Вольскі прапанаваў слухачам правесці рэферэндум (фота)
Няма сумненняў: усё, за што бяруцца Лявон Вольскі і яго каманда, атрымліваецца як мінімум якасным і цікавым. Тым больш інтрыгуючым атрымаўся новы праект з песнямі на вершы класікаў беларускай літаратуры, да таго ж прэзентаваны ў Купалаўскім тэатры.
Абноўлены склад “Крамбамбулі band” у кампаніі з класікамі, якія перыядычна з’яўляліся ў іх за спінамі, сур’ёзнымі і цяжкімі новымі песнямі і добразнаёмымі “крамбамбулеўскімі” гітамі літаральна пакарылі гледачоў.
Канцэрты ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы здзіўлення ў слухачоў больш не выклікаюць. За плячыма – «сеанс з выкрыццём» ад J:mors, кабарэ ад «Серебряной свадьбы». Падыйшла чарга класікаў. За справу ўзяўся Лявон Вольскі, прыхапіўшы з сабой абноўлены склад «Крамбамбулі band», музыкаў-сяброў і асабістыя ідэі. Так нарадзіўся праект «Белая яблыня грому» з песнямі, напісанымі на вершы класікаў беларускай літаратуры XIX-XX стагоддзяў: ад Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча праз Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Якуба Коласа да Максіма Танка, Пімена Панчанкі і Рыгора Барадуліна.
Але чаканні тых, хто меркаваў, што канцэрт будзе камерным, не спраўдзіліся. Класікі надалі спевам больш глыбіні і трагізму, а ў астатнім ім давялося падпарадкоўвацца фантазіі Вольскага і атрымаць рокавае (часам, лёгкае, а часам і досыць цяжкое) гучанне.
Калі б у школьнай праграме выкарыстоўвалі класічныя творы ў такой інтэрпрэтацыі, цікавасць да класікаў і вучнёўскія веды маглі б быць нашмат больш шырокімі.
Падчас канцэрта за спінамі музыкаў ішоў відэашэраг, у якім з кожнай новай песняй з’яўлялася выява паэта, аўтара словаў. Усё гэта ў сукупнасці стварала ўражанне нейкай велічы і сур’ёзнасці таго, што адбываецца.
А пад вясёлы «Пахне чабор», вядомы кожнаму, хто вучыўся ў беларускай школе, хацелася не только танчыць, але і радасна падпяваць.
Пасля першага аддзялення з песнямі новага праекта, Вольскі заiграў «небяспечны мікс» песень з самых розных сваіх праектаў.
Напрыклад, «Такога няма нідзе», якую Лявон звычайна выконвае з Уладзімірам Пугачам.
– На канцэрце J:mors у тэатры я падпяваў Валодзі, а зараз ён будзе падпяваць нам, – павітаў Вольскі Пугача.
– А зараз хачу запрасіць на сцэну чалавека, які жыве ў Купалаўскім тэатры, – анансаваў ён выхад Ганны Хітрык.
Прагучаў і дуэт з Аляксандрам Памідоравым. Здаецца, менавіта з песні «Немец», якую яны выканалі разам з Лявонам, і ўзнікла ідэя праекта на вершы класікаў.
Наступным крокам стала выкананне добравядомых і любімых слухачамі песень з рэпертуара «Крамбамбулі».
Ужо традыцыйны для выступаў «Крамбамбулі» танец
Напрыканцы канцэрта Вольскі падзякаваў гледачам і запэўніў, што «біса» не будзе. Маўляў, музыкі і так ужо шмат сыгралі. Але ці можна супрацьстаяць такой любові публікі?
– Зараз дакладна апошняя песня, – заўсміхаўся Лявон.
– «Абсэнт»! – пачулася з задніх шэрагаў.
– Прапаную правесці… прабачце… рэферэндум, – звярнуўся да залі Вольскі. – Альбо танчым пад «Старых хіпаноў», альбо… «Абсэнт».
У выніку, апошняя песня ператварылася ў дзве. Гульня ў класікаў была скончаная. Але, здаецца, толькі ў гэты дзень.
Читайте еще
Избранное