Политика

Тышкевіч: «Штосьці мне падказвае, што беларускім чыноўнікам з новым кітайскім амбасадарам будзе цікава»

Аналітык — пра асобу, якая цяпер прадстаўляе Кітай у Беларусі.

— Новы кітайскі амбасадар ужо ў Беларусі. І гэта вельмі цікавая пэрсона, — піша Ігар Тышкевіч. 

Ігар Тышкевіч

Па-першае, узрост. Чжан Вэнчуаню 48 год (1976 году нараджэння), і ён тыповы прадстаўнік новага пакалення кітайскіх дыпламатаў. Тых, пра каго самі кітайцы кажуць, «яны раслі у час узмацнення Кітаю». Што азначае, не маюць лішніх сантыментаў да «вялікіх дзяржаў» — ці тое гэта ЗША ці тое гэта РФ.

У астатнім першасная адукацыя Чжан Вэньчуаня выглядае лагічна — Пекінскі ўніверсітэт. Пасля праца ў Цэнтральнаазійскім аддзеле МЗС. У часе якой ён абараняе дысертацыю па ўзбецкай махалле — гістарычнай форме самаарганізацыі жыхароў гарадоў Узбекістана.

Пасля прызначаецца дарадцам і намеснікам амбасадару ў згаданую дзяржаву. Прычым у час, калі Узбекістан пачаў актыўныя эканамічныя рэформы, трансфармаваўшы ўласную эканоміку меней, чым за 10 год. А паралельна пазбыўшыся дамінуючага ўплыву РФ на сваю ўнутраную ды знешнюю палітыку.

Наступны этап працы цяперашняга амбасадара КНР — «Дэпартамент кіравання замежнымі справамі». Гэта орган які аб’ядноўвае функцыі ўнутрыарганізацыйнай аналітыкі, каардынацыі і кантролю працы МЗС з Дзяржаўнай Радай ды кіраўніцтвам правінцый. А таксама орган адміністратыўнага кантролю дыпламатаў. У такім «парткаме МЗС» Чань Вэнчуань працаваў на пасадзе намесніка кіраўніка.

Амбасадар КНР у Беларусі Чжан Вэньчуань падчас уручэння копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Максіму Рыжанкову. 17 верасня 2024 года

І штосьці мне падказвае, што беларускім чыноўнікам з новым кітайскім амбасадарам будзе цікава, але і складана. Бо той не надта схільны падыгрываць дзядулям-функцыянерам у рэалізацыі іх амбіцый.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)