Общество

У Берасьці вынесьлі прысуд 13 фігурантам «справы аб пагромах» 10 жніўня

У судзе Маскоўскага раёну Берасьця прайшоў суд над 13 фігурантамі «справы аб масавых беспарадках». Усіх іх абвінавацілі па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі, піша Радыё Свабода.

Падчас пратэстаў у Берасьці 10 жніўня 2020 году

Судзьдзя Ленінскага раёна Берасьця Андрэй Грушко пакараў:

20-гадовага Даніла Бандарука — 5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму (па ч. 2 арт. 293 і дадаткова па па ч. 1 арт. 339 «хуліганства» — па вэрсіі пракуратуры, 9 жніўня ён ударыў рукой па грузавым аўтамабілі МАЗ і разьбіў бакавое люстэрка);

21-гадовага Марка Салонікава — 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму;

26-гадовага Дзяніса Марусевіча, 22-гадовага Ўладзімера Рубашэўскага, 27-гадовага Віктара Панцялеева, 32-гадовага Вячаслава Касьцючыка, 20-гадовага Максіма Зіневіча, 24-гадовага Міхаіла Калішука — 4 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму;

22-гадовага Андрэя Грышчука і 23-гадовага Сымона Канцэвіча — 3,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму;

18-гадовую Віталію Бандарэнка — 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму;

Непаўналетніх Аляксандра Вінярскага і Эдуарда Кудынюка — 3 гадамі выхаваўчай калёніі (іх узялі пад варту ў зале суда).

Падчас пратэстаў у Берасьці 10 жніўня 2020 года

Судзьдзя таксама пастанавіў спагнаць з 13 фігурантаў у роўных долях кампэнсацыю:

13621,50 рублёў — на карысьць УУС Брэстаблвыканкаму;

5307,50 рублёў — КУП «Камунальнік»;

2781,16 рублёў — КУП Брэсцкае ДЭП;

689,79 рублёў — КУП «Брэсцкі грамадзкі транспарт»;

457,98 рублёў — Дэпартамэнту аховы МУС;

пацярпеламу Лычко пакрыць прычыненьне маральнай шкоды.

У ходзе судовых паседжаньнях трое падсудных прызналі віну цалкам, сямёра — часткова. Данііл Бандарук, Віталія Бандарэнка і Марк Салонікаў зусім не пагадзіліся з прад’яўленым абвінавачваньнем.

Сярод падсудных адна дзяўчына

Першапачаткова ў судзе плянаваўся разгляд спраў 12 чалавек. Аднак пазьней у групу абвінавачаных уключылі адзіную дзяўчыну — 19-гадовую Віталію Бандарэнку.

Віталію мусілі судзіць у сярэдзіне лютага разам зь іншымі 9 фігурантамі справы аб масавых беспарадках (усім ім 10 сакавіка прысудзілі ад 3 да 4,5 года калёніі). Аднак дзяўчына на суд не зьявілася.

Нягледзячы на тое, што яна знаходзілася пад падпіскай аб нявыезьдзе, Віталія пакінула краіну. У сувязі з гэтым яе абвясьцілі ў вышук. 27 лютага абвінавачаная вярнулася ў Беларусь. Ужо 1 сакавіка яе затрымалі, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а потым перавялі ў СІЗА-7, дзе да суда знаходзілася большасьць абвінавачаных у гэтай справе.

Што кажа абвінавачаньне

Дзяржаўны абвінаваўца сьцьвярджае, што падсудныя 10 жніўня падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасьця — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспэкце Машэрава — груба парушылі грамадзкі парадак і нібыта ўчынілі пагромы.

Яны таксама нібыта чынілі гвалт над супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Выкарыстоўвалі пры гэтым дошкі, палкі, сьметніцы, фрагмэнты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, мэталічныя ніты, ёмістасьці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Потым абвінавачаныя наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі i іншую маёмасьць, якая належала міліцыі, фізычным і юрыдычным асобам.

У выніку беспарадкаў, па вэрсіі сьледзтва, пацярпелі 24 сілавікі. Зь іх пацярпелымі па справе прызнаныя 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзьве раны ў раёне вялікага пальца правай кісьці, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджаньняў. У астатніх — пабоі.

Акрамя таго, абвінавачаныя спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджаньні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе пракурор. Па вэрсіі сьледзтва, агульная сума нанесенай шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджаныя 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шаломы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, урны, дрэвы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(22)