У капліцы пад Смаргонню панішчылі саркафагі і раскідалі чалавечыя парэшткі
Група валанцёраў вырашыла прывесці ў парадак капліцу-пахавальню Качаноў у вёсцы Івашкаўцы Смаргонскага раёна. Але ўбачанае іх шакавала.
Падчас працы яны заўважылі, што астанкі пахаваных парушаны. З саркафагаў выцягнулі косткі і рэчы, таксама памерлым адарвалі чарапы, піша Hrodna.life.
Капліцу-пахавальню пабудавала на пачатку XX стагоддзя сям’я Качаноў, якія былі прыхаджанамі каталіцкай парафіі ў Солах. Капліца ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як помнік 3-й катэгорыі каштоўнасці. З 2018 года краязнаўца Алена Бобіна даследуе гісторыю капліцы, ладзіць суботнікі і арганізуе рэстаўрацыйныя работы.
Шмат смецця, але клімат спрыяе муміфікацыі: у якім стане знаходзіцца капліца
Чарговы суботнік адбыўся 7 снежня 2024 года. Тады Алена Бобіна разам з групай валанцёраў даследавала капліцу і вызначыла, што вентыляцыйныя каналы будынка забіты смеццем, камянямі і бітым шклом.
«Неабходна правесці іх ачыстку і ўстанавіць рашоткі, каб папярэдзіць пранікненне дробных птушак і жывёл», — падзялілася на сваёй Facebook-старонцы Алена Бобіна.
Разам з тым крыпта захавалася ў добрым стане. Краязнаўца лічыць, што не апошнюю ролю ў гэтым сыграла майстэрства архітэктара і дойлідаў.
«Сцены, перакрыцці, нішы знаходзяцца ў ідэальным стане, цалкам адсутнічаюць сляды вільгаці. Адмысловы клімат спрыяў муміфікацыі большасці астанкаў у саркафагах», — піша Бобіна.
Валанцёры: «З усіх пахаваных толькі ў аднаго захаваўся чэрап»
У крыпце знаходзіцца шэсць цынкавых саркафагаў і тры драўляныя труны. Як удалося высветліць Бобінай, тут пахаваны бацька і дачка — Казімір і Аляксандра Качаны. Імёны астатніх прадстаўнікоў роду пакуль невядомыя.
Падчас прац у капліцы валанцёры заўважылі, што ўсе саркафагі і труны ўскрытыя.
«З усіх пахаваных толькі ў аднаго захаваўся чэрап (наогул гэты саркафаг найменш пашкоджаны, магчыма, вандалы і злачынцы не паспелі да яго дабрацца), астатнія чарапы былі выкрадзены. Большасць цел выцягнуты з разадраных металічнымі прадметамі (ламамі, манціроўкамі?) саркафагаў.
Верагодна, пасля таго, як з іх былі знятыя ўсе каштоўныя рэчы (няма нават ружанцаў), яны былі раскіданы ў хаатычным парадку. Ад тых целаў, якія не маглі выцягнуць з саркафагаў, проста адрывалі галовы, пры тым ніжняя сківіца заставалася з целам. І ўсё гэта з улікам таго, што астанкі часткова муміфікаваныя. На адным з саркафагаў, аздобленых анёламі, у анёлаў таксама адрэзаныя галовы», — піша краязнаўца.
Вандалы маглі пранікнуць у капліцу ў 2016 годзе
Бобіна адзначае, што са слоў мясцовых жыхароў у 2016 годзе, пасля смерці мясцовага чалавека, які наглядаў за могілкамі, дзверы капліцы былі ўзламаныя і каля месяца стаялі расчыненымі. Краязнаўца мяркуе, што менавіта тады пахаванні маглі апаганіць.
Краязнаўца прызнае, што пабачанае ў капліцы яе шакавала. Таксама Бобіна адзначае, што падобныя суботнікі дазваляюць адшукаць новыя факты, якія «павіны стаць вялікім штуршком для далейшага вывучэння і даследавання крыпты».
Читайте еще
Избранное