Общество

«Убачыць Віктара Бабарыку пасля столькіх месяцаў інкамунікада — гэта неймавернае шчасце»

Сабралі меркаванні аб публікацыі фота і відэа палітзняволенага экс-банкіра, які прэтэндаваў на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе.

***

Беларусь 2025 — радавацца, што бачыш чалавека жывым.

Андрэй Стрыжак, кіраўнік фонда BYSOL

***

Леанід Судаленка, праваабаронца, былы палітзняволены:

— Выглядае Віктар Дзмітрыевіч стомленым, але не да канца зламаным. Для чалавека, якому ўжо за 60 і якому на галаву зваліліся такія выпрабаванні, я сказаў бы норм. Паголены, пастрыжаны, гузік зашпілены — знешні выгляд там патрабаванне рэжыму.

Гадзіннік на руцэ дазваляюць усім і на любы густ, не было ніколі ў палітычных з гэтым праблем. А вось новенькая з шкломатэрыялу «роба» ці кліфт, як яго тамака завуць, — сапраўды паказуха для фота.

У такіх незасціраных кліфтах хіба што ў карантыне пасля этапу першы тыдзень вязні так выглядаюць. Ды і жоўтая бірка экстрэміста па ўсім відаць прышыта спехам.

Памяшканне. Па ўсёй верагоднасці пакой псіхолага ў лагерным клубе ці блізка да таго. Успамінаю, на падобную канапу мяне якраз псіхолаг садзіў, калі разам са шклянкай вады аддаваў тэлеграму аб смерці бацькі...

Тое, што змог прамовіць Віктар Дзмітрыевіч, прапаную не абмяркоўваць, бо ў закладнікаў няма выбару. Уражанні? Выглядае як карцінка для ЗША — купляйце хутчэй пакуль жывы і здаровы...

***

Святлана Ціханоўская, лідарка беларускіх дэмсіл:  

Убачыць Віктара Бабарыку, як і Марыю Калеснікаву некалькі месяцаў таму, пасля столькіх месяцаў інкамунікада — гэта неймавернае шчасце. Але жахліва разумець: рэжым выкарыстоўвае людзей, якія не павінны былі апынуцца за кратамі, для маніпуляцыяў.

За два гады нам давялося вывучыць жудаснае слова «інкамунікада». Мы адчулі, што такое — цалкам страціць сувязь з блізкім чалавекам за кратамі і не ведаць: ці жывы ён? Ці здаровы? У якім стане знаходзіцца?

Праз адсутнасць любой вестачкі ад роднага чалавека ты не можаш нармальна жыць: калі так балюча на волі, страшна ўявіць, што адчуваюць яны там, за кратамі.

Кожны дзень у зняволенні — гэта страта цэлага жыцця, якое адбываецца на волі. Мой муж не бачыць, якімі дарослымі ўжо сталі Карней і Агнія. Сыны Паліны Шарэнды-Панасюк растуць без цяплыні матулінай любові. Ігар Лосік ужо 4,5 гады не бачыць дачку Паўліну... Жыццё спыняецца ў цэлых сем’ях, бо рэжым ахвяруе людзьмі дзеля ўлады.

Пабачыць тых, хто знаходзіўся ў інкамунікада — велізарная палёгка. Але разам з гэтым мы не можам забываць: за кратамі несправядліва застаюцца больш за 1200 палітвязняў.

Спыненне рэжыму інкамунікада — гэта першы крок да таго, каб спыніць той жах, які цяпер адбываецца ў краіне. А наступным павінна быць вызваленне тых, хто апынуўся за кратамі з-за сваіх поглядаў. І спыненне ўсіх палітычных рэпрэсіяў супраць беларусаў.

***

Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета:

— Я была рада сёння ўбачыць фота і відэа з Віктарам Дзмітрыевічам, няхай нават і пры такіх абставінах. Самае галоўнае сёння — убачыць яго жывым. Я рада, што — няхай і па невядомых прычынах — тых, хто столькі часу правёў ў стане інкамунікада, усё ж паказваюць беларусам.

У мінулым годзе мы ўсе ўбачылі Марыю Калеснікаву — і гэтак жа радаваліся, што яна жывая і сустрэлася з бацькам. Убачыць родных або мець магчымасць перадаць ім вестку — бадай, самае дарагое для зняволеных.

Але па-ранейшаму мы нічога не ведаем пра астатніх палітвязняў, у дачыненні да якіх выкарыстоўваюць тыя ж інструменты ціску. Гэта і Мікалай Статкевіч, і Сяргей Ціханоўскі, і Ігар Лосік, і Максім Знак, і Уладзімір Кніга, і Мікалай Банькоў, і Андрэй Навіцкі, і Аляксандр Францкевіч…

Пакажыце нам усіх палітвязняў, якія ўтрымліваюцца ў стане інкамунікада. Мы хочам бачыць, што яны жывыя!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)