самім выбіраць уладу.

— Надвор’е, здаецца, зусім неспрыяльнае. Літаральна ўчора падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік дзяржавы злараднічаў, што нават вышэйшыя сілы не на баку апазіцыі...

— Хай не спадзяецца. Вось чым дакладна можна параўнаць Майдан з Плошчай — гэта надвор’ем. Праўда, на Майдане яно было нават горш.

— Але, згадзіцеся, умовы супрацьстаяць выхадкам прыроды там былі ўсё ж лепшыя?

— Што казаць: у гэтым сэнсе ўмовы на Майдане, у параўнанні з нашымі, былі проста раскошныя. Мы цалкам ачэпленыя сілавымі страктурамі і адыход па нейкіх асабістых патрэбах за перыметр лагера можа скончыцца арыштам. Прычым арыштоўваюць нават тых людзей, якія нясуць нам прадукты, коўдры. Але, дзякуй, людзі, старыя бабулькі, нягледзячы на гэта, усё роўна нам нешта нясуць. Галоўнае не надвор’е, не побытавыя ўмовы. Нашы пабрацімы ўкраінцы перамаглі. Дай Божа, каб і беларусы перамаглі!


Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)