Общество

«Хімія» галаўнога мозгу. Палітвязень падзяліўся досьведам, што такое «абмежаваньне волі»

Ці можна лічыць «удачай» абмежаваньне волі на так званай «хіміі»? Якія выгоды маюць асуджаныя ў параўнаньні з пакаранымі калёніяй? Чаму нават у больш лагодным рэжыме палітзьняволеным ня сьвеціць датэрміновае вызваленьне? Свабода запытала ў палітычнага «хіміка», які адбывае тэрмін за «паклёп».

Прадпрымальніка Ігара С. асудзілі на пачатку году за «абразу» ў гарадзкім тэлеграм-чаце супрацоўнікаў міліцыі «шляхам распаўсюджваньня іх пэрсанальных дадзеных». Тое, што ў горшым выпадку цягнула на штраф, вылілася ў рэальнае абмежаваньне волі на 2,5 года.

Зрэшты, буйную суму кампэнсацыі маральнай шкоды сілавікам гэта не адмяніла.

Адбываць пакараньне адправілі за паўтысячы кілямэтраў ад дому. Найперш дзеля таго, каб мінімізаваць падтрымку ад родных ды сяброў — у такую далечыню часта не наезьдзісься, тлумачыць суразмоўца.

Ледзь ня кожны пяты — палітычны

Пра свае першыя паўгода ў папраўчай установе адкрытага тыпу мужчына на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе (калі назваць прозьвішча і адрас — гэта пагражае пераводам у калёнію). Ён на прафіляктычным уліку як схільны да экстрэмізму, таму далей за цесны калідор умацаванага «інтэрнату» выйсьці не дазволілі.

«Калі я сюды заехаў, асуджаных паводле палітычных артыкулаў было літаральна некалькі на 100 чалавек кантынгенту. Цяпер лічба падбіраецца да двух дзясяткаў, а гэта ўжо значная сіла — ледзь не 20% ад усёй масы. За гэты час адладзілі працэс. Прыяжджае чалавек — мы яго сустракаем, апякуемся; ён трапляе ў правільны асяродак, што на першым часе важна для падтрыманьня духу.

Вядома, уласную насьценгазэту выпускаць ня можам, але ўплываць на агульную атмасфэру цалкам рэальна. Іншыя асуджаныя нам сымпатызуюць. Тое, што ты палітычны, дадае вагі і аўтарытэту. Хоць ад гэтага і нашмат вышэйшыя шанцы трапіць на больш жорсткі рэжым, бо пры жаданьні прычапіцца могуць да любой драбязы».

Бальшыню асудзілі за абразы і супраціў

«За што адбываюць пакараньні? Бальшыня — за „абразы“ службовых асобаў: пераважна камэнтары ў сацсетках ды тэлеграм-каналах. Хтосьці за „супраціў міліцыі“ — кшталту засьвяціўся ў счэпцы ці на перакрыцьці дарог. Прычым адпраўляюць з максымальна аддаленых месцаў, каб блізкія людзі не маглі часта наведваць. Таксама адзін з элемэнтаў прыніжэньня, ціску (гэта, зноў жа, пра палітычных). Бо астатні кантынгент мясцовы, перавыхоўваюцца „па месцы прапіскі“. А як толькі зьяўляецца чалавек зь Менску ці іншай вобласьці, амаль гарантавана, што „змагар“.

У гэтым сэнсе дзіву даесься, як сыстэма раскідваецца людзкімі рэсурсамі, не зважаючы на здольнасьці і заслугі. Бо літаральна ні за што адбываюць прысуджаныя тэрміны і інтэлектуалы, і студэнты, і тыя, пра каго кажуць, што Бог даў „залатыя рукі“. Мала таго, што вырвалі зь сем’яў, пазбавілі прафэсійнай дзейнасьці, магчымасьці вучыцца, дык прымушаюць займацца, па сутнасьці, чорнай, нізкакваліфікаванай работай».

Пазыцыя ахоўнікаў — не перастарацца

«Адміністрацыя, ахоўнікі — зь іх боку ўсё досыць карэктна. Калі алькаголікам, наркаманам, груба кажучы, могуць надаваць падсрачнікаў, з намі абыходзяцца акуратна. Панібрацтва няма, рукі не распускаюць. І ня дзіва: бальшыня — з вышэйшай адукацыяй, граматныя спэцыялісты: інжынэры, мэнэджары, прадпрымальнікі. Інфармацыя пра зьдзекі ў любым выпадку вылезе вонкі, ніхто ня хоча фігураваць у дрэнным сьвятле.

На 3 ліпеня сабралі — маўляў, трэба пагаварыць. Мы адразу: амністыя?! Не. Хтосьці зьліў дадзеныя супрацоўнікаў у „блэк-ліст“, пакрыўдзіліся. Забаранілі пасты ў сацсетках: маўляў, мы з вамі нармальна, дык і вы не нахабнічайце.

Гэткае „джэнтэльмэнскае пагадненьне“. Хадзіў у горад, сам-насам паразмаўляў з опэрам. Той сказаў: трэба перажыць, якраз цяпер усё на піку, на крытычнай адзнацы. Прыкладна як 10 гадоў таму ваявалі з наркотыкамі — суды давалі неадэкватныя тэрміны без аніякай амністыі. А калі празь нейкі час пена асядзе, пачнуць паціху вызваляць. Зрэшты, пакуль чакаць „спрыяльных умоваў“, выйду і бязь іхнае ласкі».

Датэрміновае вызваленьне — ілюзія

«Ёсьць і відавочныя мінусы — перадузятасьць. Так і далі зразумець: датэрмінова ня вызваляць, нават не спадзявайцеся. Алькаголік ці алімэнтнік ведае: траціну тэрміну адбыў, паводле закону падаеш заяву, выклікаюць на камісію і разглядаюць справу. Калі няма заўваг, парушэньняў, „залётаў“, а яшчэ раптам маеш у актыве заахвочваньне ці ўдзел у „грамадзкім жыцьці“, пераводзяць на „хатнюю хімію“.

Два палітычныя з нашай установы паддаліся на „лісты Васкрасенскага“ аб памілаваньні. Ну і атрымалі адказ: „Чакайце ў другой сотні“. Паколькі ведаем, што атрымалася зь першай (13 „памілаваных“ за дробныя ўчынкі, прычым палову перавялі на „хатнюю хімію“), то шанцы нулявыя.

А яшчэ двух звадзілі ў верасьні на камісію, якраз мінула траціна тэрміну, дык пастанавілі, што „ня сталі на шлях выпраўленьня“. Непрыхаваная ацэначнасьць. У канцы кастрычніка зноў чакаем паседжаньня, бо хлопцам, якія да таго сядзелі ў СІЗА, пералічылі тэрмін: тры месяцы ў ізалятары — як паўгода на „хіміі“. А як 1,5 года, то можна прэтэндаваць на датэрміновае».

Чацьвёртае папярэджаньне — «летальнае»

«Каб выйсьці ў горад — у краму, аптэку ці на пошту, больш няма куды, — трэба напісаць заяву, падпісаць у начальніка атраду, апэратыўнага работніка, намесьніка па выхаваўчай працы і яшчэ знайсьці міліцыянта для суправаджэньня. Відавочная дыскрымінацыя, бо алкашам ды іншым залётчыкам дастаткова заявы, і валі куды хочаш.

Нам праважаты не патрэбен толькі на працу, але той маршрут і так „закальцаваны“. Паколькі ўсе палітычныя на прафіляктычным уліку як схільныя да экстрэмізму (што сюды ўкладаецца, ніхто толкам не разумее), можна перасоўвацца толькі пад наглядам, фактычна з канвоем.

У мяне ўжо ёсьць адно папярэджаньне, абсалютна прыцягнутае за вушы. Другое — яшчэ не сьмяротна, а вось трэцяе — як „апошняе кітайскае“; далей санкцыі, аж да пераводу на больш жорсткі рэжым (калёнія). Могуць нават абвінаваціць, што адхіліўся ад маршруту ў краме. Непалітычныя ходзяць як заўгодна, ім нічога. А з намі трэба паказаць, што на кантролі. Нават калі адміністрацыя і ня хоча, зьверху прымушаюць прэсаваць. Ну і за нейкае парушэньне могуць адправіць на 10 сутак у штрафны ізалятар».

Заробак — сярэдні па прадпрыемстве

«Адрозна ад калёніі, дзе прымушаюць працаваць за капейкі, плацяць сярэдні заробак па заводзе, да якога мы прымацаваныя. У маім выпадку ў сярэднім 500 рублёў, а хто на шкоднай вытворчасьці, дык і пад 700. Зрэшты, тры апошнія месяцы сума ўвесь час зьніжаецца. Чакаю кастрычніцкага разьліку, пагляджу, ці захаваецца тэндэнцыя. Мяркуючы па замовах, якіх у прадпрыемства ўсё меней, абвал працягнецца. Зрэшты, звыклая карціна для ўсёй эканомікі.

Гэтыя грошы я трачу на сябе — за выключэньнем платы за „інтэрнат“, у сэзон ацяпленьня будуць вылічваць дзесьці 50 рублёў. Паўтысячы на аднаго цалкам хапае: далікатэсамі не харчуемся, алькаголь не ўжываем. Я не куру, таксама эканомія да 100 рублёў штомесяц. Каапэруемся, набываем прадукты, гатуем. Хтосьці абірае бульбу, нехта ўвіхаецца на кухні з электраплітой — сыстэма, як у студэнцкім інтэрнаце. Жывём „хатай“, усё на ўсіх. Ёсьць такія, у каго большую частку ўтрымліваюць, яны фактычна жабруюць, дык адпрацоўваюць мыцьцём посуду, прыборкай памяшканьня і г.д.».

Перавыхаваньне «працоўнай арміяй»

«Я сваю прыгоду называю „працоўнай арміяй“ — балазе, магу параўнаць з тэрміновай службай. Падобна ў частцы рэжыму, але „выпраўляюць“ працоўнай павіннасьцю. Плюс праца — адна з умоваў датэрміновага вызваленьня, беспрацоўных нават не разглядаюць, хоць прыяцель і кажа, каб нарэшце перастаў верыць у казкі Васкрасенскага. Што праўда, „выхоўвацца“ хочуць ня ўсе, некаторыя пад рознымі прычынамі адмаўляюцца, каб „не спансаваць рэжым“.

У першы месяц „хіміі“ нас паказальна адвялі ў суд, каб паглядзелі, як адбываецца працэдура на датэрміновае вызваленьне — пэўна, каб падражніць. Сабралі 10 чалавек у якасьці гледачоў, пабылі масоўкай. Выглядала да абсурднага неверагодна. Аднаму з заяўнікаў гадоў 25–26, а ў яго ўжо трэцяя ходка. Пару месяцаў на волі — і чарговы залёт. Судзьдзя для важнасьці зрабіў суровую міну: маўляў, ну як вызваляць з такім паслужным сьпісам. І што? Вызваліў! А разглядае палітвязьня — „ня стаў на шлях выпраўленьня“. Вось вам і прыклад грамадзянскай сэгрэгацыі».

Абавязалаўка — прагляд «Панарамы»

«Хімію» не параўнаць з зонай, гэткая лайт-вэрсія, таму ніхто ня хоча ў калёнію. Нават тое, што можна карыстацца тэлефонам, ужо якая палёгка. Ты не губляеш сувязі з рэальнасьцю, па відэазванку бачыш сям’ю, сяброў. Ну і правяраюць, натуральна. Опэр пэрыядычна глядзіць, каб не было «экстрэмісцкіх каналаў».

Калі не на працы, кожную цотную гадзіну ўсе, хто на прафіляктычным уліку, мусяць спусьціцца ў агульны калідор, адсправаздачыцца, што не ўцяклі, не напіліся. Я сьмяюся, што гэта час, калі сустракаюцца ўсе аднадумцы, можна абмеркаваць сытуацыю ў краіне.

А яшчэ зьбіраюць кожную суботу на калектыўны прагляд «Панарамы». Як паказваюць Лукашэнку, пачынаем пад'юджваць. Плююцца ўсе — і палітычныя, і алканаўты. Насамрэч атрымліваецца антыпрапаганда, бо калі ўладу абкладаюць мацюкамі — які ад таго эфэкт? Я тут ведаю толькі аднаго ябацьку, і тое яму няма чым крыць, адны эмоцыі. Астатнія цудоўна разумеюць, што рэжым трымаецца на штыках. Крыху не падфарціла стаць крайнімі. А з другога боку, гэта і гонар — пацярпець за ідэю».

Не нагнулі адразу — і ўжо не зламаюць

«Калі трапіў у такія абставіны, нічога не застаецца, як прыстасоўвацца да форс-мажору. Шэсьць месяцаў мінула, яшчэ два гады засталося. Але мы тут сходзімся на думцы, што адбываць увесь тэрмін не давядзецца, нешта здарыцца. Немагчыма, каб цяперашні абсурд цягнуўся бясконца. Лукашэнка трапіў у пастку, якую расставіў для іншых.

З аднаго боку, загруз у рэпрэсіях, узяўшы тысячы закладнікаў. З другога, усё больш выразна разумее: адрозна ад мінулых гадоў, таргавацца з тэрарыстам ужо ніхто ня будзе. У выніку кола замкнулася, нічога не застанецца, як выпускаць палітзьняволеных, інакш — татальная блякада па ўсіх кірунках.

Магу адказна сьцьвердзіць, што нас не зламалі і ўжо не зламаюць. Наадварот, мы яшчэ больш згуртаваліся і гатовыя адстойваць свае перакананьні, бо за намі праўда. Проста новы пункт адліку і, зыходзячы з гэтых рэалій, трэба жыць далей. Натуральна, сумуеш па волі, родных, сябрах, працы. Бо ўзялі і зьнянацку, бесцырымонна вырвалі са звыклага жыцьця, ня даўшы нават зразумець, у чым, уласна кажучы, «вінаваты». Зрэшты, аналягічная сытуацыя з усімі так званымі ворагамі рэжыму...»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(26)