«Вінаваты, аказваецца, Васіль Быкаў! Абсурд»

Аглядальнік Сяргей Навумчык піша пра выдаленьне імя Васіля Быкава са школьнай праграмы ва Ўкраіне, якое тлумачаць саўдзелам Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны.

«Сьведчыць гэта пра поўнае няведаньне цяперашнімі кіраўнікамі Ўкраіны палітычных рэалій у Беларусі, што, зрэшты, дэманструецца ледзь не штодня на ўзроўнях больш высокіх, чым чыноўнікі міністэрства адукацыі.

Я ўжо не кажу пра гісторыю Беларусі — даўную і нядаўнюю.

Можна было б узгадаць, што 17-гадовы Васіль Быкаў сустрэў вайну ва Ўкраіне, на ўкраінскай зямлі прыняў свой першы бой, за яе праліў сваю кроў, і нават «пахаронка» ягоным бацькам прыйшла ў Украіны — імя Быкава было на абяліску каля Кіраваграду).

Ці прыгадаць, што Васіль Быкаў вітаў вынікі рэфэрэндуму ў сьнежні 1991-га, на якім 90% украінцаў выказаліся за Незалежнасьць.

Васіль Быкаў выступіў супраць імпэрскіх памкненьняў дэпутата Лукашэнкі яшчэ ў 1993-м годзе, і быў адным з самых пасьлядоўных ягоных крытыкаў як прэзыдэнта. Менавіта з гэтай прычыны ён быў вымушаны пакінуць Беларусь і апошнія гады жыцьця правесьці на чужыне.

Увесь гэты час, нагадаю, кіраўнікі Ўкраіны сустракаліся, цёпла віталіся і нават цалаваліся з Лукашэнкам. Ні слова асуджэньня ні ягонай зьнешняй палітыкі, накіраванай на інтэграцыю з Расеяй, ні дыктатарскіх мэтадаў мы ад іх ня чулі.

Цяпер, калі тая палітыка прывяла да ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для расейскай агрэсіі — вінаваты, аказваецца, Васіль Быкаў!

Ну ці не абсурд?

Застаецца верыць, што калі-небудзь Гасподзь верне розум тым, хто яго згубіў.

І прыгадаць апошнія радкі апошняй кнігі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому»:

«Што да мяне, дык пэўне мой лёгас пэсымістычны, хаця мая душа прагне апітымізму. Як некалі пісала вялікая Лэся Ўкраінка: «Без надіі такі сподюваюсь»...»  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(35)