Политика
Андрэй Расінскі, «Наша ніва»

Вячаслава Сіўчыка везьлі на расстрэл

Арыштаванага Вячаслава Сіўчыка, актывіста беларускага Майдану, везьлі на імітаваны расстрэл.

«Зь яго зьдзекваліся, моцна зьбілі ды імітавалі пакараньне сьмерцю,» — распавядае брат Вячаслава.

Вячаслаў Сіўчык быў арыштаваны 23-га перад штурмам намётавага гарадку — з дапамогай правакацыі.

Яму патэлефанавалі быццам бы з амэрыканскае амбасады і прапанавалі сустрэцца. «Я хацеў быў папрасіць амэрыканскага амбасадара, каб тэрмінова ўвялі санкцыі супраць Расеі. Расея падтрымлівае парушэньне правоў чалавека ў Беларусі і ўсяляк абараняе рэжым,» — сказаў Вячаслаў Сіўчык.

За Вячаславам пад’ехала машына з дыпляматычнымі нумарамі. Каля вуліцы Інтэрнацыянальнай людзі ў масках спынілі аўто, схапілі Вячаслава і закінулі ў нейкую машыну. «Мы павязем цябе на расстрэл,» — сказалі Вячаславу. «Махалі пісталетам каля патыліцы. Машына езьдзіла даволі доўга па горадзе. Але потым мяне прывезьлі на Акрэсьціна» — сказаў Вячаслаў.

Перад гэтым арыштавалі састарэлую маці Сіўчыка, у якой здарыўся сардэчны прыступ — і яе былі вымушаныя адпусьціць.

Зараз Вячаслаў Сіўчык знаходзіцца ў трэцяй клінічнай больніцы ў хірургічным аддзяленьні. Ён моцна зьбіты.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)