Общество

«Усе пад Богам ходзім. І пад НКВД»

3 верасьня 1927 году нарадзіўся Алесь Адамовіч, пісьменьнік і літаратуразнаўца, грамадзкі дзяяч, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х, нагадвае Радыё Свабода.

Коратка пра Алеся Адамовіча:

Падчас вайны Адамовіч удзельнічаў у партызанскім руху.

Працаваў на катэдры беларускай літаратуры БДУ, у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце.

У 1982-м у быў у складзе дэлегацыі БССР на сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.

У 1987 стаў дырэктарам навукова-дасьледчага Інстытута кінамастацтва ў Маскве. З 1989-га сябра Беларускага ПЭН-цэнтру і народны дэпутат СССР. Выступаў за перабудову, дэмакратызацыю і галоснасьць.

Адамовіч стаў адным зь першых, хто падняў у літаратуры тэму чарнобыльскай катастрофы, яе сапраўдных маштабаў. Фільм на сцэнарый Алеся Адамовіча «Ідзі і глядзі» лічыцца адным з найлепшых фільмаў пра вайну.

Цытаты Алеся Адамовіча ўзятыя зь ягоных інтэрвію і кніг успамінаў.

«Нянавісьць — гэта, перш за ўсё, несправядлівасьць. Як толькі ты чалавека пачынаеш ненавідзець, ты яму адмаўляеш ва ўсіх тых якасьцях, якія лічыш уласьцівымі сабе і тым, хто побач з табой».

«Няўжо і сапраўды ёсьць нешта страшнейшае за сьмерць? Ды колькі заўгодна — у гэтым жыцьці, не адзін чалавек у гэтым пераконваўся».

«Калі ты кат, замучыў дзіцятка, ты губляеш права называцца змагаром за ідэю. Ты ўсяго толькі маленькі Сталін, які ўзьненавідзеў «вялікага»».

«Грузіны, якія так ірваліся да таго, каб у іх была прэзыдэнцкая пасада, сёньня патрабуюць гэтую пасаду скасаваць. Яны аказаліся не гатовыя да той сытуацыі, калі можна перадаваць аднаму чалавеку такую моцную ўладу. Тым больш што чалавек гэты можа аказацца маленькім Сталіным, вялікім параноікам, хоць кім. Мы такога ўжо бачылі нямала. Дык вось, у Беларусі зноў паўстае пытаньне, хто дарвецца да гэтай пасады. (...) Таму, я думаю, ня час нам дабівацца прэзыдэнцкай пасады».

Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў

«...мяне, калі сустракаюся з такімі людзьмі, як Машэраў, Сьлюнькоў ці Гарбачоў, заўсёды нясе на нейкую гранічную прамату. Маўляў, я магу схлусіць дзеля добрай мэты на нейкім іншым узроўні, а там я, як Ванька-дурань, луплю ўсё, што думаю».

«Немцы, каб выпрабаваць карнікаў з нашых людзей, прымушалі рабіць іх асабліва жудаснае. І ўжо калі ты сваю вёску расстраляў, дык табе давяраць будуць бязьмежна. Чыноўнікі, якія здрадзілі і заклалі свой народ — ім ужо апарат можа давяраць бясконца».

«Я як чалавек, які трымаецца дзьвюма рукамі за парэнчы, трымаюся і за расейскую мову, і за беларускую. Яно так і працягваецца — і на расейскай мове пішу, і на беларускай».

«Я столькі бачыў гераічных людзей у гады вайны, якія не баяліся танкаў, нямецкіх аўтаматчыкаў, але баяліся перад вартым жалю чыноўнікам або парторгам».

«Памерці — абавязак кожнага. Вось і памры. (...) Проста ня трэба пераацэньваць сябе, і будзеш ставіцца да гэтае падзеі спакайней».

«У нас перасыхае горла, перахоплівае дыханьне, калі трэба сказаць жорсткую праўду пра нас саміх».

«Калі зазірнуць на дзесяць-пятнаццаць, на дваццаць гадоў наперад, ці нават на сто, на дзьвесьце, на трыста, пяцьсот, дык тым больш гэты развал (СССР. — РС) — гэта было выратаваньне. Інакш выратавацца ня толькі нам, а і ўсяму сьвету не ўдалося б».

Зянон Пазьняк, Юрась Хадыка, Міхась Ткачоў, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч на пасяджэньні Грамадзкага Чарнобыльскага трыбуналу. Менск, Дом кіно, 25 лістапада 1989-га

«Мы ўсе лаем КДБ, НКУС, ГПУ — і ўсё правільна, але адзінае, за што можна быць удзячнымі, дык гэта за нязьнішчаныя архівы, дзе хоць нейкія дакумэнты засталіся».

«У маёй аповесьці «Апошняя пастараль» ёсьць такая думка: сьвет загінуў ад таго, што ўсе ва ўсім заўсёды лічылі, што рацыя на іхным баку, ніхто ня быў здольны прызнаць правату іншага. Гэта чалавека і загубіла».

«Вінаватых у Чарнобылі трэба судзіць. Бо калі не спыніць гэтую безадказнасьць, гэтую кругавую паруку і вялікую хлусьню на ўсіх узроўнях, мы не ўратуемся і ад Чарнобылю, і ад непазьбежных новых катастроф».

«Я думаю, што немцы ўжо напісалі такую кнігу ўсёй сваёй пасьляваеннай літаратурай і сваім пакаяньнем. А мы пакаянную кнігу пра сваю віну перад самімі сабой і перад сьветам і перад усімі народамі ўсёй краіны, мы такую кнігу не стварылі, і пачуцьцё пакаяньня не прайшло праз нас.

Таму я думаю, што выратаваньне ў тым, каб людзі, нарэшце, навучыліся думаць ня толькі пра тое, як іх крыўдзілі і як да іх несправядлівыя былі іншыя».

«Калі нейкая літаратура ці нацыя думае, што можа рэалізаваць сябе, пазіраючы не на суседзяў, а толькі на ўласнае адлюстраваньне ў люстэрку, то гэта вялікая памылка. Гэта супраць законаў псыхалёгіі. Усьвядоміць уласную індывідуальнасьць можна толькі ў параўнаньні зь іншымі».

«Больш за ўсё цаню ў людзях здольнасьць супраціўляцца тым, хто хацеў бы ператварыць нас у дурняў».

«Каб жыць па-чалавечы, трэба згадзіцца са сьмерцю і перастаць яе баяцца».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(29)