Скандалы

Хто тыя сем чалавек, каго абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на Лукашэнку?

Тэлеканал АНТ паказаў людзей, якія нібыта рыхтавалі замах на Аляксандра Лукашэнку, а таксама членаў ягонай сям’і. Наша Нiва прааналізавала, што гэта за людзі.

Юрась Зянковіч — 43 гады. Быў актывістам Партыі БНФ, абіраўся ў Ждановіцкі сельскі савет на мясцовых выбарах. Дабіўся, каб у пасёлку была вуліца Васіля Быкава. У 2007 годзе эміграваў у ЗША, атрымаў там грамадзянства. Спачатку жыў у Дэнверы (штат Каларада), працаваў разносчыкам піцы. Пасля перабраўся ў Нью-Ёрк, стаў адвакатам, займаўся справамі міграцыі. Хацеў вылучацца ад Партыі БНФ кандыдатам у прэзідэнты ў 2020 годзе, але прайграў Аляксею Янукевічу.

Аляксандр Фядута — 56 гадоў. Паліттэхнолаг, літаратуразнавец-пушкініст. Быў сакратаром камсамола. У 1994 увайшоў у каманду Аляксандра Лукашэнкі, пасля перамогі на выбарах стаў кіраўніком упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта. Менавіта ён узяў на сябе адказнасць за з’яўленне ў газетах «белых плямаў». У 1995 сышоў з пасады, супрацоўнічаў з многімі незалежнымі выданнямі.

Аўтар кнігі «Лукашэнка. Палітычная біяграфія». У 2010 годзе стаў адным з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду». У канцы таго ж года трапіў у «амерыканку», адсядзеў чатыры месяцы.

Аляксандр Перапечка — жыве ў Сіэтле (ЗША). Скончыў аспірантуру БДУ і дактарантуру Вашынгтонскага ўніверсітэта. Доктар філасофіі па спецыяльнасці «Эканамічная, сацыяльная і палітычная геаграфія». Удзельнік міжнародных навукова-аналітычных праграм у Беларусі, Расіі, ЗША і Францыі. Эксперт па статыстычных мадэлях і Усходняй Еўропе. Кансультант па геапалітыцы, геастратэгіі і элітам.

Павел Кулажанка — 36 гадоў. Жыве ў Нью-Ёрку (ЗША). Служыў ва ўнутраных войсках у Полацку і Мінску і АМАПе. Сышоў са службы ў 2011 годзе. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ. У ЗША з’ехаў жыць па грын-карце, працуе трэнерам. Летам 2020 падтрымаў пратэсты ў Беларусі.

Дзмітрый Шчыгельскі — псіхіятр, які ў 2001 годзе завочна паставіў Лукашэнку дыягназ. Пасля гэтага пакінуў Беларусь, цяпер жыве ў ЗША, займаецца там грамадскай дзейнасцю. Ездзіў на вайну ва Украіну дабраахвотнікам.

Ігар Макар — 43 гады. Родам з Гродна. Былы намеснік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падраздзялення МУС Беларусі «Алмаз». Скончыў Акадэмію фізічнага выхавання і спорту. Пакінуў службу і ўзначаліў ахову былога экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, з 2006 года — у эміграцыі. Цяпер блізкі да Вольгі Карач.

Рыгор Кастусёў — 64 гады. У савецкія часы — дырэктар саўгаса у Магілёўскай вобласці, з таго часу асабіста ведае Аляксандра Лукашэнкі. У незалежнай Беларусі стаў сябрам Партыі БНФ. Узначальваў ЖКГ у Шклове. У 2010 годзе быў кандыдатам у прэзідэнты ад Партыі БНФ, адну ноч пасля выбараў правёў у «амерыканцы». На дадзены момант старшыня Партыі БНФ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.6(33)