«Хай яму гэты сыр уводзяць». Лекар зь Віцебску – пра сытуацыю з каранавірусам і рэцэпты Лукашэнкі

Рэаніматоляг зь Віцебску Расьціслаў Савіцкі расказаў пра сытуацію на Віцебшчыне і салідарнасьць мэдыкаў. Радрабязнасьці на Радыё Свабода.

Аляксандар Лукашэнка назваў «добрым антыкавідным лекам сыр. Ён расказаў журналістам дзяржаўных СМІ, што, нягледзячы на запасы сыру ў краіне, ён ня будзе рызыкаваць здароўем сваіх сталых прыхільнікаў і зьбіраць іх на мітынг у сваю падтрымку, які меўся прайсьці ў нядзелю паралельна з чарговай акцыяй пратэсту апазыцыі.

Пра тое, ці сапраўды сытуацыя з каранавірусам у Беларусі кантраляваная, як сьцьвярджае Аляксандар Лукашэнка, Настоящее время спыталася ў лекара-рэаніматоляга зь Віцебску Расьціслава Савіцкага.

— Як цяпер абстаноўка ў сувязі з распаўсюдам каранавірусу? З чым сутыкаецеся канкрэтна вы і што кажуць вашыя калегі?

— Абстаноўка цяпер даволі цяжкая насамрэч. Ідзе вялікае паступленьне пацыентаў у стацыянары, больш пацыентаў у сталым веку — гэта ўзрост 50 плюс. Пры гэтым ёсьць і цяжкія выпадкі, ёсьць і [выпадкі] сярэдняй цяжкасьці.

Плынь прыблізна супастаўляльная зь веснавой карцінай, якая адбывалася ў Беларусі, у прыватнасьці, у Віцебску. У нас перапрафілюецца ўжо даволі вялікая колькасьць стацыянараў для прыёму менавіта кавідных пацыентаў.

— Хапае лекаў?

— Што да лекаў, вельмі забаўная сытуацыя. Ёсьць імпартныя лекі, якія неабходныя непасрэдна для лекаваньня, іх, на жаль, не хапае. А тыя, якія беларускай вытворчасьці, яны ёсьць у вялікім і шырокім доступе, і ў гэтым пляне мы ня маем патрэбы. Але заўсёды ёсьць нейкія недахопы, якія, на жаль, мы ніяк не кампэнсуем.

— Лукашэнка кажа, што сытуацыя ў рэспубліцы кантраляваная. Ці згодныя вы зь ім?

— Я ня ўпэўнены, што гэта слушнае выказваньне, у тым пляне, што той шпіталь, дзе я цяпер працую, мы ёсьць цэнтрам разьмеркаваньня кавідных пацыентаў па горадзе Віцебску, Віцебскім раёне і Віцебскай вобласьці. Да нас паступаюць пацыенты з усёй вобласьці, мы іх разьмяркоўваем па іншых стацыянарах у залежнасьці ад ступені цяжкасьці, ад неабходнага лячэньня і гэтак далей.

Казаць пра тое, што сытуацыя кантраляваная, — дакладна не, таму што не хапае месцаў, даводзіцца перапрафіляваць шпіталі, якія не былі прызначаныя для гэтага.

Часам нестае кіслароду, нас ставяць у жорсткія рамкі, нам даводзіцца эканоміць нават кісларод для пацыентаў, што, у прцынцыпе, можа быць, з аднаго боку, і слушна, але, зь іншага боку, крыху негуманна.

— Лукашэнка кажа, што ўсплёск эпідэміі каранавірусу ў Беларусі справакаваны пратэставымі акцыямі ў Менску. Кажа, што ў Менску самая вялікая колькасьць, што, пэўна, даволі зразумела, гэта сталіца, там вялікая канцэнтрацыя людзей. Але тым ня менш ці вы бачыце гэтую сувязь паміж захварэлымі і пратэстамі?

— Гэта крыху парадаксальна, але ў Віцебску пратэставага руху было няшмат. Так, былі нядзельныя маршы, адзін раз на тыдзень выходзілі, можа, тысяча, можа, дзьве тысячы чалавек. Але пры гэтым хворнасьць у Віцебску прыкладна такая ж, якая была і ўвесну.

Зьвязваць цяпер хворнасьць з пратэстамі як мінімум неразумна. Мы бачылі веснавую карціну і разумеем, што карціна тая ж самая. Хутчэй за ўсё, гэта проста зьвязана з сэзонным абвастрэньнем. І гэта ніяк не зьвязана з пратэставым рухам. Тым больш што вірус у нас ня так моцна распаўсюджваецца на адкрытым паветры, як у памяшканьнях.

— Лекары нядаўна запісалі зварот, дзе просяць адпусьціць затрыманых паводле палітычных матываў і падчас мірных акцый пратэсту, а таксама спыніць любы перасьлед альтэрнатыўных дзяржаўнай думцы выказваньняў. Вы, я так разумею, у ліку тых, хто непасрэдна зьвярнуўся да ўлады і грамадзтва. Наколькі цяпер палітызаваная сытуацыя, у прыватнасьці, у мэдычнай супольнасьці?

— Як і, напэўна, у іншых сфэрах, у мэдычнай супольнасьці ёсьць тыя, хто падтрымлівае цяперашнюю ўладу, ёсьць тыя, хто супраць яе, і ёсьць тыя, хто проста ня хоча пераходзіць на нейкі бок і спрабуе адмаўчацца.

Сярод незадаволеных уладай даволі шмат кваліфікаваных спэцыялістаў, якія будуць ісьці да канца ў сваіх перакананьнях, у сваіх меркаваньнях. І я дастаткова ўпэўнены, што мэдычная супольнасьць Беларусі даволі салідарная сама па сабе і будзе да канца стаяць у сваіх патрабаваньнях у дачыненьні да дзейнай улады.

— Што канкрэтна вас не задавальняе, магчыма, абражае ў словах Аляксандра Лукашэнкі?

— Калі быць шчырым, то мэдычная супольнасьць была даведзена да мяжы менавіта ўвесну — у сытуацыю з пандэміяй, калі адкрыта не прызнавалася існаваньне самой пандэміі, калі казалася, што няма ніякай хваробы ў прынцыпе, калі статыстыка проста адкрыта фальсыфікавалася на нашых вачах, і гэта была нахабная хлусьня. Паміралі людзі — і гэта абсалютна не ішло ў статыстыку. Увогуле, гэта выклікала вялікае бурленьне ў колах мэдыкаў. І цяпер шмат хто гэтым незадаволены.

Плюс да ўсяго стаўленьне дзейнай улады да мэдычнай супольнасьці. Стаўленьне — нібыта мы камусьці штосьці вінныя. Мы лекары, мы абавязаныя, мы мусім. Мы вам дамо нейкую надбаўку — як костку кінуць у твар — можаце супакоіцца, што нейкія грошыкі мы далі, а вы рабіце ўсё, што хочаце, але пры гэтым рабіце нейкімі абмежаванымі сродкамі.

І потым на нас жа будуць вешаць усіх сабак, што мы такія кепскія, мы не далекавалі, мы не дагледзелі і гэтак далей. Як, у прынцыпе, цяпер і робіцца. Цяпер камісіі езьдзяць па шпіталях, правяраюць, як мы лекуем.

І пры гэтым на нас жа сварацца за нашае лекаваньне, якое яны ж нам рэкамэндуюць. То бок мы рэкамэндуем паводле іхнага лекаваньня, яны прыяжджаюць і нас жа за гэта выгаворваюць.

— Лукашэнка, напрыклад, рэкамэндуе лекавацца сырам. Кажа, што гэта выдатны антыкавідны сродак.

— Значыць, хай яму гэты сыр уводзяць так, як зажадаюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(41)