Беседка
Андрэй Дынько, «Наша Ніва»

«Узгадваецца, як бессэнсоўна галадаў у той час»

«Выжыванне па Курэпіну. Студэнт БДУ жыве на 400 тысяч у месяц. І жыве!» — гэты артыкул стаў адным з самых папулярных у «НН» у 2012 годзе. Студэнт гістфака жыў на даляр у дзень, еў пустую кашу, але адкладаў 15 даляраў на месяц яшчэ і на адпачынак.

У 2012 годзе звычайным абедам Мікіты былі пустая макарона і грэчка

Мама прапаноўвала Мікіту грошы, але ён прынцыпова не браў. Хацеў быць цалкам самастойным. Нагадаю, што Мікіта, хоць нарадзіўся ў Расіі і меў расійскі пашпарт, у Мінску прынцыпова размаўляў толькі па-беларуску і выбраў белмоўную плынь на гістфаку...

Мы сталі шукаць яго: што стала з упартым юнаком за тры гады? Аказалася, Мікіта Курэпін цяпер у Ізраілі. Ён расказаў «Нашай Ніве», як жывецца і вучыцца яму там.

У Ізраілі Мікіта па-ранейшаму часам карыстаецца беларускай мовай і сочыць за беларускім жыццём. Паўдзельнічаў у перапісе «Мовы нанова».

...Калі я гляджу на адказы Курэпіна пра лад жыцця ў Ізраілі, мне чарговы раз думаецца: калі ўжо і беларусы ўладкуюць сваю краіну так, як здолелі тое зрабіць яўрэі?

— Вы з канцамі пераехалі ў Ізраіль? Як апынуліся там?

— Так, я цяпер пражываю ў Ізраілі. Я габрэй — галахічны (па матчынай лініі), і маю права на рэпатрыяцыю ў Ізраіль. Рэпатрыяцыя для мяне — запланаваны крок. З верасня 2013 года я хадзіў на курсы іўрыта ў Мінску і па іх сканчэнні пераехаў.

— Дзе там жывяце? Маеце стыпендыю?

— У Ізраіль я рэпатрыяваўся праз праграму МАСА. Яна ідзе для моладзі з габрэйскім паходжаннем, якая жадае паспрабаваць пажыць у Ізраілі, зразумець яго жыццё ўнутры, паездзіць па краіне. Мне аплачваюць жыллё, навучанне і медыцынскую страхоўку, плюс я атрымоўваю каля 320$ на харчаванне і асабістыя патрэбы. Гэтых грошай цалкам хапае, і нават застаюцца.

— Што вывучаеце? Якія дадатковыя курсы праходзіце?

— Мая праграма складаецца з дзвюх частак. Першыя 5 месяцаў— вывучэнне мовы, і астатнія 5 месяцаў — вывучэнне графічнага дызайну. У вольны час раблю ўхіл на паляпшэнне ведаў па іўрыце і займаюся самавывучэннем арабскай мовы.

— Што было самім цяжкім пры «акліматызацыі»?

— Як такой, «акліматызацыі» у мяне не было, бо людзі ў цэлым тут — з маім наборам характараў. Моўнага бар’еру не існавала, але была праблема ў тым, што ў горадзе, дзе я жыву (Беэр-Шэва), пражывае каля 25% выхадцаў з СССР, і большасць з іх не жадае інтэгравацца.

Так склалася, што я жыву ў рускім квартале, і тут ёсць шмат крамаў, рэстарацый і паркаў, дзе выкарыстоўваць толькі расейскую мову. Я іх не наведваю, але той факт сутыкнення з расейкамоўнасцю выклікаў у мяне найбольшыя складанасці. Мне хацелася поўнага пагружэння ў іўрыт. Праўда, цяпер я супакоіўся і перастаў заўважаць расейскую мову і цярплю расейскі акцэнт у мове.

Мікіта жыве ў Беэр-Шэве — горадзе сярод пустыні

— Ці шмат там беларусаў тыпу вас?

— Мая праграма разлічана на людзей з краін, дзе раней панавала савецкая ўлада. Там ёсць некалькі чалавек з Беларусі, праўда, яны даволі індыферэнтныя. Жыхары ж Беларусі, што пераехалі ў 90-я, растварыліся ці ў расейскамоўным асяроддзі, ці ў іўрытамоўным (значна менш), дзеці іх размаўляюць выключна на іўрыце, і расейская мова для іх — гэта мова для размовы з бацькамі. Ведаю, што ў Ізраілі ёсць некалькі беларускамоўных спадароў, але іх становіцца ўсё менш і менш, бо ўсюды пануе іўрыт.

— Як жывецца на тыя грошы, што маеце? Колькі траціце за месяц, колькі ўдаецца адкладаць?

— Мая стыпендыя складае недзе каля 320 $. На жыццё разыходзіцца недзе 175— 200 $. Заўжды ёсць магчымасць падзарабіць. Не буду распавядаць, колькі атрымоўваю за месяц, але за дзень у сярэднім можна зарабіць недзе 80 $. Гэта сума невялічкая для Ізраіля, бо тут сярэдні заробак 2700 $, а мінімалка — 1300 $, але падпрацоўка нелегальная, а грамадзянства ўдзельнікі праграмы атрымоўваюць толькі па яе сканчэнні. У маім выпадку гэта недзе ў чэрвені.

— А як у вас з медыцынскім абслугоўваннем?

— У мяне бясплатная медыцынская страхоўка, яна таксама распаўсюджваецца на рэпатрыянтаў, якія жывуць першы год у Ізраілі. Медыцынская сістэма падзяляецца на 4 бальнічныя каcы (сеткі бальніц). Абслугоўванне ў іх высокай якасці, вельмі сучаснае (асабліва, калі параўноўваць з Беларуссю). Медыкаменты пры гэтым выдаюцца таксама бясплатна.

Цікавы факцік: часам у іх складзе ёсць канабіс (у Ізраілі ёсць медыцынскі легалайз), і таму ў мяне была не так даўно праблема з правозам наркатычных сродкаў на ўкраінскай мытні. Калі прыехаў, праверылі медыкаменты, якія аказаліся наркатычнымі псіхатропамі. Вымушаны быў заплаціць штраф памерам 75 $. На зваротным шляху, дарэчы, украінцам не спадабаўся мой расейскі пашпарт, абвінавацілі ў сепаратызме (цікава, што я шмат разоў ахвяраваў на антытэрарыстычную аперацыю), прыйшлося і там заплаціць 20 $, каб атрымаць дазвол на 36-гадзінны транзіт па краіне.

— Вакол Беэр-Шэвы не страляюць?

— Я жыву за 30 кіламетраў ад сектару Газа. Арабы пакуль слаба абстрэльваюць Ізраіль, да населеных пунктаў яшчэ нічога не далятала. Звычайна, калі што выпускаюць, яно ўзрываецца недзе ў самім сектары. Каля нас цяпер канцэнтруюць ваенныя базы, таму жыццё горада ў вялікай бяспецы на выпадак пачатку антытэрарыстычнай аперацыі.

— Што цікавага ў арганізацыі жыцця беларусам варта запазычыць у ізраільцян?

— Я б сказаў, што запазычыць трэба найперш стаўленне да свету. Ізраільцяне — шчаслівыя людзі, яны ўвесь час усміхаюцца. Ізраільцянам уласліва дапамагаць усім пры кожным выпадку, нават калі гэта і не трэба. Ізраільцяне размаўляюць гучней (я таксама) і шмат, беларусы ж вельмі маўклівыя. А яшчэ ізраільцяне вельмі непасрэдныя, любяць даваць парады.

Сярод беларусаў даваць незнаёмым жыццёвыя парады не прынята, а шчырасць пры размовах з незнаёмымі мне ўвогуле ніколі не сустракалася. У той жа час ізраільцяне таксама вельмі паважаюць чужую свабоду і нават асабістую прастору. Праз гэта тут у крамах вялікія чэргі, бо людзі не спяшаюцца, і ўсё ідзе даволі павольна і без канфліктаў.

З той жа сферы — талерантнасць і неўмяшанне ў асабістае жыццё. У беларусаў жа, мне здаецца, ёсць праблема з разуменнем, што такое свабода і як ёй правільна карыстацца.

— А што арабы? Праблем з імі не было?

— Вакол нас шмат бедуінскіх пасяленняў. Адзін раз быў тэракт. У цэлым жа арабы паводзяць сябе даволі спакойна, некаторыя з іх працуюць у крамах. У мяне нават аднойчы быў доктар-араб, які абслугоўваў мяне вельмі якасна і пажадаў заўжды заставацца здаровым.

— Карацей, з людзьмі не канфліктавалі...

— З людзьмі — не. Былі канфлікты з аўтаматамі. На вакзалах, станцыях амаль не бывае касаў. Усюды стаяць аўтаматы. Мне з імі было складана пасябраваць. Але навучыўся. Цяпер часта дапамагаю старому пакаленню пасябраваць з імі.

— Ці дапускаеце Вы магчымасць вярнуцца ў Беларусь?

— Не дапускаю. У Беларусі мяне нічога не трымае. Да таго ж у Беларусі вялікі побытавы антысемітызм, і мне гэта было зусім не даспадобы.

— Як вы ўспамінаеце тыя дні, калі ў Мінску жылі на 1 даляр у дзень? Што Вам найбольш успамінаецца з тых дзён?

— Цяпер, калі ў мяне ў лядоўні стабільна 3-4 гатункі сыру, нават не ведаю, як я мог пражыць на гэтыя грошы. Узгадваю з жахам і адначасова з неразуменнем і настальгіяй. Узгадваецца, як бессэнсоўна галадаў у той час.

Бліц-пытанні

— Улюбёная страва ў Ізраілі

— Фалафель. Але дазволю тут больш «кулінарных уражанняў». Тут неймаверна смачная садавіна. Свежая, духмяная. Ёсць звычныя памаранчы ды клеменціны, але ёсць таксама і шышкі кактусаў, лічы, кумкваты. Тут вельмі развітая вулічная нацыянальная кухня — фалафельні, швармарні, хумусарні і пякарні шакшуку радуюць мяне на кожным кроку ў горадзе. Вельмі смачнае тут і малочнае, але яно і каштуе адпаведна. Напрыклад, 250 мл малочнага напою каштуе 1,30 $.

Смачнае ўсё, акрамя... хлеба. Хлеб тут белы, чорны мала дзе прадаецца, я часам сумую па яго водары і смаку... А са шпротаў перайшоў на тунец.

— Што робіце ў шабат?

— Сплю і адпачываю.

— Ці Святая там Зямля?

— Святая, але не для ўсіх.

— Самае прыгожае месца Ізраіля — гэта...

— Стары горад Ерусаліма.

— Ізраільскія дзяўчаты...

— Адны з самых прыгожых у свеце.

— Ізраільская кава...

— Аказалася, што кава з малаком — гэта не кашэрна.

— З беларускага вам у Ізраілі найбольш бракуе...

— Чорнага хлеба.

— Вы за прызнанне палесцінскай дзяржавы ці супраць?

— Немагчыма прызнаць, чаго не існуе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)