Общество

Арцём Гарбацэвіч, Наша ніва

«Усё робім правільна!» Топ-следчы Яўген Юшкевіч даў інтэрв'ю з СІЗА

Яўген Юшкевіч — заўважная фігура ў юрыдычных колах Беларусі. Ён вядомы ўнёскам у раскрыццё анлайн-гандлю наркотыкамі, а таксама вядзення справы педафіла Давыдовіча, па якой праходзілі сотні пацярпелых.

У 2020-м ён заняў пазіцыю падтрымкі законнасці. А таксама запусціў праект кансультацый па працаўладкаванню для сілавікоў, якія больш не хацелі выконваць незаконныя загады.

Юшкевіч не з'ехаў з Беларусі пасля першага свайго затрымання па крымінальным артыкуле, і ў выніку быў затрыманы па іншым — расстрэльным артыкуле 289 Крымінальнага кодэкса «Акт тэрарызму».

Але палітвязнем Юшкевіч не прызнаны да гэтага часу. Незразумела, чаму.

«Нашай Ніве» удалося зрабіць з Юшкевічам кароткае інтэрв'ю з СІЗА

— Любімае месца ў Беларусі? Чаму?

— Асіповіцкія лясы — бо яны сапраўдныя, некранутыя.

— Месца на зямлі, якое найбольш уразіла?

— Скандынавія — можна жыць проста, спакойна і багата.

— Якая якасць найбольш дапамагае за кратамі? Якая чалавечая якасць найбольш замінае за кратамі?

— Больш за ўсё дапамагае жаданне вучыцца, чытаць, пазнаваць. А замінае канфліктнасць і раздражняльнасць. Сутыкаўся тут з людзьмі не вельмі разумнымі, праз гэта ўзнікалі канфлікты

— Хто ваш герой з сучаснасці ці мінулага і чаму?

— Усе тыя, хто ахвяруюць сабой для права і законнасці. Сябе да іх не прылічваю.

— Калі б вярнуўся ў 2020, то ці нешта зрабіў бы інакш? Ці стаў бы выязджаць?

— Нічога б не змяніў — шалёны і цікавы год. Не, не з’ехаў бы.

— Што зробіш першай справай, апынуўшыся на волі?

— Першай справай абдыму ўсіх… але калі тое будзе.

— Якія ўмовы ў цябе ў камеры? Якія праблемы? Што за людзі побач? Як адносіны з сукамернікамі і ахоўнікамі?

— Якія ўмовы — рабі высновы сам, я былы супрацоўнік… А людзі розныя.

— Як праходзіць дзень у камеры? Чым звычайна займаешся? Што прачытаў, а што плануеш?

— Чытаю кнігі па праграмаванні, крыміналогіі і тэорыі канфліктаў, чытаю Гандзі. Імкнуся фізічна займацца, радуюся шпацырам.

— Як вынікі выкладання матэматыкі і інфарматыкі сукамернікам?

— Вельмі здорава, больш мне падабалася, але і ўсім, каму выкладаў, таксама. Бяда, што ім усім свеціць па 10 год.

— Чаго больш не хапае ў СІЗА?

— Больш за ўсё не хапае святла — сядзім як у нары. Пры гэтым, святла ва ўсіх сэнсах.

— Што б ты сказаў беларусам, што губляюць ці згубілі надзею на лепшае?

— Усё, што рабілі, лічу адзіным правільным, і цяпер тое што робім — правільна.

— Якая падзея з апошніх найбольш уразіла?

— Дзьве ахвяры за апошні час — дарма, ні за што, такога не павінна было быць.

***

Пісаць Яўгену Юшкевічу можна па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)