«У байдарцы ды ў лазні ўсе роўныя — і банкір, і студэнт»
Гэтым разам у рубрыцы «Жыццё (не)звычайнага беларуса» мы пазнаёмім вас не з адным, а з чатырма героямі. Вітайце — гаспадары аграсядзібы «Тры Скрыпкі».
Фота аўтара
Аграсядзіба «Тры Скрыпкі», што на Мядзельшчыне, з’явілася адной з першых у краіне ў 2007 годзе. Пачыналася ўсё з традыцыйнай вясковай хаты з падворкам, потым гаспадары пачалі прапаноўваць сваім гасцям актыўны адпачынак — пешыя і роварныя вандроўкі, рыбалку і, нарэшце, сплавы па рэках на байдарках.
Карэспандэнт «Салідарнасці» выправіўся ў вёску Ляшчынск Мядзельскага раёна, каб пазнаёміцца з побытам сядзібы «Тры Скрыпкі», ды паспрабаваць сябе ў якасці весляра ў часе сплава па рэчцы.
«Сямейны аркестр»
Паводле сямейнай легенды назва ў сядзібы з’явілася так: сядзелі неяк за сталом Дзмітрый Скрыпка з сынамі Дзянісам ды Антонам, дый вырашылі распачаць сваю справу — заснаваць аграсядзібу. А паколькі надумаліся на гэта ўтрох, то сядзібу так і назвалі — «Тры Скрыпкі».
— Гэта наш такі сямейны міф, — патлумачыў Антон, малодшы з сыноў. — Насамрэч, наша мама Марыя грае ў нашым сямейным аркестры адну з галоўных роляў, дый і сам аркестр ужо стаў большы.
Фота аўтара
Дом, у якім месціцца сядзіба, мае даўнюю гісторыю. Пабудаваў яе на ўскрайку вёскі бацька Дзмітрыя Віктар. Даўней Скрыпкі жылі на хутарах, але пры саветах іх параскідалі, а людзей пазганялі жыць у вёску.
Калі ў Беларусі пачала дзейнічаць праграма развіцця агратурызму, Скрыпкі ўзялі крэдыт і пачалі абсталёўваць дзедаў дом.
Гаспадары пайшлі на кампраміс: хату зрабілі пад даўніну, нават шпалеры паздзіралі са сценаў, пры гэтым пайшлі насустрач звыклым да камфорту гараджанаў — правялі ваду, зрабілі прыбіральню і душавую кабіну.
Зрэшты, для тых, хто жадае поўнага паглыблення ў рамантыку вясковага жыцця, на вуліцы ёсць звычайная прыбіральня-шпакоўня.
«Бацька ў нас — загадчык гаспадаркай»
Абавязкі ў Скрыпак падзеленыя наступным чынам. Бацька сочыць за парадкам на падворку, рыхтуе для гасцей лазьні — іх у Скрыпак некалькі: традыцыйная беларуская лазня «па-чорнаму», сучасны варыянт з камінам і душам, а таксама паходная лазня-чум.
— Калі хто прыедзе да нас з купленым венікам, то бацька ў лазню не пусціць, — смяюцца браты.
Бацька сам робіць венікі, выкарыстоўваючы галінкі розных пародаў дрэваў, камбінуючы іх. Акрамя таго, гаспадар ловіць рыбу для стала, водзіць на рыбалку гасцей.
— Я не надта люблю сплавы на байдарках. Вы прыязджайце яшчэ, завяду вас з вудамі на возера, — паабяцаў Скрыпка-старэйшы.
— Адным словам, бацька ў нас — загадчык гаспадаркай, — патлумачыў Антон.
Дмітрый Скрыпка даглядае гаспадарку і ловіць рыбу, Марыя гатуе есці і вучыць гасцей пячы хлеб
Марыя Скрыпка любіць актыўны адпачынак, у тым ліку і сплавы па рэках, і не толькі беларускіх. Яна скончыла Мінскі інстытут замежных моваў (сучасны Лінгвістычны ўніверсітэт) і педагагічны інстытут імя Максіма Горкага (сучасны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка). Валоданне англійскай мовай прыдаецца, калі ў госці завітваюць замежнікі.
Гаспадыня гатуе стравы, сочыць за парадкам у хаце. Колькі год таму яна пачала пячы хлеб паводле сямейнага рэцэпта, як некалі пякла яе маці — без дрожджаў, на кляновых лістах.
— Цяпер гэта экзотыка не толькі для гарадскіх жыхароў, але і для нас саміх, — прызнаўся Антон.
Фота аўтара
Частуюць Скрыпкі так, што ўжо толькі дзеля гэтага сюды варта прыехаць: дранікі, мачанка, запечанае свіное калена, яечня, сялянская каўбаска — усяго не пералічыць.
Зрэшты, тут можна і самому навучыцца сяму-таму з вясковай кухні. Напрыклад, пячы хлеб.
Браты Дзяніс і Антон займаюцца актыўнай часткай адпачынку. Ладзяць пешыя і роварныя экскурсіі па маляўнічым наваколлі. І, канечне, сплавы па рэках. І не толькі мясцовых — па ўсёй Беларусі.
Ад студэнта да банкіра
Сплавамі па рэках Скрыпкі вырашылі заняцца каля пяці год таму. Тут прыдаўся досвед сыноў, якія навучыліся сплаўляцца на байдарках яшчэ студэнтамі. Так з’явіўся праект piroga.by, які на сёння прапануе сплавы па беларускіх рэках круглы год.
Большасць кліентаў Скрыпак — беларусы. Бываюць і замежнікі—расейцы, палякі, кітайцы, быў аднойчы госць з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.
— Ён займаўся сплавамі па акіяне, таму нашы рэчкі яго не здзівілі, як і камары з аваднямі. Некалькі дзён праплаваў па рэках, часта сам у ваду скакаў, каб асвяжыцца.
Апошнім часам каля паловы замоваў складаюць карпаратыўныя.
Іншая катэгорыя — зборныя сплавы. У такія групы могуць трапіць самыя розныя людзі: сем’і з дзецьмі, студэнты, людзі сталага веку.
— У нас усё пачынаецца з лазні. Людзі прыязджаюць, ідуць парыцца, потым вячэра, а на раніцу — сплаў. Гэта тонкі і важны момант, які збліжае незнаёмых дагэтуль людзей: у байдарцы і ў лазні ўсе роўныя — і банкір, і студэнт, ¬— расказаў Антон.
Цана пытання
— Любы прафесійны рыштунак каштуе дорага. Гэта датычыць усяго: лодак, намётаў, герметычных мяхоў, турыстычнай вопраткі, — патлумачыў Антон.
Па яго словах, байдаркі і каноэ вырабляюць у Заходняй Еўропе. Прывезці іх у Беларусь — нятанны занятак. У сярэднім байдарка ці каноэ каштуе ад тысячы даляраў.
Фота аўтара
З мясцовымі ўладамі Скрыпкі праблем не маюць:
— У нас ці не самае ліберальнае заканадаўства ў галіне агратурызму, нас ніхто не чапае. Можа таму, што пакуль не ўспрымаюць нас сур’ёзна, ці разумеюць, што мы робім карысную для раёна справу.
У Літве і Польшчы сплавы па рэчках — цэлая індустрыя, расказалі Скрыпкі. Сотні лодак, базы на ўласнай зямлі на берагах рэк.
Перавага беларусаў у сённяшніх умовах, як ні дзіўна, у адсутнасці прыватнай уласнасці на зямлю:
— Лодкі і рыштунак у нас такія самыя, як і ў літоўцаў з палякамі. А вось што іх да нас прыцягвае, дык гэта вялікая колькасць бязлюдных мясцінаў, магчымасць у большасці месцаў вольна выйсці на бераг. На Віцебшчыне ёсць мясціны, дзе можна плыць некалькі дзён і не пабачыць ніводнага чалавека, дзе нават няма сігналу мабільнай сувязі.
Крызіс нам дапаможа!
Скрыпкі не баяцца крызісу. На думку братоў, беларусы, магчыма, стануць менш ездзіць адпачываць за мяжу, але зусім ад адпачынку не адмовяцца. І гэта дае добрыя шанцы ўнутранаму турызму.
— Мы ад пачатку прапаноўвалі бюджэтны адпачынак, таму не баімся, што кліентаў стане менш, — патлумачылі браты.
Па іх словах, колькасна за апошні год групы сталі меншыя, але саміх групаў стала больш: «Свой аб’ём працы мы робім, як і рабілі».
Скрыпкі разумеюць, што ў новых варунках трэба быць больш гнуткімі, прыстасоўвацца да ўмоваў. Крызіс, на іх думку, дае ўнікальны шанец для развіцця бізнесу, у тым ліку турыстычнага:
— Калі беларусы пачнуць больш падарожнічаць па ўласнай краіне, то і бізнес адгукнецца, бо не можа нешта ўзнікнуць без попыту.
Што датычыць іх паслугаў, то кліенты сядзібы могуць выбіраць варыянты пад свой густ. Можна прыйсці ў Мінску на вызначанае месца з зубной шчоткай і зменай бялізны, і даехаць на аўто да месца адпачынку, атрымаўшы поўны пансіён.
А можна прыехаць з уласным рыштункам і прадуктамі, арандаваўшы каноэ і начлег.
«Мы ўжо спадзяёмся на сваіх дзяцей»
Улетку ў Скрыпак самы сезон: людзі едуць адпачываць на сядзібу, сплаўляцца на чаўнах, катацца на роварах.
— Бываюць дні, калі ўвечары ты гатовы ўпасці пад першым-лепшым кустом, каб паспаць хоць колькі гадзін, — прызналіся браты.
Жонкі братоў — Дзянісава Алеся і Антонава Кіра — з разуменнем ставяцца да гэтага.
— У нас сезонная праца, лета — самая гарачая пара. Мая жонка працуе доктарам, таму дапамагаць нам можа досыць рэдка, Дзянісава працуе ў турфірме, лета ў яе таксама занятае. Таму мы ўжо спадзяёмся на сваіх дзяцей, чакаем, калі падрастуць, — патлумачыў з усмешкай Антон.
А пакуль тое, Скрыпкі выношваюць новыя планы. Яны думаюць надбудаваць другі паверх на хаце. «Але так, каб не сапсавала аўтэнтычны выгляд».
— Наша мара — набыць квадрацыклы для вандровак. Для гэтага тут хапае палявых зацішных дарог. А якія краявіды ў нас! Хуткасць у квадрацыкла акурат такая, каб усё разгледзець.
Мясціны тут і праўда неверагодна прыгожыя. Ляшчынск месціцца між трох азёр — Нарач, Кузьмічы і Мядзел.
Таксама гаспадары хочуць арганізаваць пляцоўку для кемпінга:
— Часта людзі не ведаюць, дзе паставіць машыну. Мы можам адвесці пад такія мэты ўчастак. І для намётаў таксама. А на двары ў нас мангал ёсць, і альтанка.
Капітаны і матросы
Мне выпаў лёс упершыню сесці за вёслы на рэчцы Вузлянцы — сюды мяне з сябрамі прывезлі Скрыпкі на першы сплаў. Першы інструктаж, падзел на капітанаў і матросаў: першы сядзіць ззаду і кіруе чоўнам, другі — вяслуе і сочыць, каб лодка не наскочыла на схаваную ў вадзе перашкоду.
Фота Антона Скрыпкі
Антон паплыў з намі, каб падказваць, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. Дзяніс у гэты час выправіўся на аўто да канечнага пункта сплава, каб сустрэць нас падрыхтаваным на вогнішчы абедам.
— Калі ты ідзеш або едзеш па Беларусі, то ўспрымаеш убачанае зусім іначай, чым калі плывеш па рацэ. Гэта зусім іншы ракурс, іншыя перажыванні і ўражанні, — тлумачыў нам наконадні Антон галоўныя асаблівасці і перавагі рачных вандровак.
Гэтыя словы я прыгадаў ці не з першых метраў сплаву. Хоць, прызнаюся, першыя кіламетры даліся няпроста, і вельмі часта было не да любавання мясцовымі краявідамі.
Фота Антона Скрыпкі
Але першае, што адчуў увечары, згадваючы самыя напружаныя моманты, праглядаючы зробленае Антонам відэа — я хачу яшчэ!
Стала зразумела, чаму ў Скрыпак так багата сталых кліентаў.
Казік ды Юзік
За вячэрай пасля лазні прыйшоў час гісторый. Вось адна з іх.
Аднойчы Антон вырашыў арыгінальна павіншаваць з Новым годам сябра, які жыве ў Заслаўі. Начытаўшыся рамана Сяргея Пясэцкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», разам з іншым сябрам ён надумаўся прайсці з Ракава да Заслаўя былымі кантрабандысцкімі шляхамі.
Апрануліся, як Казік ды Юзік з «Народнага альбома»: адзін па-багатаму, нібы ён быў з Заходняй Беларусі, другі — прасцей, як беларус з савецкага боку. Абое абулі кірзаваыя боты.
Узялі з сабой «кантрабанду»: забароненую літаратуру (насамрэч, звычайныя кнігі ў якасці сапраўднага падарунка на Новы год), спірт (за адсутнасцю сапраўднага набылі пляшку «Белавежскай»).
— Ішлі па зорках, праз лясы і палі па пояс у снезе. Паколькі замест анучаў у нас былі шкарпэткі, то за дарогу панаціралі ногі да крыві. Гарэлку да сябра так і не данеслі — выпілі самі па дарозе, — прыгадаў свае прыгоды Антон.
Хлопцы ішлі ўсю ноч, у Заслаўе дабраліся раніцай. Стомленыя, але задаволеныя...
Варыянт сплаву з начлегам на прыродзе. Фота Антона Скрыпкі
Слухаючы гісторыю, я міжволі задумаўся, што на такія неардынарныя ўчынкі здатны далёка не кожны. Як і займацца ўласнай справай, што ў сённяшняй Беларусі вельмі блізка да авантуры. Цікава, у якой бы краіне мы сёння жылі б, каб такім людзям, як Скрыпкі, далі паўсюль зялёнае святло?
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное