Так прайшла ноч. Ян расказвае, што і ў яго, і ў іншых вязняў той камеры склалася ўражанне — Тамілаў не разумеў, дзе ён знаходзіцца і што адбываецца навокал, ён нібыта звар’яцеў. Вязні таксама чулі, што паводзіны Аляксея моцна раззлавалі ахоўнікаў.
«Уварваліся з дручкамі». Сведка расказаў, як сілавікі збілі аўтаслесара з Віцебска. Праз год той памёр
8 кастрычніка стала вядома пра смерць Аляксея Тамілава з Віцебска. Год таму яго моцна збілі ў ІЧУ — здароўе Тамілава так і не аднавілася цалкам. Вось што расказаў Нашай Ніве сведка таго збіцця.
Актывіст Ян Дзяржаўцаў пазнаёміўся з Аляксеем Тамілавым у камеры віцебскага ізалятара часовага ўтрымання, куды трапіў у сакавіку 2023-га.
Дзяржаўцаў апынуўся там праз абвінавачванне ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Тамілава абвінавацілі ў тым жа. Ён пасля расказваў сукамернікам, што яго затрымалі таксама за маленькі нацыянальны сцяжок, які знайшлі падчас ператрусу.
Паводле слоў Яна, падчас іх першай сустрэчы Аляксей быў у добрым ментальным стане. Ён гутарыў з іншым вязнем — успаміналі, як гадоў 15 таму Аляксей, супрацоўнік СТА, рамантаваў таму чалавеку машыну. Тамілаў згадаў і сам аўтамабіль, і тое, што канкрэтна ён рабіў з машынай.
У той камеры Ян прабыў з Аляксеем адны суткі. Дзяржаўцаў расказвае пра тое, якія ўмовы былі ў віцебскім ІЧУ — здароўя гэта не дадае:
«На ложках не было ні матрацаў, ні коўдраў з падушкамі. На нарах была сетка з металічных прутоў таўшчынёй недзе ў 1 см, паміж імі быў прамежак прыкладна ў 15 см. Заснуць на ёй немагчыма, толькі прыкрыеш павекі на 15—20 хвілін — і ўсё, бо галава правальваецца паміж гэтых прутоў.
Тройчы за ноч ахоўнікі нас падымалі, рабілі так званую праверку. Святло гарэла ўсю ноч, ежа жудасная, лекаў не выдавалі».
Як тлумачыць суразмоўца, такое стаўленне было часткай загаду зверху — прэсаваць палітычных як мага мацней. Дзяржаўцаў мяркуе, што ў нечым гэта абумоўлівала і тое, як далей супрацоўнікі паставіліся да Аляксея Тамілава.
Праз суткі Аляксея перавялі ў іншую камеру, а яшчэ праз двое сутак у трэцюю — туды, дзе да гэтага пасля першай камеры апынуўся Ян.
Тое, як змяніўся Тамілаў, уражвала.
«Было бачна, што чалавек у вельмі нервовым стане, ён загаворваўся.
Спачатку ён моўчкі слухаў нашу размову, потым пачаў сварыцца, вельмі раззлаваў некалькіх чалавек, мацюкаўся. Увечары ён пачаў паводзіць сябе зусім дзіўна: стаў грукаць у дзверы, казаў, што працоўны час скончыўся і трэба ісці дахаты, патрабаваў, каб адчынілі дзверы. Гэта працягвалася з перапынкамі ўсю ноч.
Пакуль гэта адбывалася, некалькі разоў ахоўнік заглядваў у вочка на дзвярах. Крычаў на Аляксея — маўляў, спыніся, а то табе будзе кепска. А ён усё рваўся дахаты, казаў, быццам дзверы прымёрзлі. Уяўляў, быццам каля яго стаіць яго напарнік, казаў, каб ён узяў лом, адбіў лёд і тады адчыніў дзверы. Прайшло 20—30 хвілін, і ён зноў пытаўся, ці адбіў напарнік лёд, казаў, каб той узяў ліхтарык, калі не бачна».
Самае горшае здарылася раніцай:
«Калі адбывалася праверка, ахоўнікі вывелі нас у калідор, а яму [Аляксею] сказалі застацца ў камеры. Мы выйшлі, пачалася праверка, а ў камеру, быццам ашпараныя, уварваліся некалькі ахоўнікаў з дручкамі. Пачаліся крыкі, лямант — ахоўнікі крычалі на яго і збівалі. Гледзячы па гуках, магчыма, там у ход ішлі не толькі дручкі, але таксама рукі і ногі. Гэта працягвалася некалькі хвілін.
Потым нас завялі ў камеру і мы пабачылі, што ён ляжыць на нарах і стогне. Мы запыталіся, што ў яго баліць, толькі хвілін праз дзесяць ён паказаў рукой на абедзве свае нагі, на рэбры і галаву. Хацелі яго падняць, але ён вельмі моцна застагнаў.
Сярод нас быў доктар, ён агледзеў яго [Аляксея] і сказаў, што ў яго паламаныя рэбры і моцна пабітая галава, а таксама пабітае калена, бо ён не мог сагнуць нагу. Доктар сказаў, што трэба яго везці ў бальніцу, яго нельга трымаць у камеры.
Вязні той камеры пачалі грукаць у дзверы, каб звярнуць увагу ахоўнікаў на стан Тамілава. Недзе праз 15 хвілін тры ахоўнікі вынеслі Аляксея з камеры, і вязні яго больш не бачылі.
Пасля гэтага Ян даведаўся, што Аляксей трапіў у рэанімацыю са зламанымі рэбрамі, пераломам каленнай рэпкі і пнеўматораксам — адно ці некалькі зламаных рэбраў прабілі лёгкае.
Сілавікі пагражалі Тамілаву, што, калі ён будзе скардзіцца на збіццё, супраць яго завядуць крыміналку.
Але пазней Дзяржаўцава і яго сябра, які таксама адбываў у той час тэрмін у віцебскім ІЧУ, выклікалі на гутарку пра збіццё Аляксея Тамілава. Ян лічыць, што гэта магло быць часткай нейкага ўнутрытурэмнага расследавання, але ж потым ён даведаўся, што дзеянні ахоўнікаў у выніку былі «прызнаныя» правільнымі. З гэтым мужчына катэгарычна нязгодны:
«Калі ў чалавека былі праблемы з галавой, яго трэба было лекаваць. На кожнай змене ў ІЧУ ёсць медсястра. Ахоўнікі павінны былі паклікаць медсястру і адчыніць дзверы, і яна павінна была яго агледзець. Калі б яна пабачыла, што ён у неадэкватным стане, трэба было выклікаць хуткую дапамогу і адправіць яго ў бальніцу. Адназначна, што чалавек не разумеў, дзе ён і што з ім робіцца».
«Наша Ніва» ўдакладніла ў лекара, ці магло тое збіццё прывесці да інсульту, ад якога і памёр Тамілаў. Паводле слоў спецыяліста, мы маем занадта мала інфармацыі, каб рабіць належныя высновы, але збіццё дакладна сур’ёзна пагоршыла стан здароўя мужчыны, што і магло моцна паскорыць такі канец.
Читайте еще
Избранное