Общество
Ігар Карней, ”Радыё Свабода”

У БДУ забараняюць зьбіраць подпісы супраць скасаваньня льготаў

Палата прадстаўнікоў разгледзіць законапраект аб скасаваньні льготаў некаторым катэгорыям насельніцтва. З ініцыятывы Саўміну плянуецца адмяніць палажэньне, паводле якога дзеці да трох гадоў атрымлівалі лекі бясплатна. Рэвізія закране й навучэнцаў школаў, вучэльняў і студэнтаў ВНУ — у іх хочуць забраць 50-працэнтную зьніжку на праезд у грамадзкім і прыгарадным транспарце. Працягваецца й кампанія збору подпісаў супраць уладнай ініцыятывы. За працай адной з групаў у двары Белдзяржунівэрсытэту назіраў наш карэспандэнт.

Гэта быў той выпадак, калі ініцыятарам збору подпісаў не даводзілася доўга тлумачыць сутнасьці пытаньня. Студэнты самі скіроўваліся да людзей з падпіснымі тэчкамі:

Студэнт: “Калі адменяць ільготы, то ўдвая падаражэе праезд. І студэнтам з такой стыпэндыяй гэта проста ўдарыць па кішэні. Кіраўніцтва нашай дзяржавы заяўляе, што нібыта будуе сацыяльна арыентаванае грамадзтва. Але з такімі падыходамі зусім не падаецца, што гэта ўсё для людзей, каб ім было лепш”.

Карэспандэнт: “Стандартная стыпэндыя ў студэнтаў якая?”

Студэнт: “Сам я вучуся на платным аддзяленьні, але стыпэндыя ў БДУ каля 100—110 тысяч. Але яна лічыцца высокай у параўнаньні зь іншымі ўнівэрсытэтамі”.

Студэнт: “У гарадзкім транспарце мы звычайна і так “зайцамі” езьдзім, калі мэтро ня ўлічваць. Тым, хто езьдзіць мэтро, вядома, кепска. Але тое, што ў выходныя хочуць прыбраць зьніжкі на цягнікі, то гэта вельмі дрэнна.

Мы, прыкладам, географы — часта езьдзім, вандруем у той жа Віцебск ці Магілёў. Цяпер ільготны 7 тысяч рублёў, а будзе 15 тысяч. Гэта ўжо касьмічныя сумы, і ў такім разе будзем сядзець на месцы. Што да стыпэндыі, то яе на 5 тысяч паднялі, але калі павелічэньне адбудзецца, то гэтыя 5 тысяч не кампэнсуюць абсалютна нічога”.

Карэспандэнт: “Наколькі для вас такое падвышэньне можа быць істотным?”

Студэнтка: “Для менскіх, можа, і не асабліва адчуецца. Але вось іншагароднія адчуюць гэта вельмі. У нас зь іншых рэгіёнаў шмат народу, і для іх гэта будзе катастрафічна. Шмат у каго яшчэ і праблемы з інтэрнатам — незаселеныя, езьдзяць дадому, і таму самі ўявіце, як гэта вытрымаць”.

Пратрымацца зборшчыкам подпісаў супраць скасаваньня льготаў на праезд удалося крыху меней за гадзіну.

У суправаджэньні аднаго з кіраўнікоў унівэрсытэцкай суполкі БРСМ зьявіўся прадстаўнік службы бясьпекі БДУ і заявіў, што не дазволіць тварыць “безобразие” на тэрыторыі ВНУ.

Ахоўнік сказаў, што самадзейны збор подпісаў мае “зьдзеклівы характар” і параіў ладзіць акцыі за межамі БДУ. Бээрсээмавец падтрымаў калегу, удакладніўшы, што нельга выказваць нязгоду “шляхам заклейваньня плякатам сьцяны ўнівэрсытэту”.

Між тым, адна з ініцыятарак кампаніі збору подпісаў Валерыя Саўчанкава задаволеная першым днём кампаніі, прававую падтрымку якой аказаў Беларускі Хэльсынскі камітэт:

Саўчанкава: “У прынцыпе, было чакана, што нас прагоніць ахова — маўляў, гэта тэрыторыя ўнівэрсытэту. Зь іншага боку, гэта месца вялікага збору моладзі, і калі мы зьбіраем подпісы менавіта сярод моладзі, то дзе ж нам тады зьбірацца, як, прыкладам, ня тут?”

Карэспандэнт: “І колькі словаў пра першыя вынікі...”

Саўчанкава: “За гадзіну подпісаў — ну колькі? У адной толькі мяне ўжо пяць аркушаў. Так што болей за сто подпісаў сабрана. Народ рэагуе вельмі актыўна. Зь дзесяці сем чалавек рэагуюць, а тое і восем”.

Пра намер скасаваць ільготы спачатку заявілі ў апараце Саўміну, а 12 красавіка падчас сустрэчы з журналістамі гэта пацьвердзіў і Аляксандар Лукашэнка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)