Віктар Марціновіч: «Аднойчы мы ўсе — усе мы — сустрэнемся на Радзіме»

Пісьменнік — пра Беларусь, у якой зараз шніцэлі замест канцэртаў, выставаў і паэтычных слэмаў.

— Акадэмічныя справы паклікалі мяне на два дні ў Вільню, — піша Віктар Марціновіч. — Развітваючыся з горадам, замовіў сабе венскі шніцэль, і калупаў яго відэльцам без энтузіязму: наперадзе была дарога і мяжа, а гэта не тое, каб дадавала апетыту.

— Што я тут раблю? — пытаўся я ў шніцэля. — Навошта я тут, у горадзе вытанчанай самоты, дзе беларусы, нават пазнаўшы адно аднаго, не бягуць абдымацца? Дзе мой Мінск? Мае ўлюбёныя прывакзальныя вежы?

Шніцэль панура маўчаў і бачна, бачна было, што яму я не падабаюся.

Ужо разлічыўшыся за ахвяру майго апетыту, я пабачыў каля сябе чалавека, які загаварыў са мной па-беларуску. Пазнаў у ім Лявона Вольскага.

Лявона Артуравіча.

Пана Лявона.

Таго самага.

Вольскага.

Якога я песні роў і пад гітару, і пад караоке, роў і раўсці, прабачце, буду.

І Лявон стаяў перада мной, жывы, як Цой.

Абняліся, перамовіліся. Сфатаграфаваліся.

Фота @yanyavolskaya

А потым я паехаў у Беларусь.

У якой зараз няма Лявона Вольскага, толькі шніцэлі — у бясконцых колькасцях, шніцэлі замест канцэртаў, выставаў і паэтычных слэмаў.

Шніцэлі як вымярэнне таго, што «не ўсё так дрэнна».

Што «усё як у людзёў».

Я не ведаю, хто каму больш патрэбны.

Беларусь Лявону, Лявон — Беларусі, але сітуацыя, калі мае улюбёныя прывакзальныя вежы ідуць у камплекце толькі са шніцэлем, і гэта адзіны канцэрт, які я ў стане праслухаць пад іхным ценем — гэта сум.

Але аднойчы мы ўсе — усе мы — сустрэнемся на Радзіме.

І болей ніякія — нат самыя акадэмічныя — справы не здольныя будуць мяне з яе паклікаць.

Виктор Мартинович: «Да, вернулся. Да, таким вижу свой путь»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(33)