www.milinkevich.org
У брэстскім штабе Мілінкевіча знайшлі “жучок”

7 сакавiка, у памяшканнi брэсцкага гарадскога выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Мiлiнкевiча была знойдзена праслухоўваючая апаратура. Напярэдаднi кiраўнiк гарадскога выбарчага штаба Дзмiтры Шыманскi атрымаў ананiмны лiст ад людзей, якiя назвалiся афiцэрамi Камiтэта дзяржаўнай бяспекi Рэспублікі Беларусь. У лісце афіцэры КДБ папярэдзілі пра магчымыя правакацыі ў дачыненні да актывістаў Берасцейскага выбарчага штабу.

Паводле іх словаў, у блiжэйшы час у памяшканне штаба будзе падкладзена зброя, якая падчас чарговага вобшуку міліцыяй і спецслужбамі дасць магчымасць затрымаць увесь актыў мясцовага штаба і паралізаваць яго працу. Каб пераканаць актывiстаў кампанii ў праўдзiвасцi сваiх словаў, аўтары лiста паведамiлi, што памяшканне штабу праслухоўваецца спецслужбамi. Яны назвалi месца ўстаноўкi радыёмiкрафона, яго частату i мадуляцыю.

“Жучок" сапраўды быў знойдзены. Ён быў усталяваны ў электрычнай разетцы ў цэнтральнай залi штаба. Жучок мае маркiроўку "400-470" — гэта частата на якой ён працуе. Яго сапраўды можна было чуць на наступных частотах: 396,07 WFM, 404,67 WFM, 417,5 WFM, 418,56 WFM, 430,26 NFM, 834,93 WFM, 968,34 NFM.

Памяшканне гарадскога штаба знаходзiцца пад сiгналiзацыяй i, адпаведна, ахоўваецца Маскоўскiм раённым аддзелам аховы Брэста. Пранiкненне ў памяшканне немагчыма без адключэння сiгналiзацыi і толькі з ведама супрацоўнiкаў гэтага аддзела.

Кiраўнiк гарадскога штаба А.Мiлiнкевiча Дзмiтры Шыманскi схiльны верыць аўтарам лiста. Ён не выключае, што спецслужбамi сапраўды рыхтуюцца правакацыi супраць актывiстаў штаба.

— Я дапускаю, што ў памяшканне штаба можа быць падкiнутая зброя, наркотыкi, фальшывыя грашовыя купюры i г.д. У сувязi з гэтым я заклiкаю грамадскасць горада адэкватна рэагаваць на магчымае ўзбуджэнне супраць мяне i iншых актывiстаў кампанii напярэдаднi выбараў крымiнальнай справы па адпаведных артыкулах, — заявiў Д.Шыманскi.

Сённяшняя знаходка ў брэсцкiм гарадскiм штабе А.Мiлiнкевiча дазваляе меркаваць, што падобныя

незаконныя дзеяннi могуць ажыццяўляцца i ў адносiнах да офiсаў iншых недзяржаўных арганiзацый, палiтычных партый, выбарчых штабоў незалежных кандыдатаў па ўсёй краiне.

 

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)