Улады ліквідавалі беларускі ПЭН-цэнтр. У арганізацыі паабяцялі не апускаць рукі і працаваць далей

Намесніца старшыні арганізацыі: «Успрымаем гэта як узнагароду і высокую ацэнку нашай дзейнасці».

9 жніўня 2021 г Вярхоўны Суд Беларусі ліквідаваў РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр».

— Успрымаем гэта як узнагароду і высокую ацэнку нашай дзейнасці. Ілюзій мы не мелі, у гэтым сэнсе вынік быў чаканы, — паведаміла намесніца старшыні арганізацыі Таццяна Нядбай.

Нагадаем, што 22 ліпеня ПЭН-цэнтр паведаміў пра тое, што Міністэрства юстцыі падало пазоў аб ліквідацыі арганізацыі.

Гэтаму папярэднічалі візіт сілавікоў на офіс, дзе ПЭН-цэнтр мае юрыдычны адрас, а таксама арышт рахунку.

Беларускі ПЭН-цэнтр стаў адным з дзясяткаў недзяржаўных арганізацый, ліквідаваных уладамі.

***

Беларускі ПЭН-цэнтр

Быў створаны ў 1989 годзе аргкамітэтам, у які ўваходзіла 20 пісьменнікаў. Прыняты ў Міжнародны ПЭН-клуб у траўні 1990 года на 55-м кангрэсе, што праходзіў на востраве Мадэйра. Зарэгістраваны Мінюстам 16 лістапада 1990 года, перарэгістраваны 31 кастрычніка 1999 года.