Общество

«Вы тут не ў санаторыі». З арыштнага дому выйшла на волю паштарка, якую асудзілі за распаўсюд дадзеных сілавікоў

Тры месяцы правяла ў баранавіцкім арыштным доме Ларыса Танкашкур, менская паштарка, імя якой стала вядома пасьля яе пратэставага ўчынку — жанчына выклала ў інтэрнэт адрасы міліцыянтаў, якія пражывалі на яе паштовым участку ў мікрараёне Баравая, паведамляе Свабода.

Ларыса на судзе прызнала віну, але працягвае лічыць, што гэта міліцыя праз гвалт і незаконныя захады спарадзіла да сябе нэгатыўнае стаўленьне такіх простых людзей, як яна.

«А катаваць можна?»

«А хіба біць і катаваць людзей можна?» — такімі словамі, паводле Ларысы, яна спрабавала пярэчыць супрацоўніку арыштнага дому, які ўпікаў за яе ўчынак. Пераканалася яшчэ раз, што зь некаторымі спрачацца дарэмна, кажа яна. Адмысловая камісія, якая вырашала пытаньне пра пастаноўку арыштанткі на прафіляктычны ўлік як схільнай да экстрэмізму, толькі імітавала разбор, а вынік быў прадвызначаны, мяркуе Ларыса.

«За пяць хвілін паставілі на той улік. А толку? Ані холадна ад яго, ані горача. Робяць выгляд, што неяк узьдзейнічае».

Што такое прафіляктычны ўлік у Баранавічах

Ларыса Танкашкур пералічыла дадатковыя абавязкі, якія наклаў на яе статус «схільнай да экстрэмізму». На ноч яна мусіла класьціся толькі на верхнім ярусе нараў, што вельмі нязручна для людзей ва ўзросьце і зь вялікай камплекцыяй.

А падчас штодзённых праверак трэба было займаць месца бліжэй да стала і паведамляць пра сябе дадатковую інфармацыю, у тым ліку — што «схільны да дэструктыўных дзеяньняў». Ларыса прызнае, што гэта яе абурала, але яна навучылася не выдаваць сябе.

«Жыла як у кокане — інакш там нэрвы ня вытрымаюць», — кажа былая арыштантка.

Яшчэ Ларыса згадвае, што «схільным да экстрэмізму» не дазвалялі працаваць, у адрозьненьне ад іншых вязьняў, асуджаных за нявыплату алімэнтаў, дробны крадзеж ці хуліганства. Аднойчы яна сама прапанавала памыць падлогу ў турэмным калідоры — «проста каб парухацца, дзеля разнастайнасьці». Але сустрэла жорсткую адмову — «Вам нельга».

А як увогуле ставіліся ахоўнікі?

Пра большасьць супрацоўнікаў арыштнага дому ў Баранавічах у былой арыштанткі нават добрыя ўспаміны. Згадвае, што толькі адзін ахоўнік ставіўся сапраўды нэгатыўна і шчыра казаў, што ёй «яшчэ мала далі», а іншыя былі карэктныя, у тым ліку начальнікі. Наракае жанчына хіба на мэдыкаў, бо, кажа, атрымаць тэрміновую дапамогу ад іх часам было праблемай.

«Уся камэра перахварэла на ковід. І ня дзіва, бо прафіляктыкі ніякай. Калі няма ўласнай лыжкі, дык пра што казаць? Як дзяўчаты захварэлі, то лячыліся хто чым. Праўда, атрымлівалі і антыбіётыкі, але даводзілася чакаць лекара гадзінамі ці нават днямі. Мяне ковід абмінуў, але ў мяне іншая праблема. Зь дзяцінства пакутую на мігрэнь, прыступы моцнай галаўной болі рэгулярныя.

У такія дні трэба проста паляжаць пэўны час спакойна. Але ахоўнікі класьціся не дазваляюць, толькі з дазволу лекара. Клічу лекара, яго доўга няма, нарэшце прыходзіць і кажа: „Вам тут не санаторый, ведалі, што рабілі“. А мне б 10 хвілін паляжаць, і ўсё б прайшло. І пры чым тут тое, што я зрабіла?» — абураецца Ларыса.

Пэнсія засталася не аформленая

Сутыкнулася Ларыса Танкашкур і з тым, што ў арыштантаў вязьніцы няма магчымасьці вырашыць свае грамадзянскія справы, якія ўзьнікаюць на волі. Прыкладам, за краты Ларыса трапіла 30 чэрвеня, а ў ліпені яна ўступіла ў пэнсійны ўзрост. Паводле закону ў пэўны дзень ліпеня яна павінна была здаць дакумэнты на афармленьне пэнсіі. Гэта ўзялася зрабіць за яе дачка, якой Ларыса прадбачліва падпісала генэральную даверанасьць. Але ў райсабесе дачцэ сказалі, што нічога бяз маці рабіць ня будуць.

«І мне ў арыштным доме заявілі, што нічым не дапамогуць. То бок два месяцы пэнсіі — кату пад хвост. Ім што? Як хочаш. Відаць, і гэты закон у нас дрэнь, калі такую простую сытуацыю ня могуць прадбачыць і вырашыць», — робіць выснову былая арыштантка.

Застацца чалавекам

Зь ліставаньнем у Ларысы падчас адседкі вялікіх праблемаў не было, навіны з дому, кажа, атрымлівала рэгулярна. Вельмі парадавала навіна пра тое, што невядомы мужчына, які набыў у краме канфіскату яе мабільны тэлефон, ацэнены ў 400 рублёў, вярнуў яго і нават ня ўзяў грошай. 

Увогуле прыкладаў чалавечай падтрымкі, салідарнасьці Ларыса за гэтыя тры месяцы зазнала шмат. Пералічвае, што дапамагала «сядзець і заставацца чалавекам»:

«Там прынята дзяліцца ежай, якую атрымліваеш у пасылках. Плюс патрэбныя рэчы людзі пакідаюць, калі сыходзяць, тым, хто застаецца.

А ў СІЗА прынята даваць тым, каго пераводзяць у калёнію, у дарогу цёплае адзеньне, розныя бытавыя рэчы, у якіх будзе патрэба. Можа, яны і табе яшчэ спатрэбяцца, але ты ж хутка выйдзеш, а яны едуць надоўга. Ну, і словы добрыя, спачуваньне. Бязь іх таксама ня выжыць», — пералічвае правілы турэмнай узаемадапамогі Ларыса Танкашкур. На ўласным досьведзе жанчына пераканалася, што гэта дзейнічае і ў адваротным кірунку: дапамога іншаму вяртаецца табе.

«А безь лістоў там увогуле можна памерці»

Асабліва важным Ларыса лічыць, каб вязьняў падтрымлівалі празь ліставаньне.

«Я паштарка, тысячы лістоў у жыцьці людзям разьнесла, але іх сапраўдную каштоўнасьць толькі цяпер разумею. Бывала, зьдзіўлялася, як людзі могуць штодня пісаць адзін аднаму? Пра што можна штодня паведамляць? А вось і сама гэтыя тры месяцы штодня пісала дачцэ, бо не магла ўтрымацца. Чакаеш таго ліста, радуесься кожнаму слову з волі. Не, безь лістоў з волі ў турме проста памерці можна», — кажа Ларыса.

Да «пасадкі» Ларыса ліставалася з палітвязьнямі, у тым ліку з журналісткай Вольгай Класкоўскай і грамадзянкай Швайцарыі Натальляй Хершэ, іншымі жанчынамі. Кажа, што цяпер ліставаньне адновіць, набралася шмат чаго, чым можна падзяліцца, бо тры месяцы давялося маўчаць: лісты з турмы ў турму чамусьці ў нас забароненыя.

Затое да сьпісу сябровак у яе дадаліся дзяўчаты з «Валадаркі» і Баранавіч, у тым ліку Вольга Залатар, маці пяцярых дзяцей, якую больш за паўгода трымаюць за кратамі. «Такім людзям трэба помнікі пры жыцьці ставіць, а іх катуюць», — абураецца Ларыса Танкашкур.

«Тут стала больш страху»

Якім убачыла Менск Ларыса па выхадзе на волю?

«Сяджу вось у кавярні, любуюся на восень, на тое, што бачу вакол. Прыгожа!» — перадае Ларыса праз тэлефон першыя ўражаньні на волі, але сама сябе спыняе. «Прадчувала, што страху стала болей, праблем — болей, і не памылілася. Вось і дзеці мае хочуць зьяжджаць з такой краіны — гэта самае жахлівае».

Цягам году Ларысе давядзецца раз на тры месяцы адзначацца ў міліцыі, інакш будзе лічыцца, што яна парушыла правілы, і зьняцьцё судзімасьці зь яе зацягнецца.

«А на пошту ўжо не пайду, вельмі цяжкая праца, а ногі і нэрвы ўжо ня тыя. Знайду чым зарабіць, мае офісы мяне чакаюць. Бяз справы не застануся», — кажа пра будучыню былая менская паштарка Ларыса Танкашкур.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(28)