«У нас класная краіна. Толькі нацыянальнага аблічча не хапае»
Ён стварыў інтэрнэт-краму, у якой прадае толькі беларускамоўныя кнігі і толькі тое, што зроблена беларусамі. Гэта вельмі цяжкая справа — прадаваць тое, на што пастаяннага попыту няма, але ён упарты, вельмі энергічны, пазітыўны і мэтанакіраваны.
Так прадставіла мне добрая знаёмая дырэктара прыватнага выдавецка-рэкламнага прадпрыемства BelTonMedia Алеся Квіткевіча. Зразумела, пасля пачутага мяне не пакідала думка аб інтэрв’ю.
Сустрэчу Алесь прызначыў у …бамбасховішчы. Так, менавіта тут, у падвале аднаго старога дома Мінску, месціцца інтэрнэт-крама prastora.by, якая гандлюе выключна беларускімі бэстсэлерамі, сувенірамі і музычнымі дыскамі – усім, што зроблена беларусамі і для беларусаў. Неўзабаве тут з’явіцца свая студыя гуказапісу, дзе будуць нараджацца беларускія аўдыёкнігі.
І вось я ў сутарэнні. На сценах – убудаваныя вентылятары. Мабілкі Алесь прапанаваў пакласці на паліцу пад столлю: толькі тут ёсць сувязь.
— Алесь, раскажы, з чаго пачыналася prastora.by?
— Яшчэ студэнтам лінгвістычнага ўніверсітэта я пачаў перакладаць з ангельскай мовы. Спачатку гэта была дзіцячая літаратура, потым пераклады мультфільмаў і фільмаў.
У 2009 годзе я пазнаёміўся з Алесем Калошам, які быў адзіным на Беларусі вытворцам аўдыёкніг. З ім мы разам і задумалі інтэрнэт-краму як пляцоўку, якая магла б прапанаваць аўдыторыі. кнігі, сувеніры, музычныя дыскі – усю беларускамоўную прадукцыю, якая выдаецца ў Беларусі.
Сёння пад дахам “Беларускай прасторы” існуе выдавецтва “Паперус”. Мы выдалі “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” Уладзіміра Някляева, “Дзіцячую замову” Глеба Лабадзенкі. Цяпер рыхтуем некалькі дзіцячых кніг. Спадзяюся, калі даробім студыю, будуць выпускацца фільмы і мультфільмы, агучаныя па-беларуску. Як бачыш, працы хапае.
— Як я зразумела, вы прапануеце аўдыторыі толькі тое, што зроблена беларусамі і для беларусаў.
— Так, гэта наша канцэпцыя. Па-першае, гэта цікава нам самім, па-другое, няма сэнсу ствараць 131-ю інтэрнэт-краму, каб гандляваць кніжкамі Данцовай, Марынінай, Акуніна. Без нас хапае рэчаў, якія робяцца не беларусамі і не для беларусаў.
— А чаго хоча беларуская аўдыторыя?
— На маю думку, бракуе добрай якаснай дзіцячай літаратуры, мультымедыйных выданняў – навучальных, адукацыйных, мультфільмаў па-беларуску. Вельмі шмат чаго не хапае. Усё адразу не зробіш. Хацелася б, каб да нас далучаліся творчыя крэатыўныя людзі, якім цікава было б гэтым займацца.
— На кім трымаецца “Беларуская прастора”?
— Каля трох гадоў усё трымалася на мне і маёй жонцы. Яна займалася юрыдычнымі, тэхнічнымі і бухгалтарскімі пытаннямі, а я – усім астатнім. Цяпер, спадзяюся, настаюць шчаслівыя часы. Да нас далучыліся калегі, і нас ужо чацвёра.
Што ёсць “Беларуская прастора”? Гэта вялікае кола сяброў і аднадумцаў – тых людзей, якім неабыякавая беларуская мова, культура, для якіх гэта патрэба душы.
— А як завабіць тых, у каго няма такой патрэбы?
— Сабою не падменіш усе дзяржаўныя інстытуцыі і сродкі масавай інфмармацыі. Для нас галоўнае — быць прывабнымі. Беларускі прадукт, які ствараецца, мусіць быць прыцягальным. Гэта тое, што можа пастарацца зрабіць культурная эліта. Шмат што павінна супасці, каб пайшоў пазітыўны працэс трансфармацыі ад нацыянальнага самазабыцця да ўсведамлення сябе паўнавартасным чальцом нацыі.
Я веру ў тое, што ў нашай краіне размаўляць па-беларуску будзе гэтак жа натуральна, як ў Францыі па-французску, а ў Іспаніі па-іспанску.
Часам у нас адбываецца падмена паняццяў, і клопат за мову ўспрымаецца як палітычная барацьба. Гэта не зусім так на самай справе. Вось напрыклад, чалавек можа размаўляць па-беларуску і падтрымліваць кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку. Цяжка ўявіць такое, праўда? А на Украіне такое магчыма. Там вялікі адсотак людзей, якія размаўляюць па-ўкраінску, могуць быць прыхільнікамі кандыдата Януковіча, які знішчыў бы ўкраінскую мову, але не можа, бо вакол яго Україна. А вось вакол нас не Беларусь да канца. У іх прэзідэнт вымушаны казаць свае прамовы па-ўкраінску. А ў нас пакуль што ніхто нічога не вінны.
Дзеячы беларускай культуры кінутыя на самавыжыванне. Маўляў, як дасцё сабе рады, так і добра. Гэта ў лепшым выпадку. А ў горшым, калі нешта супярэчыць канцэпцыі разумення сённяшняй беларускасці дзяржаваю, то наогул будзеце забароненыя і ездзіць на вас людзі будуць у Смаленск ці ў Вільню. Дарэчы, прыклад “Ляпіса Трубяцкога” паказвае, наколькі запатрабаваным на сёння ёсць мэсыдж праўдзівай, ні ад кога не залежнай культурнай пазіцыі.
Каб быць беларусам у Беларусі, трэба мець сур’ёзнае жаданне. Людзі занятыя пабытовымі клопатамі, і пытанні мовы, культуры адсоўваюцца на другі план. Але заўсёды знаходзяцца тыя, каму не ўсё роўна, што будзе заўтра, і як у гэтай краіне будуць размаўляць, што будуць чытаць, хто будзе маральным аўтарытэтам.
Сёння тое, чым мы займаемся, у нейкім сэнсе місіянерства. Гэта стамляе часам. Хочацца, каб гэта было проста нармальна. Каб для таго, каб набыць беларускую кніжку, жыхару Хойнікаў не трэба было рабіць стамляльных ваяжаў у Мінск. Каб ты зайшоў у краму ў сваім родным мястэчку ці горадзе і знайшоў беларускамоўны буквар.
Разумееш, у нас, беларусаў, ёсць тое, чаго няма нідзе болей. Гэта наш скарб, нашае багацце ў тым, што мы адметныя. А мы спрабуем быць «русскими со знаком качества». Гэта такая шыза, якая да дабра не давядзе.
— Як ты адчуў, што мусіш займацца культурніцкім праектам, выдаваць кнігі, прапаноўваць іх беларусам? Хто паўплываў на твой выбар?
— Асобаў, якія ўплываюць на фармаванне поглядаў, на якіх хочацца арыентавацца, шмат, і гэты пантэон пастаянна папаўняецца. (Усміхаецца). Я спрабаваў сам сабе адказаць на пытанне, адкуль пачалася мая беларушчына. Напэўна, усё было закладзена школай. У першы класе я пайшоў у беларускамоўную школу. Праўда, праз год беларусізацыю згарнулі, але я тады не надаваў гэтаму значэння. Маці распавядала, як я — расейскамоўны дзіцёнак, які рос у расейскамоўным асяроддзі! — прыходзіў са школы і вечарам казаў бацькам “дабранач”. Потым усё як быццам бы забылася….
У лінгвістычны універсітэт я прыйшоў беларускамоўным. Зерні, закладзеныя ў першым класе, далі ўсходы…
Я з роспаччу назіраю за тым, што робіцца з школай. Для дзетак беларуская мова як замежная, вывучаецца роўна з ангельскай. Я пакуль не магу ўсвядоміць, як такое можа быць – тытульная мова – і замежная. Дзеці прыходзяць і пытаюць у бацькоў, што такое “дабранач”, “цыбуля”...
Добра, што за гады незалежнасці ўсе прывыклі, што наша краіна — Беларусь. Праўда, на жаль, гэта Беларусь без напаўнення.
Хоць далёка не ўсё ў нас кепска. У нас класная краіна. Як па мне, дык толькі нацыянальнага аблічча не хапае.
— Раскажы, як ты прыдумаў перакладаць галівудскія блокбастары.
— Калі я быў малы, глядзеў на Восьмым канале мультфільмы. Гэта было цікава: мульцікі па-беларуску! Ужо студэнтам трэцяга курсу я вырашыў перакласці “Піратаў Карыбскага мора”. Пераклады для мяне былі творчай самарэалізацыяй. Я не ўяўляў сабе, што такое агучыць фільм, як дамовіцца пра аўтарскія правы, знайсці студыю для агучвання, здабыць сродкі на тыраж дыскаў. А потым куды іх, гэтыя дыскі? Што з імі рабіць?
Хоць я верыў у праект і адчуваў эйфарыю ад працы. Уяві сабе, перакласці “Піратаў Карыбаў” і запрасіць Лявона Вольскага на ролю Джэка-вераб’я!
— А ты быў добра знаёмы з Вольскім, калі рабіў яму прапанову?
— Не.
— І як гэта было? Уяўляю, прыходзіць да Вольскага студэнцік і кажа: «Лявон Артуравіч, у мяне ідэя агучыць “Піратаў Карыбаў” па-беларуску».
— (Усміхаецца). Можа быць, гэта гучыць неверагодна, але так яно і было. Апроч Вольскага, былі запрошаныя Аляксандр Памідораў, Руся, Піт Паўлаў, Андрэй Плясанаў, Ганна Вольская. Да кожнага з іх я наўпрост звяртаўся з наіўным дзіцячым пытаннем: «А вы не пагадзіліся б паўдзельнічаць у агучцы фільма?» І на маё цяперашнее сталае шчырае здзіўленне, ніхто не адмовіўся.
— Не пыталіся, а колькі там нам заплоціш?
— Не. Напэўна, бачылі студэнта, які сам гэта ўсё зрабіў, без капейкі, без ніякіх грантаўскіх укладанняў, ганарараў.
Фільм дагэтуль не дароблены. Але нічога не забыта. У мяне захаваліся ўсе файлы. Спадзяюся, што “Піраты Карыбаў”абавязкова выйдуць.
— У цябе былі складанасці з тым, каб падабраць аўтэнтычныя адпаведнікі лаянцы піратаў?
— З лаянкай літаратурнай у мяне праблем не было. У Інязе мы чыталі Сэлінджэра “Лавец у жыце” у арыгінале, і я стварыў ангельска-беларускі слоўнічак, якім карыстаўся падчас працы над “Піратамі”.
Дарэчы, ведаеш, што адрознівае беларускую лаянку? Яна не абразлівая, а бярэ экспрэсіяй. Карацей, не мацюкі, а эмацыйна афарбаваныя словы.
— Як гэта характарызуе беларусаў?
—Мы вельмі далікатныя да пачуццяў. Не хочам абражаць. Не імкнемся зняважыць чалавека. Для беларуса лаянка — гэта выяўленне эмоцыяў, стану душы на бягучы момант. Ты лаешся, а назаўтра можаш пайсці разам секчы дровы, рыбу вудзіць. То бок беларусы не сварлівая нацыя, як мне здаецца.
— Алесь, ці лёгкая гэта справа — прасоўваць беларускую літаратуру, на якую, як здаецца, няма пастаяннага попыту?
— Неяк спытаў у Русі: “Табе не цяжка? У цябе класны гурт. Вы прыязджаеце ў Еўропу на гастролі, і вас класна ўспрымаюць, а ў Беларусі ўсё па-іншаму”. Яна сказала, што сваю аўдыторыю трэба гадаваць. Для мяне гэта было загадкава. Як ты будзеш гадаваць сваю аўдыторыю? Яна ці ёсць, ці яе няма. Не кожны здатны рабіць гэта.
— Вось так будзеш гадаваць-гадаваць, а потым прачнешся – і ты на пенсіі, і табе нічога не патрэбна. Калі яна вырасце, тая аўдыторыя?
— Тут пытанне, ці хопіць імпэту. Ці кожны вытрымае місію такую.
— Ты згодны ахвяраваць сваім жыццём дзеля гэтай высокай мэты?
— Пакуль не ведаю. Не задаваўся гэтым пытаннем.
— Алесь, можаш сабе ўявіць такое: ты прыходзіш дадому, а жонка кажа: “Нам няма чаго есці. Давай замест кніжак будзем марціні гандляваць!”?
— Да нядаўняга часу “Прастора” не разглядалася як бізнэс-праект. З цягам часу такія думкі непазбежна нараджаюцца. У тых рэаліях, якія ёсць сёння, зрабіцца шалёна паспяховым бізнэсоўцам, прадаючы беларускія кнігі, — гэта ўтопія.
Безумоўна, жыць трэба, і часам нараджаюцца думкі кшталту “давай прадаваць марціні з дзьюціфры”. Але нам з жонкай прасцей прыкласці яшчэ больш намаганняў, каб палепшыць тое, што мы маем сёння. Тым больш, гандаль марціні — гэта не тое, што дасць нам адчуванне значнасці для сябе, самарэалізацыі.
Спадзяюся, тое, што мы робім, стане патрэбна ўсім, і аднадумцаў будзе не трыццаць чалавек, а тры мільёны. А часам здаецца, што застанецца толькі тры, бо ўсе з’язджаюць. Настрой бывае розны – ад феерычнага да роспачы. Я ратуюся тым, што ў кожнага бываюць моманты загонаў. Галоўнае, я ведаю, што наша справа патрэбная.
Я ўпэўнены ў поспеху “Беларускай прасторы”, бо ў нас ёсць краіна, ёсць гліна, з якой можна ляпіць сваю аўдыторыю. Гэта людзі, у якіх ёсць унутраная патрэба — быць беларусам. Гэта чалавек, якому не дастаткова прадаваць запчасткі або займацца лагістычнымі паслугамі. Ён яшчэ мае патрэбу пацвердзіць свой нацыянальны код, і, чытаючы кнігу Уладзіміра Арлова, ён аднаўляе старонкі нашай мінуўшчыны, знаходзіць сябе.
— Ты мог бы назваць самыя папулярныя кнігі гэтага году?
—Па-за канкурэнцыяй “Краіна Беларусь” і “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае” Уладзіміра Арлова. У спісе бэстсэлераў “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” Уладзіміра Някляева — найлепшая кніга прозы, за якую аўтар атрымаў прэмію Ежы Гедройца. Добра прадаюцца “Сфагнум” Віктара Марціновіча, “Дзіцячая замова” Глеба Лабадзенкі, “Менады і сатыры” Алены Брава.
— Твайго калегу Ігара Логвінава нядаўна пазбавілі ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. Ты думаў пра тое, як яго падтрымаць?
— Мы сустракаліся яшчэ да таго, як ён абвясціў пра гэта прэсе. Дамовіліся, што калі ён будзе пазбаўлены магчымасці выдаваць кніжкі, то можа выдаваць іх пад нашай ліцэнзіяй.
— Ці верыш ты ў тое, што хтосьці з беларускіх літаратараў возьме Нобеля?
— Веру. Хоць, можа, я і ўтапіст. Мне здаецца, што гэта будзе Уладзімір Някляеў. Мне б вельмі хацелася, каб гэта быў Рыгор Барадулін з павагі да гэтага чалавека і прызнання ягонай заслугі. Але, на маю думку, звышскладана перакласці яго на ангельскую: патрэбна, каб у перакладчыка быў талент, роўны Барадуліну.
Мне хацелася б, каб мы самі найперш цанілі сябе, а не чакалі прызнання з-за мяжы. Наіўна разлічваць, што цябе заўважаць аднекуль здалёк. Гэта комплекснае пытанне нацыянальнай самапавагі, гонару за сябе і ўпэўненасці.
Сёння мы сядзім у гэтым бункеры, а будзем там, дзе крама “Глобус” — наверсе. І тады ўвесь свет скіруе свой позірк на нас і скажа: “У іх там суквецце самых неверагодных талентаў!”. Тады мы станем цікавымі.
«Салідарнасць» працягвае праект «Жыццё (не)звычайнага беларуса». Чакаем вашых прапаноў і запрашэнняў у госці на кухонныя пасядзелкі на gasetaby@gmail.com.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное