Общество

«У нашай школе не фальсіфікавалі»: адважную настаўніцу затрымалі на ўроку пад плач школьнікаў

Невялікі — на 11 тысяч, — Белаазёрск, на тым тыдні шакавала гісторыя затрымання мясцовай настаўніцы Таццяны Брыч, піша Наша Ніва.

Жанчына ўжо 24 гады выкладае рускую мову і літаратуру ў роднай школе №3, якую сама ж некалі і скончыла.

І тут па яе міліцыя прыйшла проста на ўрок, калі Брыч выкладала дзесяцікласнікам. Прычына — народны артыкул 23.34, ужо не першы для жанчыны, але першы — з такім затрыманнем. Некаторыя дзеці, назіраючы сітуацыю, плакалі.

Грошы на першы штраф у свой час Брыч сабралі калегі, а пасля другога затрымання, калі чалавек проста знік, па горадзе прайшла хваля салідарнасці, у якую ўключыліся многія вучні Брыч.

Таццяна Брыч з калажам са здымкаў белаазёрцаў у сваю падтрымку

Пакуль тры дні яе трымалі ў ізалятары да суда, выпускнікі спрабавалі высветліць, чаму затрымліваюць настаўнікаў, і зрабілі для яе душэўную фотасесію з плакатамі.

Пасля суда, на якім Брыч атрымала 10 базавых велічынь штрафу, жанчына расказала «Нашай Ніве», чаму актыўнічае ў Белаазёрску і чаму там кашмараць людзей.

«Мы ў пратэсным руху ад самага пачатку: выходзілі на акцыі, у ланцугі салідарнасці, але потым пачалі ціснуць, пасыпаліся пратаколы. Сімволіка і лозунгі зніклі, але некаторыя неабыякавыя людзі збіраліся на плошчы ў такім фармаце: сядзем на лавы, возьмем чаю, печыва, сядзім і гаворым.

25 лістапада ў адной з нашых сябровак быў Дзень народзінаў, яна прынесла торт. Прыехала міліцыя, патрабавала разысціся, але мы ім: «Ай, надакучылі ўжо, адчапіцеся, у вас няма законных падставаў нас выганяць». Яны нейкі час пастаялі з намі, потым з'ехалі, але вярнуліся і сказалі, што пачнуць затрыманні. Мы разышліся.

На наступны дзень на тым месцы двое чалавек атрымалі пратаколы. А вось ужо ў пятніцу пачалася сапраўдная аблава на тых, хто быў 25-га.

Да жанчыны, якая працуе педагогам у цэнтры творчасці, прыйшлі проста на работу. Кажа, калідор быў чорны ад супрацоўнікаў — адну крохкую жанчыну дзве машыны прыехала затрымліваць.

А яны гэта спецыяльна робяць, каб затрымаць у пятніцу і трымаць выходныя ў ізалятары да суда. Мы гэта зразумелі, і зніклі, так бы мовіць. У пятніцу-суботу шукалі ўсіх, але мала каго знайшлі. Нават дактары мясцовыя — два стаматолагі, — хаваліся.

А вось ужо ў панядзелак прыйшлі па мяне.

Я ведала што прыдуць, але не думала што так: забіралі з урока ў 10-м класе, у 9:20 яны прыйшлі.

Адзін супрацоўнік з дырэктарам, — дырэктар сказала, каб я перадала усе матэрыялы, — павялі мяне ў мой кабінет. Супрацоўнік яшчэ так стаў, нібыта баяўся што я ад яго ўцяку, скокнуўшы праз акно.

Дзесяцікласніцы не зразумелі, што адбываецца, а сямікласнікі зразумелі і напалохаліся, некаторыя плакалі.

Калі я апранулася, мяне павезлі ў маю кватэру, пашукалі нешта там, нічога не знайшлі. Потым супрацоўнік з'ездзіў, відаць, да пракурора, узяў яшчэ адну санкцыю, і павезлі ўжо на месца фактычнага пражывання з мужам, забралі сістэмны блок і адправілі мяне ў ізалятар.

Наступны дзень — будні, маглі судзіць, але нічога не адбывалася. На наступны — таксама не, стала зразумела, што будуць трымаць 72 гадзіны.

Ды яшчэ ўручылі адзін пратакол па 23.4 — «непадпарадкаванне». Як я зразумела — гэта каб была нагода звольніць мяне з работы.

На судзе я атрымала штраф і выйшла на свабоду, дачка паказала мне ўсё тое, што накрэатывілі мае вучні. Ведаеце, я не шкадую ні пра што.

Навошта мне гэта? Пачнем з таго, што нашая школа №3 Белаазёрска — не запляміла сябе фальсіфікацыямі. У пратаколе была перавага Ціханоўскай больш чым у два разы.

Я ў гэтай школе вучылася, 24 гады таму я прыйшла сюды працаваць. Гэта не праўда, што ўсе настаўнікі — фальсіфікатары.

Мне сумленне не дазваляе мірыцца з усёй гэтай хлуснёй, да якой дадаўся і гвалт. Як выкладчык літаратуры можа на гэта спакойна глядзець?

Напэўна, гэтая сістэма мяне цярпець не стане і пазбавіцца, але я пазмагаюся за тое, каб не даць сябе проста звольніць.

У мяне падтрымка неверагодная і сярод калектыва, і ў цэлым у горадзе».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(80)