Общество

Юрась Залоска, Новы час

Васіль Быкаў: Трэба жыць і змагацца

Гэтыя гутаркі з Васiлём Быкавым адбыліся ў траўнi–чэрвенi 1995 года. Яны былi найперш абумоўленыя часам, які перажывала Беларусь: рэферэндум аб мове, інтэграцыі з Расіяй і змене нацыянальнай сімволікі.

Але гэтыя гутаркі, прысвечаныя лёсу Беларусi ды верагоднасцi выжывання беларускай нацыi i культуры, і сёння найактуальныя, — і яскрава сведчаць аб тым, што думкі і словы вялікіх людзей не спазняюцца і не знікаюць, бо існуюць і ў сваім часе, і па-над ім…

«Нацыяналізм як неабходная перадумова дэмакратыі»

— Падзеi, што адбываюцца цяпер у Беларусi, прадказвалiся даўно. Гучала нямала папярэджанняў у бок дэмакратычных сiлаў аб рэальнай магчымасцi наступу сiл камунiстычнага рэваншу.

Ды, аднак жа, сцвердзiўся самы кепскi з усiх магчымых варыянтаў — горшага i нельга было чакаць. Сёння шмат закiдаў на адрас «цынiчнага прэзiдэнта», «расейскiх спецслужбаў» i да т.п… Вашыя прэтэнзii да дэмакратычнага руху ў сувязi з паразай нацыянальных сiлаў?

— Прэтэнзii, так бы мовiць, класiчныя, — тыя, што, бадай, спрадвеку прынята адрасаваць дэмакратам: чаму не аб’ядналiся? Але, мабыць, таксама спрадвеку дэмакратыя слухае такiя папрокi, але не толькi не аб’ядноўваецца, а няспынна раз’ядноўваецца. Заўджы i ўсюды. Мабыць, такая ўжо прырода, метафiзiка гэтае плынi.

У процiвагу яе антыподам, якiя таксама заўсёды i ўсюды, — але аб’ядноўваюцца, зрастаюцца, ператвараюцца ў адно. Як цяпер чырвоныя з карычневымi.

Пяцьдзясят гадоў таму яны з крывёю бiлiся на палёх Еўропы, а цяпер скрозь хаўрусуюцца, утвараючы новы, дзiвосны палiтычны арганiзм, яшчэ больш цынiчны, чым камунiсты i фашысты паасобку.

Нашыя палiтыканы ад тутэйшай палiтыкi нiкога не абдурылi, як Вы кажаце. Iхнiя «дурыкi» былi вiдаць з самага пачатку. Яны проста вырвалi ўладу... Але новыя — больш цынiчныя, нахрапiстыя, яны рашуча выкарысталi сiлу, у тым лiку i тую, што ходзiць у бронекамiзэльках i чорных масках.

Яны i не думалi нiчога рабiць, апроч бязмежнага ўмацавання бязмежнай улады. I тое зразумела: хто мае ўладу, той мае сiлу, а хто мае сiлу, таму непатрэбна нiякая праўда.

Цалкам артыкул чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(16)