Политика
Анастасія Зелянкова

У Віцебску судзяць “бунтаўшчыкоў”

Сёння ў Віцебску павінны адбыцца суды над моладзевымі актывістамі, затрыманымі супрацоўнікамі віцебскай міліцыі на мінулых выхадных. Дакладна вядома, што сярод арыштаваных адна з удзельніц новастворанага руху “Бунт” Крысціна Шацікава і моладзевы актывіст Іван Спірын. Месца знаходжання яшчэ некалькіх чалавек пакуль не вядомае. Па папярэдніх звестках, каля трох чалавек, сярод якіх Яўген Папковіч, павінны будуць сёння судзіць па абвінавачанні ў нанясенні графіці.

— У нас няма ніякай інфармацыі пра некаторых затрыманых, — кажуць у праваабарончым цэнтры «Вясна». — Людзі проста зніклі, іх няма ў кнігах рэгістрацыі ў адзелах міліцыі, хаця мы дакладна ведаем, што іх арыштоўвалі.

Справа Крысціны Шацікавай, якая была затрымана ў нядзелю ў самым цэнтры Віцебска, хутчэй за ўсё будзе разглядацца ў Кастрычніцкім судзе а 14-й гадзіне. Дзяўчына была арыштава пасля таго, як забралася з бел-чырвона-белым сцягам на асвятляльную мачту. Адтуль яе, папярэдне звязаўшы, сілай знялі з дапамогай службы МЧС супрацоўнікі міліцыі. Тры гадзіны актывістка правяла на вышыні каля 30 метраў, адмаўляючыся спускацца нават пад ударамі міцэйскіх боцінак. У Кастрычніцкім РАУС, куды яе даставілі, у Крысціны пагоршыўся стан здароўя. Аднак, па словах самой актывісткі, дзяжурны ўрач-траўматолаг адмовіўся аказаць ёй дапамогу, сказаўшы, што “такім, як яна, трэба не сцягі вешаць, а саміх вешаць”. Тым не менш Крысціна Шацікава была дастаўлена ў 3-ю бальніцу, дзе ўрачы зафіксавалі ў яе павышаны ціск. Зараз дзяўчыну будуць судзіць за дробнае хуліганства (арт.156), супраціўленне супрацоўнікам міліцыі (арт.166) і незаконнае выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі (арт.167, ч.2). Паколькі Крысціна Шацікава з’яўляецца маці двух непаўнагадовых дзяцей, яе чакае штраф.

У гэтай гісторыі пастрадалі яшчэ два чалавекі — фотакарэспандэнт “Віцебскага кур’ера” Сяргей Серабро і маці Паўла Севярынца Таццяна Севярынцец, якія аказаліся на месцы здарэння. Тацяна Севярынец апынулася ў пастарунку за тое, што падняла з зямлі сцяг, скінуты міліцыянтамі з мачты. Па словах ахоўнікаў правапарадку, такім чынам яна нібыта спрабавала знішчыць рэчавы доказ. Пасля складання адміністратыўнага пратаколу яе адпусцілі. А вось фотакарэспандэнт Сяргей Серабро, які здымаў тое, што адбывалася на мачце, быў пакараны штрафам на 16 тысяч рублёў.

Увогуле, для віцебскай міліцыі мінулыя выхадны былі вельмі ўраджайнымі на затрыманні. Усяго за гэтыя дні было арыштавана каля 15 чалавек. Большацсь з іх пасля складання пратаколаў адпушчаны. Ахоўнікі правапарадку нават паклапаціліся пра тое, каб даставіць некаторых моладзевых актывістаў з мінскай прапіскай назад у сталіцу.

— Думаю, што на гэтым усё не скончыцца, — кажа адзін з актывістаў, якога таксама быў сярод затрыманых. — Мы ж са свайго боку плануем працягваць падобныя акцыі. Тое, што гэтым разам быў абраны Віцебск — не выпадковасць. Плануем яшчэ шэраг мерапрыемстваў і ў іншых гарад Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)