Вінцук Вячорка абвяргае заявы амбасадара Беларусі ў ЗША

З’явілася першая афіцыйная рэакцыя на візыт лідэраў беларускай апазыцыі ў Вашынгтон. Амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў у інтэрвію тэлеканалу RTVI выказаў незадаволенасьць тым, што яны казалі амэрыканскім урадоўцам і кангрэсмэнам.

Хвастоў: “Мне не падабаюцца некаторыя падыходы, якія выказваюцца прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў у Вашынгоне, яны схіляюць Амэрыку да некаторага ціску на ўладныя структуры Беларусі і нават заклікаюць да забароны двухбаковага гандлю”.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка абверг выказваньне Міхаіла Хвастова:

Вячорка: “Па-першае, спадар Хвастоў ня быў прысутны пад час нашых размоваў ці канфэрэнцыяў і таму ўзьнікае пытаньне, адкуль ён наагул можа меркаваць, што мы рабілі. А па-другое, ён гаворыць заведамую няпраўду. Нашая пазыцыя палягае ў тым, што эканамічныя санкцыі супраць Беларусі неэфэктыўныя, бессэнсоўныя, а могуць быць нават і шкодныя. А вось канкрэтныя пэрсанальныя санкцыі супраць кіраўнікоў рэжыму, людзей, адказных за рэпрэсіі, як раз дзейсныя і высокамаральныя”.

Вінцук Вячорка мяркуе, што ў цяперашніх умовах беларускае кіраўніцтва мае зрабіць крокі ў кірунку дэмакратыі, вызваліць палітвязьняў, дэмакратызаваць Выбарчы кодэкс, і тады яны могуць разьлічваць на падтрымку Злучаных Штатаў. Як раз пра гэта гаварылася ў часе сустрэч у Вашынгтоне,— заявіў спадар Вячорка.

Падсумоўваючы папярэднія вынікі паездкі ў Вашынгтон, спадар Вячорка зазначыў:

Вячорка: “Гэта быў першы візыт лідэраў беларускіх дэмакратычных сілаў у ЗША ў гэтым годзе. Вельмі важна было даць адказы на пытаньні амэрыканскіх палітыкаў, дыпляматаў, экспэртаў, як нам бачыцца цяперашняя эканамічная, палітычная і сацыяльная сытуацыя ў Беларусі. Важна было, што мы пераканаліся ў палітыцы Злучаных Штатаў, якая заснаваная на маральных каштоўнасьцях, такіх як дэмакратыя, свабода, пашана правоў чалавека і безумоўная падтрымка беларускай незалежнасьці. Акрамя таго ідэя, якую я агучыў: каб ЗША ўсьлед за актам аб дэмакратыі прынялі пазытыўную праграму дапамогі Беларусі ў разе дэмакратычных рэформаў, была зь цікавасьцю ўспрынятая”.

Сёньня дэлегацыя беларускай апазыцыі будзе сустракацца з кіраўніком выбарчай кампаніі патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ЗША сэнатара Джона Мак-Кейна, высокімі чыноўнікамі Дзярждэпартамэнту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)