«Усе падумалі, што гэта тэатральная пастаноўка». Музыкам з РСП далі па 15 сутак
13 лютага на базе адпачынку «Аганёк», што пад Смалявічамі, амапаўцы затрымалі ўдзельнікаў канцэрта, на якім мусілі выступіць гурты «Разбітае сэрца пацана», Panska Moc, Ok-Band, спявачка LEAR. У МУС падзею ахарактарызавалі коратка: «Актывісты дэструктыўных тэлеграм-каналаў сабраліся пад выглядам вечарынкі».
У выніку амаль усіх, акрамя непаўналетніх дзяцей і маладых маці, якіх адпусцілі, сёння пачалі судзіць, прызначаючы суткі і штрафы. Менеджарка гурта «РСП» Настасся Доль, што вызвалілася з жодзінскага ізалятара са штрафам у 30 базавых, распавяла «НН» падрабязнасці таго вечара.
Падобныя канцэрты на турбазе «Аганёк» праходзілі і раней, але ўпершыню сталі мішэнню для міліцыі. Некалькі сцягоў, канфіскаваных у людзей пры затрыманні, міліцыянеры адразу кінулі на падлогу.
«13 лютага ў 20.00 пачала спяваць LEAR. Пасля яе на сцэну выйшлі хлопцы з «РСП». Яны паспелі выканаць усяго адну песню «Бег», як у памяшканне ўварвалася каля 30 амапаўцаў і іншых супрацоўнікаў міліцыі. Яны нічога не тлумачылі, проста загадалі ўсім стаць тварам да сцяны і пачалі забіраць у людзей тэлефоны», — згадвае Настасся.
Яна кажа, што першыя хвіліны гледачы і артысты думалі, што адбываецца шоу ад «РСП», нейкая тэатральная пастаноўка, якая хутка скончыцца. Але неўзабаве стала зразумела, што ўсё гэта па-сапраўднаму. Амаль усіх удзельнікаў адвезлі ў Смалявіцкае РАУС, дзе яны прасядзелі ў актавай зале да наступнага дня.
«Мы пастаянна чулі там ад супрацрўнікаў міліцыі іх версію падзей: што мы сабраліся на несанкцыянаванае мерапрыемства, каб выказваць сваё незадавальненне дзейнай уладай. На нас склалі пратаколы пад капірку — 1-я частка артыкула 23.34 КоАП. Мяне і ўдзельнікаў гурта павезлі ў жодзінскі ізалятар каля 17.00 14 лютага. З моманту затрымання нас, вядома, не кармілі. Але хаця б вадзілі ў прыбіральню, дзе мы маглі піць ваду з-пад крана. Толькі вечарам наступнага дня ўжо ў Жодзіна далі кіслай капусты».
Настасся з музыкамі «РСП»
У камеры на восем месцаў Настасся апынулася яшчэ ў кампаніі чатырох дзяўчат.
«Гэта вельмі яркі ўспамін, бо мы былі ў пальчатках, паліто і куртках, але ніяк не маглі сагрэцца. Усе прачыналіся ад холаду: матрацаў не было, мы спалі на жалезных нарах. А батарэя грэла зусім слаба», — расказвае Настасся.
Суд над Настассяй цягнуўся каля пяці хвілін, і яна шчыра здзівілася, што ёй далі штраф. Яе калегам пашанцавала менш: ужо вядома, што спявачцы LEAR і клавішніку, вакалісту «РСП», акцёру Паўлу Гарадніцкаму і басісту Андрэю Асіпчыку прысудзілі 15 сутак.
Чаму АМАП «накрыў» канцэрт? Настасся кажа, што самі міліцыянеры намякалі, што іх «здалі» з фармулёўкай «там будзе адбывацца нешта забароненае». Пры тым, што раней праблем з канцэртамі на гэтай жа базе адпачынку не было, у такім фармаце вечарыны праходзілі там ужо не першы раз.
«Нібыта гэта звязана са зменай уласніка пункта. Але гэта ўсё выключна падазрэнні», — каментуе Настасся.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное