Вольскі: «Як бы хто ні хацеў перагарнуць старонку ці то адкруціць усё назад, гэта ня ўдасца»

Музыка — пра тое, якім запомніўся яму дзень 9 жніўня 2020-га.

Лявон Вольскі, фота Yury Sidun

— Два гады таму ў гэты дзень мы паехалі галасаваць у вёску. Выбарчы ўчастак быў у школе, у аграгарадку. Мы адразу на ўсялякі выпадак паклалі на задняе сядзеньне два заплечнікі з усім неабходным — бялізнай, шчоткамі-пастамі — калі пойдзе па кепскім сцэнары, — піша Лявон Вольскі.

На выезьдзе з гораду стаяў пагрозьлівага выгляду блёкпост. З бэтээрам і жаўнерыкамі з аўтаматамі.

Я быў упэўнены, што ў аграгарадку будзе агратрэшавае сьвята. Як на маім ранейшым участку — у менскай школе на вуліцы Азізава. Там і бээрэсэмаўская самадзейнасьць сьпявала нешта пра «бела-белая русь, я табою гарджусь», і ўчорашнія выпускнікі бавілі час запіваючы півам гарэліцу.

Але ў аграгарадку ўсё было ціха. Стаяла невялікая чарга на галасаваньне. Са зьдзіўленьнем я ўбачыў, што сям’я перада мною мае белыя бранзалеты на руках. Я ж думаў, што ў вёсцы большасьць за стабільнасьць!

Унутры таксама было ціха. Аж злавесна! У празрыстай урне ляжалі бюлетэні. Большасьць была складзеная гармонікам! Я сфоткаў свой бюлетэнь (цёткі з камісіі сарамліва адвялі вочы), склаў яго таксама гармонікам, закінуў у шчыліну, расьпісаўся і выйшаў.

Я выйшаў, паглядзеў на такія звыклыя вясковыя краявіды і раптам адчуў: нешта зьмянілася! Незваротна зьмянілася.

Потым было шмат усяго — трывожныя дні і ночы амаль без інтэрнэту, шакавальная інфармацыя, шэсьці, сьпевы ў дварах, надзеі, расчараваньні…

Але я ведаю: тады, у гэты дзень, усё зьмянілася. Зьмянілася краіна. І яна ніколі ўжо ня будзе ранейшай. Як бы хто ні хацеў перагарнуць старонку ці то адкруціць усё назад, гэта ня ўдасца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)