Политика

Вячорка: «Разглядаецца ўвядзеньне санкцыяў супраць цэлых арганізацыяў і установаў. Рэжыму будзе балюча»

Дарадца Святланы Ціханоўскай — пра наступствы, якія чакаюць тых, хто змагаецца з медыямі ў Беларусі.

— Лукашэнка ўключыў «рэжым берсерка», — напісаў Франак Вячорка. — Ён усё яшчэ думае, што разграміўшы «Нашу Ніву», «Інтэкс-прэс» і «Эўрарадыё», пасадзіўшы Бабарыку на 14 гадоў, прыставіўшы гэбэшнікаў да актывістаў — гэта ўсё дапаможа яму пратрымацца ва ўладзе.

Наіўны. Гэта толькі прыблізіць яго ганебны фінал. Энэргія ж нікуды ня дзелася. Інфармацыя ўсё роўна прасочыцца, праўда выплыве. Сеткі заменяць сайты. Справу арыштаваных працягнуць паплечнікі.

Робім усё, што ў нашых сілах, каб дапамагчы. На сувязі з партнэрамі у Эўразьвязе і ЗША. Там таксама ў шоку. Спрабуем арганізаваць тэрміновую праграму падтрымкі для рэпрэсаваных мэдыяў і журналістаў. Патрэбаў шмат: рэлякацыі, юрыдычная дапамога, абсталяваньне. Рэдакцыі, якія пасьпелі выехаць, спрабуюць хутка арганізавацца на новым месцы. Шчыра радыя за TUT.BY, якія не здаліся і запусьцілі zerkalo.io.

Паводле Вячоркі, Святлана Ціханоўская 8 ліпеня гаварыла пра наезд на журналістаў з міністрам замежных справаў Епэ Кофадам, а потым і з прэм’ерам Гішпаніі Пэдро Санчэсам. Таксама выступіла віртуальна перад дэпутатамі Брытанскага парлямэнту.

— Дапамажыце журналістам — наш пасыл! З прадстаўнікамі эўрапейскіх структураў абмеркавалі, як хутка паспрыяць рэдакцыям вярнуцца да нармальнай працы.

Эўрапейцы абяцаюць закрыць лазейкі ў санкцыйным рэжыме і рыхтуюць пяты пакет. Пад санкцыі павінны трапіць судзьдзі, пракуроры і ўсе, хто змагаецца з мэдыямі.

Амэрыканцы таксама абвесьцяць пра свае санкцыі, папярэдне ў жніўні. Сярод іншага разглядаецца ўвядзеньне санкцыяў супраць цэлых арганізацыяў і установаў. Такім чынам пад санкцыі могуць трапіць усе, хто там працуе ці «супрацоўнічае». Рэжыму будзе балюча.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(81)