«Узлёт Беларусі непазбежны – нельга складаць крылы»
28 жніўня споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння паэта, дыпламата, грамадскага дзеяча і проста выбітнага чалавека Генадзя Бураўкіна.
Ужо не ўзгадаю большасць тых падзей ды гутарак, што адбыліся тыдзень таму. Але праз гады добра памятаю справы і сустрэчы са спадаром Генадзем.
Адносна лёгка быць заўважнай ды ўплывовай асобай, калі ты пры ўладзе. Значна складаней застацца такой, сышоўшы з усіх пасадаў. У спадара Генадзя гэта атрымалася. Ён знайшоў сябе ў жыцці пасля дзяржаўнай кар’еры – знайшоў лёгка і натуральна. Бураўкін захаваў аўтарытэт сярод свядомых і неабыякавых беларусаў: праз сваю творчасць у паэзіі ды публіцыстыцы, праз грамадскі чын, праз свой вобраз патрыёта і прыстойнага чалавека, да якога з павагай ставіліся нават многія непрыяцелі. Ён застаўся запатрабаваным да апошніх дзён жыцця і далей – дзякуючы спадчыне, якую нам пакінуў…
Распавяду тую гісторыю, якую, бадай, ведаю лепш за астатніх. Гісторыю Усебеларускага З’езда за незалежнасць, сустаршынём якога быў Генадзь Бураўкін.
Эндшпіль 1999 году прынёс чарговую кепскую навіну для Беларусі. У Маскве была падпісана дамова пра стварэнне так званай “саюзнай дзяржавы”. Меркавалася, што яна будзе мець сваю валюту (беларускі рубель павінен быў ціха знікнуць), парламент ды шмат чаго яшчэ.
На той момант выглядала цалкам верагодным, што Аляксандр Лукашэнка ахвяруе суверэнітам Беларусі, каб атрымаць магчымасць патрапіць на расейскае палітычнае поле ды пазмагацца за Крэмль. У сваю чаргу былая імперыя ўжо разявіла пашчу, каб ізноў праглынуць краіну, якую лічыла кавалкам сваёй тэрыторыі, што быў страчаны выключна паводле “непаразумення”.
Горш за ўсё было тое, што беларускае грамадзтва сустрэла гэтую навіну абыякава. У 1996-м ды 1997-м куды менш маштабныя “інтэграцыйныя” праекты выклікалі масавыя пратэсты, на вуліцы Менску выходзілі дзясяткі тысяч людзей, найбольш актыўная частка зь якіх давала адпор спецназаўцам. Але мінула пару гадоў, і рэакцыя на “аб’яднанне” аказалася надзвычай сціплай.
Тады і нарадзілася ідэя правесці Усебеларускі З’езд за незалежнасць, каб гучна заявіць, што дзяржаўны суверэнітэт з’яўляецца неад’емнай каштоўнасцю беларускага народу. Менавіта дзякуючы гэтаму сходу я і пасябраваў са спадаром Генадзем.
Мы добра разумелі, што не перакулім ні свет, ні нават уласную краіну. Аднак і сядзець, моўчкі назіраючы, як яна губляе самастойнасць, не жадалі. Логіка была такой: калі нават застанемся не пачутымі сучаснікамі, то, прынамсі, створым падставы для таго, каб будучыя пакаленні маглі вярнуць страчанае. Натхняла гістарычная аналогія: абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе мела вынікам стварэнне БССР як асобнай рэспублікі, а не часткі РСФСР, а потым у 1991-м прывяло да таго, што наша Бацькаўшчына атрымала незалежнасць.
Адна з галоўных праблем палягала ў рэўнасці большай часткі апазіцыйных лідараў да ініцыятывы “інтэлігентаў”, якія не параіліся з “дасведчанымі” палітыкамі. Мы наіўна лічылі, што дэмакратычныя партыі ды арганізацыі возьмуць на сябе арганізацыйную працу па скліканню Усебеларускага З’езду. Але іхныя кіраўнікі за рэдкім выключэннем фактычна адасобіліся ад “чужой” справы.
Але кліч ужо кінуты, адступаць нельга. Давялося самім ствараць аргкамітэт, які ачолілі чатыры сустаршыні: Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі і Анатоль Грыцкевіч. Мне давялося займацца рабочай групай з чатырох чалавек, што ўзяла на сябе ўсю тэхнічную працу.
Фактычна зрушыць падрыхтоўку з месца мы здолелі на аўтарытэце сустаршыняў, якія карысталіся неверагоднай павагай у актывістаў дэмакратычных арганізацый. І нават сярод гэтых чатырох “зуброў” спадар Генадзь вызначаўся актыўнасцю. Хто кіруе распрацоўкай механізму вылучэння дэлегатаў на З’езд? Бураўкін. Хто далікатна, але настойліва тлумачыць суайчыннікам і замежным дыпламатам сэнс гэтага сходу? Бураўкін. Хто рыхтуе праект Акта Незалежнасці Беларусі? Бураўкін. Хто бароніць працоўную групу ад нападак партыйных функцыянераў, якія раптам незадаволена пабачылі, што ў гэтых “старых ды малых” нешта атрымліваецца і ад сабатажу паспрабавалі перайсьці да супрацьдзеяння? Бураўкін.
Ні ў якім разе не хачу прыхаваць заслугі астатніх сустаршыняў. Абсалютна кожны зь іх адыграў сваю значную ролю ў гэтай справе. Аднак толькі спадар Генадзь меў унікальнае спалучэнне рамантычнай адданасці сваёй краіне з дыпламатычным і палітычным досведам. І гэта адыграла вырашальную ролю ў тым, што З’езд адбыўся. Бо трэба разумець, што ніхто з нас раней не ладзіў такія буйныя мерапрыемствы. Не было ў нас і грошай на арганізацыю З’езду. Наогул амаль нічога не было, акрамя адчування, што гэтая справа жыццёва патрэбная тут і цяпер.
І 29 ліпеня 2000 году Зьезд адбыўся. Амаль паўтары тысячы дэлегатаў, вылучаных на сходах грамадзян і ад арганізацый, сабраліся ў Менску. Больш за 100 раёнаў Беларусі даслалі сваіх прадстаўнікоў. У залі палаца тонкасуконнага камбінату не тое, што яблыку, — гарэху не было дзе ўпасці. З’езд атрымаў шэраг вітальных лістоў з-за мяжы, у тым ліку ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы і тагачаснага прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавэла.
А напярэдадні высвятліласяся, што спадара Генадзя, магчыма, не будзе на З’ездзе з прычыны раптоўнага абвастрэння хранічнай хваробы. У гэты момант мне самому ледзь не стала кепска, бо з усёй дакладнасцю ўяўлялася роля і значнасць Бураўкіна для поспеху сходу.
На шчасце, спадар Генадзь адолеў і гэтую праблему. Ён упэўнена кіраваў хадой З’езда, які лічыў адной з трох галоўных падзей у сваім жыцці. Чаму? Не вазьмуся адказваць за свайго старэйшага сябра. Проста адзначу, што сход склікаўся дзеля адной мэты – прыняцця Акта незалежнасці Беларусі. У радках гэтага дакументу кожны можа пашукаць свой адказ на вышэй акрэсленае пытанне.
Неўзабаве пасьля З’езду мне пашчасціла працаваць са спадаром Генадзем у штотыднёвіку “Беларускі час”, заснавальнікам якога з’яўлялася Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Ён мог атрымаць там любую пасаду, у тым ліку галоўнага рэдактара, аднак не палаў жаданнем ізноў займаць кіруючыя пазіцыі і пагадзіўся толькі на месца аглядальніка. І раз на тыдзень пісаў калонку на актуальную тэму.
Як жа спадара Генадзя шанавалі і чытачы, і супрацоўнікі рэдакцыі! Колькі разоў у складаных сітуацыях ён даваў слушныя парады!
Шкадую толькі пра адно: што публіцыстыка Бураўкіна не была выдадзеная асобнай кнігай. І паколькі гэтыя артыкулы пакуль не сабраныя пад адной вокладкай, то хаця б прапаную некалькі цытат:
Фота Сяргея Шапрана
“Мы пачынаем бязвольна прывыкаць да таго, што не толькі ў далёкасяжных дэкларацыях, а нават і ў будзённых бытавых прызнаннях нам зноў і зноў хлусяць нашы гаварлівыя лідэры, што залішне асмялелыя чыноўнікі не надта азіраюцца на агульнапрынятыя законы, што не збіраюцца несці ніякай адказнасці за кожнае сваё слова журналісты, а міліцыянты і ў судзе гатовы даваць па падказцы начальнікаў непраўдзівыя паказанні. Усім ім пры гэтым чамусьці не бывае сорамна. Яны лёгка спісваюць свае паводзіны на жорсткі час і суровую рэчаіснасць. А нам усім (і вінаватым, і бязвінным) павінна быць сорамна за тое, што гэткае магчыма ў нашай краіне, пры нас, што яно не тое што не караеца, а нават не асуджаецца ўголас. Няўжо і праўда мы паслухмяна становімся бяздумнымі, раўнадушнымі і бессаромнымі?..”
“Я быў у зоне(слова гэтае тады набыло раптоўна новы, не менш суровы, чым пры напаміне пра сібірскія задратаваныя лагеры, сэнс) неўзабаве пасля страшнага выбуху ў сярэдзіне мая. Навакол вольна раскашавала жыццё – ярка свяціла ў высокім бясхмарным небе сонца, дружна цвілі сады, на палетках, узнімаючы за сабой слупы шэрага пылу, шчыравалі трактары.Нідзе і не праглядвалася нават малога звыклага знаку бяды, калі трэба некуды бегчы, неяк хаваць у бяспечнае месца сябе і дзяцей. Не падалі бомбы, не свісталі кулі, не лізаў сцены хат агонь, не заходзіліся ў плачы жанчыны, не лілася кроў – і генная памяць беларусаў, за многія гады абсмаленая тратылам войнаў і спаласаваная балючымі пісягамі варожых здзекаў, бесклапотна спала. І калі мы, трое журналістаў, злосна крычалі на распранутых да пояса маладых трактарыстаў (тыцкаючы ім пад нос дазіметры, якіх, дарэчы, было тады недаравальна мала), яны толькі паблажліва смяяліся… Ці ёсць яны сёння на зямлі, тыя дужыя і прыгожыя хлопцы?.. А болей за ўсё мяне тады ўразіў прыдарожны лес каля Брагіна. Ён стаяў, па-вясноваму зялёны і кучаравы, зусім… нямы. У ім не спявалі птушкі, не шасталі ў вершалінах вавёркі. Мы спынілі на ўзлеску машыну, ступілі на ўзбочыну і ўбачылі ў высокай траве мёртвую зязюлю. У руках у нас нямоўчна стракатаў дазіметр. І маё сэрца востра скаланулася ад нейкага незямнога страху, ад таго, што ў гэтай роднай, непаўторнай прыгажосці на гэты раз не было душы, яна не магла ні гукнуць да цябе, ні прашаптаць табе нешта птушыным голасам, ці звярыным крыкам, ці проста ціхім вяршалінным пошумам. Нябачная, загадкавая атрута распаўзалася па дрэвах, палянах, камянях і красках”.
“Памятаеце крылатае выслоўе пра чамадан без ручкі: і несці нязручна, і кінуць шкада? Дык вось, так званы інтэграцыйны працэс паміж Расіяй і Беларуссю мне ўсё больш нагадвае гэты славуты чамадан. Ужо ўсім здаецца, стала відавочна, што саюзная дзяржава, пра якую столькі год без упынку звоняць найбольш артадаксальныя маскоўскія і мінскія палітыкі, наўрад ці адбудзецца…”
(І гэты прагноз спадара Генадзя спраўдзіўся – А.С. )
“Што паробіш, калі вінаград для нашага хмельнага віна перамогі яшчэ задужа зялёны. Трэба цярпліва спяліць яго, не палохаючыся ні маразоў, ні засухі, ні слоты, клікаючы на дапамогу дбайных прафесіяналаў, разважліва ўлічваючы свае і чужыя памылкі… Давайце ўпарта верыць, што ўзлёт Беларусі непазбежны, і яе параненыя, падбітыя крылы здольныя ўрэшце рэшт узнесці яе ў сінія вышыні годнасці і ўпэўненасці, да непагаснага сонца волі і шчасця. Ні ў якім разе нельга складаць крылы!..”
Той “Беларускі час” доўжыўся амаль два гады. А потым прэзідэнцкая адміністрацыя паставіла на кіраўніцтва ФПБ свайго чалавека, з якім, натуральна, ні спадар Генадзь, ні я справу мець не пажадалі. Наша супраца працягнулася ў “Салідарнасці”, якой таксама быў наканаваны пакручасты лёс…
Са спадаром Генадзем заўсёды было лёгка. Негледзячы на розніцу ва ўзросце, статусе ды яшчэ чым.
Такіх светлых людзей – добрых, інтэлігентных, спакойных – шмат не бывае, тым больш у цяперашнія досыць хмурныя часы. У спадара Генадзя было багата падставаў забранзавець, але ён пазбег той спакусы, і да апошняга дня заставаўся сапраўды залатым чалавекам.
Бураўкіна не шанавалі цяперашнія ўлады, але ён быў шчаслівейшы за тых, хто, караскаючыся па драбінах вертыкалі, атрымлівае знакі ўвагі ад высокапастаўленых кіраўнікоў.
Сакрэт гэтага шчаслівага лёсу палягае ў тым, што спадар Генадзь жыў любоўю. Любоўю да Беларусі, да сваёй каханай Юліі, да дачкі, сына і унукаў, сяброў і калегаў.
Генадзь і Юлія Бураўкіны пражылі разам 55 год
Здавалася б, вельмі просты рэцэпт. Але ж сёння мала хто ім карыстаецца. У грамадстве усё больш нянавісці: дробнай, пабытовай. Гэтая атрута ўжо ператварыла шмат тутэйшых у жывых мерцвякоў, і трэба мець зайздросны душэўны імунітэт, каб супрацьстаяць ёй…
Са спадаром Генадзем было лёгка нават тады, калі яму было вельмі цяжка. За тыдзень да адыходу, калі ён усё разумеў і нават вызначыў дакладны тэрмін, колькі засталося, Бураўкін жартаваў і смяяўся. А 30 траўня 2014-га спакойна ўзышоў на ладдзю роспачы.
Хай цяпер Вам, спадар Генадзь, будзе лёгка ў лепшым свеце. Міне час, і Вы пабачыце адтуль лепшую Беларусь – тую, пра якую марылі, якой прысвяцілі жыццё.
Читайте еще
Избранное