Политика

Вячорка: Сярод заходніх палітыкаў існуе жаданне хутчэй скончыць вайну любой цаной. І гэтай цаной можа стаць Беларусь

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка лічыць, што беларускае пытанне можа стаць разменнай манетай у выпадку мірных перамоваў па Украіне. Такім меркаваннем ён падзяліўся ў інтэрв'ю Reform.news у межах беларуска-украінскага «Форуму Астрожскіх» у Кіеве.

Франак Вячорка на Форуме Астрожскіх. Фота: Ксенiя Галубовіч

Форум Астрожскіх Франак Вячорка называе месцам сінхранізацыі поглядаў і фіксацыі праблем для іх рашэння.

— Добра, што на форуме прысутнічалі народныя дэпутаты, медыя, прадстаўнікі міжнароднай супольнасці. Адзначу пазіцыю Кізіма: ён падкрэсліў, што Лукашэнка — гэта мінулае, што Беларусь павінна вызваліцца ад яго ўплыву, і заявіў аб прынцыповай падтрымцы дэмакратычных сілаў. Гэта моцны сігнал, які два-тры гады таму мы б не пачулі.

Але праблемы застаюцца, дапаўняе Франак.

— Напрыклад, украінскія медыя амаль заўсёды згадваюць Беларусь праз прызму Лукашэнкі: «не дапусціў уцягнанне Беларусі ў вайну», «ціха падтрымлівае Украіну», і гэтак далей. Гэта стварае ілюзію, што з ім можна мець справу. У выніку Беларусь асацыюецца толькі з Лукашэнкам, а не з дэмакратычнымі сіламі, валанцёрамі ці журналістамі. Асноўная прычына гэтага — масавая міграцыя беларусаў з Украіны. Нас фізічна стала менш, і мы менш заўважныя. Таму ўкраінцы бачаць толькі Лукашэнку і яго вар’яцкія паводзіны.

На гэтым тыдні прадстаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай сустракаўся з кіраўніком беларускага дэпартамента Міністэрствам замежных спраў Украіны, дарадцам прэзідэнта Міхаілам Падаляком, былым міністрам МЗС Дмітром Кулебам, і іншымі. 

— Вядома, Беларусь зараз не ў цэнтры ўвагі. Наша задача — растлумачыць, чаму для Украіны важна мець дэмакратычную і свабодную Беларусь. Адносіны безумоўна лепшыя, чым у 2022 годзе. Мы пачалі з пункту мінус дзесяць, калі ўсіх беларусаў запісалі ў агрэсары. Зараз выйшлі на нуль, і ёсць перспектыва больш фармальнай супрацы.

Франак канстатуе, што захаванне незалежнасці Беларусі — гэта ключавая задача для дэмакратычных сілаў. 

— Тут украінскі голас важны, каб Беларусь не стала нейкім «суцяшальным прызам» для Пуціна. Важна, каб украінцы казалі, што расійскія войскі павінны выйсці не толькі з украінскай тэрыторыі, але і з беларускай. Гэта асноўны пасыл. 

Пасля выбрання Трампа, у медыя часцей пачалі абмяркоўваць патэнцыйныя мірныя перамовы паміж Украінай і Расіяй. Па словах Вячорки, для беларускіх дэмакратычных сілаў важна, каб Беларусь не засталася па-за межамі рамкавых дамоўленасцяў.

— Мы прапанавалі ўключыць беларускі элемент ва «Украінскую формулу міра», гэта тое, як яны бачаць справядлівы мір. Там ёсць пункты аб недапушчэнні эскалацыі, і пункт пра вывад расійскіх войск. Паўсюль ёсць месца для Беларусі. Зафіксаваць Беларусь у гэтым дакуменце было бы ў інтарэсах Украіны.

На сустрэчах з заходнімі партнёрамі — ЗША, ЕС і НАТО — дэмакратычныя сілы тлумачаць, чаму Беларусь важная для рэгіянальнай бяспекі, каб расійскія войскі не стаялі на мяжы і не пагражалі чарговай атакай на Літву ці Польшчу, кажа Вячорка.

— Але сярод заходніх палітыкаў існуе жаданне як мага хутчэй скончыць вайну любой цаной. І гэтай цаной можа стаць Беларусь. Мы не павінны гэтага дапусціць. Суб’ектнасць, якую мы зараз фарміруем на міжнароднай арэне, мае велізарнае значэнне, каб Беларусь не аддалі Пуціну. Міжнародная дзейнасць Офіса Ціханоўскай і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета цяпер як ніколі важная.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(10)